Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзьмітры Тымчук: Мы ўспрымаем Беларусь як хаўрусьніка Масквы


Дзьмітры Тымчук

Дзьмітры Тымчук

Шчырасьць заяваў Аляксандра Лукашэнкі можна ставіць пад сумнеў — лічыць кіраўнік цэнтру ваенна-палітычных дасьледаваньняў Дзьмітры Тымчук.

Аляксандар Лукашэнка ў інтэрвію каналу «Эўраньюс» заявіў, што гатовы аказаць міратворчую дапамогу ў вырашэньні расейска-ўкраінскага канфлікту.

«Беларусь — сябра АДКБ, кішэннага вайсковага блёку Крамля, у межах якога ўсе ініцыятывы каардынуюцца з Масквы. Для нас увогуле доўгі час было праблемай зразумець, ці будзе Беларусь пляцдармам для наступу расейскіх войскаў на Ўкраіну, калі вясной бачылі канцэнтрацыю расейскіх войскаў каля межаў на тэрыторыі Беларусі. Таму мы ўспрымаем Беларусь як хаўрусьніка Масквы, а не як нэўтральны трэці бок. Зразумела, што ў такіх умовах Беларусь ня можа праводзіць міратворчую апэрацыю», — лічыць ваенны аналітык.

Магчымасьць правядзеньня міратворчай апэрацыі можа ўзьнікнуць толькі пры выдачы адпаведнага мандата Радаю бясьпекі ААН. Дзьмітры Тымчук кажа, што такі мандат ня будзе выдадзены аніякай краіне:

«Расея, як сталы сябра Рады бясьпекі ААН, мае права вэта на любыя рашэньні гэтай структуры. І, вядома, яна будзе блякаваць любыя спробы правядзеньня міратворчай апэрацыі не яе сіламі. Зь іншага боку, калі Расея дамовіцца з Лукашэнкам і будзе высоўваць Беларусь у якасьці міратворцы, то Ўкраіна на гэта не пагодзіцца, бо апэрацыя будзе ў інтарэсах Расеі».

Экспэрт адзначыў, што ёсьць іншы варыянт правядзеньня міратворчай апэрацыі ва Ўкраіне — у рамках АДКБ.

«У статуце АДКБ прадугледжваецца такая магчымасьць. Але там указана, што краіны — сябры АДКБ праводзяць міратворчыя апэрацыі толькі на тэрыторыі адна адной, а на тэрыторыі краін — ня сябраў АДКБ могуць праводзіць толькі ў выпадку перадачы АДКБ мандата Рады бясьпекі ААН. Выходзіць, кола замыкаецца, бо такі мандат ня будзе выдадзены», — адзначыў аналітык.

XS
SM
MD
LG