Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Добраахвотніцкая армія Эстоніі перарасла прафэсійную ў 4 разы. З-за Расеі


Красавік 2014 году. Амэрыканскія вайскоўцы прыбылі на адну з эстонскіх базаў
Красавік 2014 году. Амэрыканскія вайскоўцы прыбылі на адну з эстонскіх базаў

З таго часу, як Расея анэксавала частку Ўкраіны, сотні ўстрывожаных эстонцаў ўступілі ў шэрагі добраахвотніцкай арміі, паведамляе The Wall Street Journal.

У першым паўгодзьдзі туды завэрбавалі 600 чалавек — удвая больш, чым за той жа пэрыяд мінулага году. Цяпер у баявых частках «Лігі абароны Эстоніі» (Kaitseliit) налічваецца каля 14,5 тыс. чалавек. Для параўнаньня: колькасьць прафэсійнай арміі — каля 3,8 тыс. чалавек, — пішуць журналісты Чарльз Даксбэры і Лііс Кангсэп.

На думку аўтараў, прыток добраахвотнікаў — прыкмета таго, як зьнешняя палітыка Расеі нэрвуе жыхароў Усходняй Эўропы. Расьце папулярнасьць падобных ваенізаваных фармаваньняў у Літве, Польшчы і Латвіі.

«Kaitseliit» падпарадкоўваецца міністэрству абароны, сябры арганізацыі абавязаныя ў выпадку агульнанацыянальнага крызісу зьявіцца для выкананьня свайго абавязку«, — піша газэта.

«Я хачу абараняць маю радзіму, маю сям’ю, — сказаў 18-гадовы студэнт Кевін Унгро падчас перапынку ў занятках. — Чым больш людзей, якія ўмеюць абыходзіцца з агнястрэльнай зброяй, тым больш у нас шанцаў на самаабарону».

У лясах у ваколіцах Таліну трэніруюцца студэнты, лекары, топ-мэнэджэры і інжынэры. Журналісты назіралі, як яны адпрацоўвалі баявы манэўр «агонь і перамяшчэньне».

«Масква рэгулярна кажа пра неабходнасьць абараняць этнічна-рускія меншасьці ў суседніх дзяржавах», — адзначаюць аўтары. Кіраўнікі краін Балтыі асьцерагаюцца, што гэта можа стаць падставай для ваеннай агрэсіі.

У верасьні прэзыдэнт Абама наведаў Талін, каб запэўніць жыхароў краін Балтыі, што іх абарона ня менш важная, чым абарона Бэрліну ці Лёндану.

Брыгадны генэрал Мээліс Кіілі, кіраўнік добраахвотніцкай лігі, называе яе каштоўным дадаткам да эстонскага войска стрымліваньня. «Усе кажуць пра 5-ы артыкул статута НАТО, — заўважыў генэрал. — Для нас у Эстоніі адзін з найважнейшых артыкулаў — 3-ці, які абвяшчае, што кожная краіна адказвае за ўласную абарону».

Журналісты бачылі і такі момант навучальных заняткаў: 16 навабранцаў вучыліся ўціхамірваць вулічныя беспарадкі, інструктар аддаваў ім загад: «Ідзіце і арыштуйце таго чалавека ў зялёным».

Паводле сайту Inopressa.ru

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG