Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Навукоўцы вызначылі месца і час нараджэньня ВІЧ


Калектыў дасьледнікаў пад кіраўніцтвам Нуна Фарыі з Оксфардзкага ўнівэрсытэту атрымаў гэтыя вынікі, дасьледаваўшы ўзор вірусу імунадэфіцыту чалавека, атрыманы з узораў крыві, узятых у горадзе Кіншаса (сталіца Дэмакратычнай рэспублікі Конга) у 1959 годзе.

Правёўшы філагеаграфічны аналіз гэтага і іншых узораў вірусу, дасьледнікі ўстанавілі: Кіншаса 1920-х гадоў зьяўляецца гэтым самым месцам. Адсюль ВІЧ пачаў сваё падарожжа па іншых краінах і кантынэнтах.

Нягледзячы на тое, што першае апісаньне вірусу імунадэфіцыту чалавека зьявілася ў 1983 годзе, навукоўцам было ясна – паўстаў ён значна раней. Адзін з удзельнікаў дасьледаваньня, прафэсар Жак Пепа (Шэрбруцкі ўнівэрсытэт, Канада), паведаміў «Ленце.Ру»: «Вывучэньне гісторыі ўзьнікненьня і распаўсюджаньня вірусу, зразумела, ніяк ня можа паўплываць на цяперашнюю сытуацыю і на далейшае распаўсюджаньне ВІЧ-інфэкцыі. Тым ня менш, для нас было важным даведацца, як менавіта 70 мільёнаў чалавек па ўсім сьвеце, палова зь якіх ужо мёртвыя, заразіліся ВІЧ-інфэкцыяй».

Філагеаграфічны аналіз вірусу з Кіншасы паўвекавой даўніны, а таксама яго параўнаньне зь вірусамі зь іншых краін (Рэспубліка Конга, Камэрун, Габон), дазволіў навукоўцам зрабіць шэраг важных высноў.

Дасьледнікі пацьвердзілі гіпотэзу аб тым, што ВІЧ паўстаў з прычыны перадачы чалавеку вірусу імунадэфіцыту малпаў. Менавіта гэты вірус, носьбітамі якога зьяўляліся шымпанзэ з паўднёва-ўсходняй часткі Камэруну, найбольш блізкі да ВІЧ групы М – прычыны больш за 90 працэнтаў выпадкаў інфэкцыі. У 1920 вірус трапіў у сталіцу Бэльгійскага Конга – горад Леапольдвіль (сучасная Кіншаса), а адтуль, праз 17 гадоў, – у Бразавіль, сталіцу Рэспублікі Конга (тады цэнтральнага гораду Францускай Экватарыяльнай Афрыкі). Да пачатку 1940-х гадоў вірус трапіў у гарады Лубумбашы і Мбужы-Маі (Дэмакратычная рэспубліка Конга). Яго асноўнымі «сродкамі перамяшчэньня» былі рэкі і чыгунка.

Прычынай успышкі пандэміі ВІЧ-інфэкцыі ў 1960-х гадах, на думку навукоўцаў, стала актыўнае разьвіцьцё прастытуцыі ў рэгіёне, а таксама, як ні дзіўна, спробы ўладаў змагацца супраць іншых захворваньняў: людзям рабілі прышчэпкі і ўколы, не зьвяртаючы ўвагі на стан шпрыцоў.

XS
SM
MD
LG