Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Уладзімер Някляеў: «Настроі ў грамадзтве — абы не было вайны»


Уладзімер Някляеў, архіўнае фота

Уладзімер Някляеў, архіўнае фота

Рух «За свабоду», кампанія «Гавары праўду», Партыя БНФ пры падтрымцы БСДП (Грамада) і аргкамітэту па стварэньні Партыі свабоды і прагрэсу перадалі ў Палату прадстаўнікоў 50 тысяч подпісаў беларусаў у падтрымку «Народнага рэфэрэндуму». Зараз дэпутаты маюць прыняць рашэньне, як рэагаваць на народную ініцыятыву.

50 тысяч подпісаў грамадзян за правядзеньне «Народнага рэфэрэндуму» ініцыятары зьбіралі больш за год у розных рэгіёнах Беларусі. Перад тым як выправіцца да Палаты прадстаўнікоў з падпіснымі лістамі, лідэр кампаніі «Гавары праўду» Ўладзімер Някляеў патлумачыў мэту акцыі:

«Узгадайце сытуацыю 2010 году — яна кардынальна адрозьнівалася ад сёньняшняй: грамадзтва было настроенае калі не радыкальна, то бадзёра. І што, падтрымала апазыцыю гэткім чынам настроенае грамадзтва? Факты кажуць, што не. І зараз настроі беларускага грамадзтва коратка можна cфармуляваць гэтак: абы не было вайны. Што прапанаваць грамадзтву з такімі настроямі? Таму і быў прапанаваны рэфэрэндум. Менавіта з гэтай прычыны — як шлях мірных пераменаў. І глядзіце, менш як за два гады, паводле незалежных дасьледаваньняў, яго падтрымлівае амаль палова грамадзян Беларусі — гэтулькі, колькі мае і ўлада. Калі гэта ня посьпех, то што гэта?»

Прапанаваныя на рэфэрэндум пытаньні тычацца адукацыі, аховы здароўя, рэальнага забесьпячэньня замацаванага ў Канстытуцыі імкненьня Рэспублікі Беларусь да нэўтралітэту, сапраўды дзейснага і дэмакратычнага мясцовага самакіраваньня, эканамічнай інтэграцыі з Эўразьвязам і мэханізму прыватызацыі. На сёньня гэта — найактуальнейшыя пытаньні для ўсяго беларускага народу, кажа старшыня партыі БНФ Аляксей Янукевіч:

«Можна сказаць, што кампанія „Народнага рэфэрэндуму“ — адна з важных формаў палітычнага дзеяньня па прадухіленьні агрэсіі з боку Расеі па абароне беларускай незалежнасьці. Аляксандар Лукашэнка сёньня не зьяўляецца гарантам незалежнасьці. А каб такім гарантам сталася грамадзтва, яно павінна стаць суб’ектам палітычнага жыцьця. І праз кампанію „Народнага рэфэрэндуму“ мы гэтаму спрыяем».

Усьлед за подпісамі кожнаму дэпутату будзе накіраваны зварот з заклікам скарыстацца законнымі паўнамоцтвамі дэпутата Палаты прадстаўнікоў, каб голас грамадзянаў, якія падтрымалі ініцыятыву, быў пачуты заканадаўчым органам улады. Ініцыятары рэфэрэндуму маюць таксама асабіста сустрэцца з кожным з дэпутатаў. У сяброў кампаніі «Народны рэфэрэндум» няма пэўнасьці наконт рэакцыі ўладаў на гэту ініцыятыву, а пра магчымы вынік гаворыць Юрась Губарэвіч:

«У нейкі момант мы прыйдзем да сытуацыі, калі ўлада будзе вымушаная рэагаваць на настроі грамадзтва. Бываюць розныя пэрыяды ў гісторыі кожнай дзяржавы. Улада таксама не маналітная, і захаваньне сябе — нават фізычнае — патрабуе ад улады ісьці на нейкія саступкі і рэформы. Мы прапануем шлях гэтых рэформаў, які адкрыты і падтрыманы грамадзтвам».

Скрыні з падпіснымі лістамі ў падтрымку «Народнага рэфэрэндуму» ў Палату прадстаўнікоў асабіста перадалі лідэр кампаніі «Гавары праўду» Уладзімер Някляеў, партыі БНФ — Аляксей Янукевіч і адзін зь лідэраў руху «За Свабоду» Юрась Губарэвіч. Лісты прыняў кіраўнік аддзелу па працы са зваротамі грамадзян Віктар Сазон.

1. Ці згодныя вы, што ў дзяржаўных установах адукацыі і аховы здароўя ўсе паслугі грамадзянам Беларусі павінны аказвацца бясплатна?

2. Ці згодныя вы, што кіраўнікі выканкамаў гарадоў, раёнаў, абласьцей павінны абірацца прамым галасаваньнем грамадзян?

3. Ці падтрымліваеце вы курс на эканамічную інтэграцыю, асацыяцыю і стварэньне бязьвізавай прасторы з Эўрапейскім Зьвязам?

4. Ці згодныя вы, што дзеля забесьпячэньня нэўтральнага статусу Беларусі ў краіне павінна быць забаронена разьмяшчэньне замежных вайсковых аб’ектаў, ядзернай зброі, а беларускія вайскоўцы не павінны несьці службу за мяжой?

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG