Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Цэнтр Разумкова: Украіна не гатовая да міратворчых місій


Аляксей Мельнік

Аляксей Мельнік

Аляксандр Лукашэнка, заяўляючы пра гатовасьць да ўвядзеньня міратворчых сіл ва Ўкраіну, чарговы раз спрабуе палешыць свой імідж за кошт трагічнай для Ўкраіны сытуацыі, — лічыць падпалкоўнік запасу, удзельнік міратворчых апэрацый ААН, судырэктар праграм зьнешняй палітыкі і міжнароднай бясьпекі ўкраінскага аналітычнага цэнтру «Цэнтр Разумкова» Аляксей Мельнік.

«Ва ўсім кепскім ёсьць нешта добрае. Зараз украінскі крызіс стварае шмат магчымасьцяў уладам Беларусі для таго, каб палепшыць свой імідж у сьвеце і падкарэктаваць зьнешнепалітычны курс. Гэта мы назіралі, калі Лукашэнка прапанаваў Менск як пляцоўку для кансультацый паміж варагуючымі бакамі. Ініцыятыва, якую выказаў Лукашэнка цяпер, — з той жа сэрыі. Ваш прэзыдэнт разумее і спрабуе максымальна скарыстаць магчымасьці, якія дае трагічная для Ўкраіны сытуацыя. Я ўжо не кажу пра тое, што Беларусь спрабуе добра зарабіць у сувязі з эканамічнымі санкцыямі ў дачыненьне да Расеі», — кажа Аляксей Мельнік.

Аляксандр Лукашэнка ў інтэрвію каналу Эўраньюз заявіў, што гатовы аказаць міратворчую дапамогу:

«Калі трэба — а гэта для мяне вельмі небясьпечная і страшная рэч, — калі ёсьць недавер Расеі да Захаду і Захаду да Расеі, Амэрыкі да Расеі і Расеі да Амэрыкі, і ёсьць недавер ваюючых бакоў, то я гатовы быў бы выкарыстоўваць і свае ўзброеныя сілы для таго, каб разьвесьці канфліктуючыя бакі», — сказаў Аляксандр Лукашэнка.

Аляксей Мельнік: «Цяжка сказаць, ці гэта ініцыятыва выключна Лукашэнкі, ці заяве папярэднічалі нейкія кансультацыі. Пазыцыя ўкраінскай улады на сёньня такая: Україна пакуль не гатовая да вайсковай міратворчай місіі на сваёй тэрыторыі. Найперш таму, што ёсьць сур’ёзныя перасьцярогі, што гэтымі міратворцамі стануць расейскія вайскоўцы. Гэта прывядзе да замарожанага канфлікту накшталт прыднястроўскага ці паўднёваасецінскага, дзе прысутнасьць расейскіх міратворцаў на доўгі час адсякае гэтыя тэрыторыі ад кантролю і ідэі ўзнаўленьня міру».

Аляксей Мельнік, які сам браў удзел у міратворчых апэрацыях у складзе ўкраніскіх вайсковых фармаваньняў, лічыць, што нагодай для нечаканай заявы Аляксандра Лукашэнкі стала сытуацыя, у якой абсалютна відавочна, што ёсьць вялікія праблемы з рэалізацыяй мандата міратворчай місіі, якая ўскладзеная на АБСЭ.

«Абвінавачваньні гучаць з абодвух бакоў, і можна зрабіць выснову, што гэтая задача непасільная для АБСЭ. Прынцып нэўтральнасьці — гэта адзін з ключавых прынцыпаў міратворцы, інакш такая місія вырачаная на правал. Міжнародныя міратворчыя місія камплектуюцца пад эгідай ААН з шырокага пераліку краінаў. Аб’яўляецца конкурс і варагуючыя бакі абіраюць такія краіны, якія лічаць да сябе сяброўскімі. Беларусь можа ўспрымацца абодвумі бакамі калі не як сяброўская, то дакладна як мінімальна канфліктная», — лічыць Аляксей Мельнік.

XS
SM
MD
LG