Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сяргей Кароль: Пратэсты ў Ганконгу падобныя да Плошчы-2006


Мянчук Сяргей Кароль, які ўжо трэці год жыве і працуе ў Ганконгу, распавёў Радыё Свабода, як там патрабуюць свабоды і дэмакратыі.

«Стала вядома, што супрацоўнікі паліцыі дастаўляюць у будынак ураду гумовыя кулі. Пратэстоўцы гэтым вельмі абураныя, і сытуацыя можа стаць больш напружанай. Частка дэманстрантаў пагражае акупаваць будынкі ўраду, калі кіраўнік ня сыдзе. Мірны этап пратэстаў, на жаль, можа хутка скончыцца», — такое паведамленьне прыйшло ад Сяргея праз WhatsApp а 13-й гадзіне менскага часу.

Яшчэ за гадзіну да таго, калі адбывалася наша размова, сытуацыя на вуліцах Ганконгу выглядала цалкам спакойна. Аднак ужо тады наш суразмоўца папярэджваў, што ўсё можа памяняцца ў любы момант.

— На вуліцах вельмі спакойна. Цэнтральныя вуліцы пустыя, на іх няма трафіку аўтамабіляў, яны занятыя дэманстрантамі. Колькасьць дэманстрантаў у нецэнтральных раёнах зьменшылася, але ў цэнтральных, побач з будынкам ураду Ганконгу, яны ёсьць у вялікіх колькасьцях. Паводзяць яны сябе вельмі цывілізавана. І выглядае, што ўсе ганконгцы іх падтрымліваюць. Людзі ідуць у краму ці на працу і вітаюць пратэстоўцаў, шмат хто карыстаецца жоўтымі стужачкамі як сымбалем падтрымкі.

Сяргей Кароль

Сяргей Кароль

— Якія патрабаваньні выстаўляюць пратэстоўцы?

— Галоўнае патрабаваньне цяпер — гэта адстаўка кіраўніка ўраду. Але пакуль няма ніякіх прыкметаў таго, што ўрад на гэта пойдзе. Да яго вельмі даўнія прэтэнзіі. Здаецца, што ў ганконгцаў зьніклі ўсе сантымэнты наконт таго, што кіраўнік уладаў Ганконгу ўвасабляе іх абарону ад ціску ўраду Пэкіна.

Па-кантонску яны называюць цяперашняга кіраўніка Сі Уай Люн, і ён вельмі непапулярны. Зь першых дзён пры ўладзе ён увасабляе ў сабе ўсё тое, чаго ня любяць дэмакратычныя ганконгцы. Ён увасабляе голас Пэкіна, яго бачаць як марыянэтку Пэкіна, і гэта сымбаль пэкінскага ціску на Ганконг.

Але больш значны прадмет незадаволенасьці, з чаго, уласна, і пачалася дэманстрацыя, — гэта адмова Пэкіна зрабіць выбары ў 2017 годзе прамымі.

Ганконг далучыўся да Кітаю ў 1997 годзе. Да таго часу ён быў калёніяй Вялікабрытаніі амаль 150 год. Адна зь перадумоваў аб’яднаньня Кітая была ў тым, што прынцып «адна краіна — дзьве сыстэмы» гарантуецца Пэкінам да 2057 году. У рамках гэтага прынцыпу адна з умоваў — што ў 2017 годзе адбудуцца першыя агульныя выбары кіраўніка ганконгскага ўраду. У гэтым годзе ўрад Пэкіна некалькі разоў публічна і вельмі рэзка заявіў, што ня пойдзе на простыя выбары, а захаваецца сыстэма выбараў кіраўніка ўлады празь нешта накшталт рады выбарцаў. Вядома, што сама гэтая рада не абіраецца наўпрост, і ў гэтым працэсе будзе вялікі ўплыў пэкінскага ўраду. Менавіта з гэтай заявы пачаліся пратэсты.

— Ганконгскім пратэстам ужо прыпісалі назву «рэвалюцыя парасонаў», і агулам падаецца, што гэта вельмі глябалізаваная зьява. Пратэстоўцы выкарыстоўваюць слоган Occupy, яны ўжываюць жэст, які стаў адзнакай антырасавых пратэстаў у Фэргюсане, яны сьпяваюць песьню з «Адрынутых» (Les Misérables) Тома Хупэра. Ці можна параўноўваць гэтыя пратэсты з тымі, што адбываюцца ў апошнія гады ў іншых пунктах сьвету?

— У пэўным сэнсе ўсё гэта мае агульную форму. Сам слоган Occupy пачаўся з ЗША, калі падчас фінансавага крызісу людзі акупавалі Wall Street. І потым гэта распаўсюдзілася, і цяпер ёсьць Occupy амаль у кожным горадзе. Шмат слоганаў на ангельскай мове. Турысты таксама расьпісваюцца на сьценах, і пратэстоўцы гэтага чакаюць і вітаюць гэта.

У іх няма тых праблемаў, якія мы назіраем у беларускай апазыцыі. Калі ёсьць рух, усе ўдзельнічаюць у гэтым руху. У іх узьнікае амаль групавы мэнталітэт

Мне здаецца, што гэта ўсё ж мясцовы фэномэн. Усе пратэстоўцы — ганконгскія кітайцы. Увесь гэты рух — выключна на кантонскай мове. Ён мае вельмі мясцовыя характарыстыкі. Гэта відаць нават па тым, як яны арганізаваныя. Гэта вельмі кітайскі фэномэн. Калі кітайцы, асабліва паўднёвыя кітайцы з правінцыі Гуандун і з Ганконгу, вырашылі нешта зрабіць як група, яны гэта будуць рабіць як група. У іх няма тых праблемаў, якія мы назіраем у беларускай апазыцыі. Калі ёсьць рух, усе ўдзельнічаюць у гэтым руху. У іх узьнікае амаль групавы мэнталітэт. Гэтым тлумачыцца ўзровень арганізаванасьці і цывілізаванасьці гэтых пратэстаў.

Ну і, вядома, гэта мясцовая праблема. У іх няма глябальных патрабаваньняў. Гэта патрабаваньні абсалютна ганконгскія, яны выкліканыя адмысловым статусам гэтага гораду і тым, што людзям падаецца, што гэтаму статусу засталіся апошнія дні.

— Як арганізаваныя пратэсты? Ці выглядае гэта як намётавы лягер? Чым людзі займаюцца на вуліцах?

— Ёсьць нейкая частка людзей, якія заўсёды там, якія амаль «прафэсійна» гэтым займаюцца. У асноўным гэта студэнты. Іншыя прыходзяць і сыходзяць. Напрыклад, мае супрацоўнікі пасьля офісных гадзінаў пайшлі на пратэст. Адзін супрацоўнік мне пасылаў СМС-ы пасярод ночы.

Самі пратэстоўцы паводзяць сябе вельмі мірна — сядзяць ці ляжаць. У іх ёсьць мэгафоны, часам яны робяць прамовы.

Амаль усе пратэстоўцы ў пэўнай ступені валянтэры. Я бачыў шмат дзяўчат з мэдычнага інстытуту ў белых халатах з чырвонымі крыжамі, яны аказваюць першую дапамогу. Студэнты-інжынэры робяць барыкады, для якіх ужываюць паліцэйскія загародкі. На іх абавязкова лёзунгі, транспаранты і сымбалі руху.

У пратэстоўцаў ёсьць на гугле сайт на кантонскай мове. На ім можна знайсьці ўсю інфармацыю: што ім трэба, што ўжо ёсьць, хто яшчэ што прынясе. Выглядае, што ўсё гэта арганізуецца праз інтэрнэт, сацыяльныя сеткі і мабільную сувязь. Гараджан заклікаюць дапамагаць зь ежай. Я таксама перад нашай размовай аднёс ім ежы і прыпасаў. Усё гэта яны вельмі арганізавана складаюць у абсалютна такія ж плястыкавыя торбы, якія выкарыстоўвалі беларускія мяшочнікі ў 90-я.

— Як улада рэагуе на пратэст?

—У нядзелю паліцыя зрабіла моцны па мясцовых стандартах налёт, выкарыстоўваючы сьлезацечны газ. Гэта выклікала абураную рэакцыю грамадзтва. Тут не было разгонаў пратэстаў з 1967 году. Вядома, па беларускіх мерках гэта было ня вельмі брутальна. Але па мясцовых — досыць жорстка. Пасьля ўрад выкарыстаў іншую тактыку. Яны амаль цалкам прыбралі паліцыю з вуліцаў.

— Ці можа Пэкін задзейнічаць войска, каб здушыць пратэсты?

— Войскі Кітая ўжо з 1997 году разьмяшчаюцца ў Ганконгу ў былых казармах брытанскіх войскаў. Паводле дзейнага заканадаўства ім забаронена пакідаць свае казармы, і яны ня могуць вольна перасоўвацца. Але яны ёсьць, і ў вялікіх колькасьцях. У інтэрнэце нават ёсьць фатаздымкі вайсковай тэхнікі, якая ў пэўным кірунку перасоўвалася па тэрыторыі гораду. Так што кажуць, што магчыма. Але здаецца, што гэтым часам стратэгія Пэкіна — перачакаць. Надвор’е, сэзон дажджоў, у іх ёсьць спадзеў, што энэргія пратэстоўцаў пойдзе на спад.

— Ці бясьпечна цяпер знаходзіцца ў Ганконгу?

— У Ганконгу цяпер абсалютна бясьпечна. Але вядома, што такія акцыі ў любы момант могуць стаць небясьпечнымі. Калі ўрад прыме рашэньне зруйнаваць гэтую плошчу, то, вядома, з боку дэманстрантаў будзе адказ. Але пакуль вельмі бясьпечна. Усё працуе. Нармальнае жыцьцё вакол. Літаральна за дзьве хвіліны ад дэманстрацыі адчыненыя крамы, рэстараны, людзі ходзяць у офіс. І ў іншых раёнах гораду ўражаньне такое, што нічога не зьмянілася.

— Ці нагадваюць вам пратэсты ў Ганконгу менскія падзеі?

— Мне здаецца, што гэта вельмі падобна да Плошчы-2006. Плошча-2010 была больш накіраваная на моцны супраціў. Тут, у Ганконгу, усё больш мірна і ветліва. Пакуль гэта выглядае тут як фэст.

Пратэсты ў Ганконгу, якія ў заходніх СМІ часта называюць «рэвалюцыяй парасонаў», пачаліся ў верасьні. Арганізатары акцыі Occupy Central патрабуюць правесьці ў 2017 годзе ў Ганконгу прамыя выбары кіраўніка адміністрацыі, якога дагэтуль прызначала падкантрольная Пэкіну калегія выбарцаў. Улады Кітаю нядаўна зацьвердзілі працэдуру, згодна зь якой жыхары Ганконгу могуць самі аддаць галасы за аднаго зь некалькіх кандыдатаў. Але прапаноўваць і зацьвярджаць прэтэндэнтаў будзе тая самая калегія выбарцаў. Дэманстранты адпрэчваюць гэты варыянт, заявіўшы, што іх задавальняе толькі варыянт поўнай дэмакратызацыі выбараў, які быў прадугледжаны пагадненьнем аб перадачы Ганконгу пад сувэрэнітэт КНР у 1997 годзе.

XS
SM
MD
LG