Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Анатоль Міхайлаў: Маё знаходжаньне на пасадзе рэктара ЭГУ вельмі зацягнулася


Анатоль Міхайлаў

Анатоль Міхайлаў

З чым зьвязаныя перастаноўкі ў кіраўніцтве ЭГУ, якія перамены чакаюць унівэрсытэт і якія наступства будзе мець канфлікт адміністрацыі і выкладчыкаў?

Пра гэта ў інтэрвію Радыё Свабода распавёў прэзыдэнт ЭГУ Анатоль Міхайлаў.

Спэцыяліст у галіне нямецкай філязофіі, акадэмік Анатоль Міхайлаў, які быў адным з заснавальнікаў ЭГУ ў 1992 годзе, займаў пасаду рэктара ўнівэрсытэту 22 гады. Але апошнім часам імя Міхайлава было зьвязанае з шматлікімі скандаламі ў ЭГУ. Яго абвінавачвалі ў аўтарытарызьме і акадэмічных рэпрэсіях супраць выкладчыкаў, нязгодных з палітыкай кіраўніцтва ЭГУ. На фоне гэтага 30 верасьня было абвешчана, што Міхайлаў пакідае пасаду рэктара і цяпер будзе займаць новаствораную пасаду прэзыдэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

— З чым зьвязаная ваша адстаўка з пасады рэктара ЭГУ? Ці даўно было прынята гэтае рашэньне?

— Я досыць даўно марыў пра гэта. Сытуацыя была фарсіраваная тымі падзеямі, якія адбыліся: да нас прыехаў прафэсар Дэвід Полік — высокі прафэсіянал у сфэры кіраваньня такімі ўстановамі, як невялікі ўнівэрсытэт гуманітарнага профілю. Мой тэрмін знаходжаньня на гэтай пасадзе сканчаўся ў 2016 годзе, але калі ёсьць магчымасьць хоць у нейкай ступені паспрыяць больш прафэсійнаму мэнэджмэнту ўнівэрсытэту, то я вырашыў яе скарыстаць. Да таго ж гэтае рашэньне прымалася нашым вышэйшым органам — Кіраўнічай радай.

Цяпер мы абвяшчаем адкрыты конкурс на пасаду рэктара. Конкурс будзе абвешчаны ў друку, у тым ліку ў Эўропе і ЗША, і гэты працэс будзе праходзіць абсалютна транспарэнтна.

— Навошта спатрэбілася новая пасада ў структуры кіраўніцтва ЭГУ — прэзыдэнта ўнівэрсытэту? Што будзе ўваходзіць у вашы абавязкі?

— Пасада прэзыдэнта (я падкрэсьліваю, што гэта рашэньне Кіраўнічай рады) уводзіцца для таго, каб паспрабаваць захаваць тую пераемнасьць, якая была на працягу многіх гадоў створана ў рамках тых кантактаў, якія мае наш унівэрсытэт у Эўропе і Амэрыцы, дзеля таго каб перадаваць гэтыя кантакты ўжо будучаму магчымаму рэктару. Гэтыя кантакты нельга абарваць, яны важныя для ўнівэрсытэту. І таму гэтая пасада ўведзеная часова, яна не назаўсёды, для таго каб быў момант пераходнага пэрыяду.

— То бок ніякай кіраўнічай ролі ў ЭГУ вы цяпер выконваць ня будзеце?

— Новы мэнэджмэнт, кіраваньне ўсімі працэсамі ўжо пачалося, і я ў некаторых зь іх ужо ня ўдзельнічаю. Я ўжо дастаткова насыціўся гэтымі відамі працы. І калі я бачу, што побач знаходзіцца чалавек, які ўмее гэта рабіць лепш, чым я, і гэта робіцца на карысьць нашага праекту, я з задавальненьнем выкарыстоўваю гэтую магчымасьць. Я паўтараю: цяпер я буду ў асноўным падтрымліваць кантакты, якія склаліся на працягу многіх гадоў.

— А ці будзеце вы пры гэтым сябрам Кіраўнічай рады?

— Так. У межах новага статуту я захоўваю гэтую пазыцыю. І рэктар, і прэзыдэнт зьяўляюцца сябрамі Кіраўнічай рады.

— Ці азначаюць перастаноўкі ў кіраўніцтве ЭГУ новы курс унівэрсытэту? Якіх перамен яшчэ трэба чакаць?

— Курс, напрамак руху, ніколі не павінен быць абсалютна жорсткі. Мы жывём у дынамічным сьвеце, шмат што зьмяняецца. Плюс да таго наш праект ствараўся ў неспрыяльнай сытуацыі: у Беларусі багатага гумусу для гуманітарных дысцыплін не было — перш за ўсё з прычыны панаваньня ідэалёгіі на працягу доўгага часу. Я лічу, што многае з таго, што цяпер адбываецца ў Беларусі, зьяўляецца сьведчаньнем наіўнасьці стану нашага мысьленьня, якое зьвярнулася да надзвычай цяжкіх працэсаў трансфармацыі посттаталітарнага грамадзтва. Сацыяльна-гуманітарныя веды — гэта тая сфэра, якая, зразумела, не дае ўнівэрсальных адказаў на цяжкія пытаньні грамадзтва, але ў гэтай сфэры трэба валодаць большай кампэтэнцыяй. Гэтай кампэтэнцыі не было.

Таму я ня думаю, што гэта будзе новы курс унівэрсытэту. Але нам трэба разумець, што ў сфэры гуманітарнай адукацыі ў цэлым у сьвеце, а тым больш у постсавецкай прасторы, створана так шмат праблем, што часам мы знаходзімся на парозе дыскрэдытацыі адукацыі. Таму ад нас патрабуецца вельмі высокае напружаньне для таго, каб забясьпечыць высокую якасьць адукацыі. Тут вельмі шмат працы.

— А якія зьмены прадугледжвае новы варыянт статуту ЭГУ?

Калі выкладчыкі вахтавым мэтадам прыяжджалі сюды і зьяжджалі, рэальнае жыцьцё ўнівэрсытэту з паседжаньнямі, дыскусіямі, палемікай не магло існаваць

— Зьмены ў статуце адпавядаюць імкненьням уцягнуць максымальную колькасьць усіх выкладчыкаў у актыўны ўдзел у адукацыйным працэсе і ў працэсе кіраваньня ўнівэрсытэтам. Трэба пагадзіцца з тым, што ў рамках ранейшай разарванасьці, калі выкладчыкі вахтавым мэтадам прыяжджалі сюды і зьяжджалі, рэальнае жыцьцё ўнівэрсытэту з паседжаньнямі, дыскусіямі, палемікай не магло існаваць. Цяпер было вырашана, абапіраючыся на досьвед Кэмбрыджа і Оксфарда, зрабіць у сэнаце прадстаўніцтва ўсіх тых выкладчыкаў, якія маюць нагрузку мінімум 0,75 стаўкі. Такім чынам, няма неабходнасьці займацца выбіраньнем кагосьці, а трэба ўсіх уцягнуць.

— То бок гэта зьмены ў напрамку пашырэньня акадэмічнага самакіраваньня?

— Так.

— Як вы ацэньваеце вынікі сваёй працы на пасадзе рэктара ЭГУ? Што вы лічыце сваім галоўным посьпехам і што — галоўнай няўдачай?

— Праект быў ад самага пачатку вельмі цяжкі. Я ня ведаю іншага праекту ў Эўропе, які б сутыкнуўся з такімі выклікамі. Ужо ў 1997 годзе, праз 5 гадоў пасьля стварэньня ўнівэрсытэту, я падаў заяву аб адстаўцы, таму што лічыў, што гэты праект утрымаць на плыву амаль немагчыма. Але гэта ўдалося зрабіць. Я лічу, што самы галоўны посьпех — гэта тое, што праект удалося захаваць. А вось няўдачы... Зразумела, заўсёды можна было зрабіць нешта лепш.

Наагул я хачу сказаць, што маё знаходжаньне на гэтай пасадзе вельмі зацягнулася. Таму нейкае адчуваньне палёгкі я хацеў бы атрымаць.

— У гэтым годзе паміж кіраўніцтвам ЭГУ і часткай выкладчыкаў разгарэўся гучны канфлікт. Як вы пракамэнтуеце гэты канфлікт і якія наступствы, на ваш погляд, будзе мець ён для ЭГУ?

— Сумна, што быў штучна створаны такі канфлікт. Усім нам трэба знайсьці ў сабе сілы, мужнасьць і гатоўнасьць да супрацоўніцтва і менш прад’яўляць прэтэнзіі іншым. Гэта сьмешна — абвінавачваць адміністрацыю ў зламыснасьці, што яна толькі і думае, як загубіць праект. А калі гавораць пра камэрцыялізацыю нашага ўнівэрсытэту? Гэта поўны абсурд, гэта не адпавядае рэальнасьці! Сёньня студэнцкія паступленьні складаюць толькі 14% бюджэту ЭГУ — гэта мізэрна мала!

Мы ў гасьцях, нас запрасіла Літва, нам дапамагаюць, а раптам бачаць, што мы нават ня можам знайсьці ў сабе сілы і мужнасьць для ўзаемадзеяньня

Канфлікт мае трывожныя наступствы ня толькі для ўнівэрсытэту, але і для самой Беларусі. Мы ў гасьцях, нас запрасіла Літва, нам дапамагаюць, а раптам бачаць, што мы нават ня можам знайсьці ў сабе сілы і мужнасьць для ўзаемадзеяньня. Нам усім трэба вынесьці з гэтага ўрокі і не злоўжываць падтрымкай донараў, той падтрымкай, якая нам аказваецца, і не пагаршаць сытуацыю, якая і без таго досыць неспрыяльная.

— Гэты канфлікт паўплываў на вашу адстаўку?

— Я думаю, што ў нейкі момант любая структура павінна пераходзіць у іншую фазу свайго разьвіцьця, у іншы рэжым. Я паўтараю: я мог заставацца да 2016 году. Ніхто мяне да гэтага не прымушаў. Але Кіраўнічая рада даўно і добра ведае, што вытрымліваць такі рытм жыцьця — гэта каштуе вялікіх намаганьняў. Я ўжо немалады і не гатовы класьціся касьцьмі да апошняга моманту. У любым выпадку я лічу, што рашэньні, якія былі прынятыя Кіраўнічай радай, — гэта былі вельмі патрэбныя і карысныя рашэньні ў патрэбны момант. Яны насамрэч прасілі мяне застацца і ў Кіраўнічай радзе (гэта таксама вельмі важна), і на пасадзе прэзыдэнта — а гэта не дэкаратыўная пасада.

— Між тым ёсьць пункт гледжаньня, што ваша адстаўка — непасрэдны вынік гэтага канфлікту...

— Я не гатовы камэнтаваць чуткі. Дрэнна, што наша энэргія траціцца не на тое, што нам неабходна. Гэта сумна.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG