Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Латвія можа спыніць выдачу відаў на жыхарства грамадзянам РФ


Сэйм Латвіі сёньня падтрымаў прапанову аб часовым прыпыненьні выдачы грамадзянам Расеі відаў на жыхарства наўзамен на інвэстыцыі і перадаў яе на разгляд профільных камісій.

Ініцыятыва накіравана на ліквідацыю пагрозы для дзяржавы, адзначаюць у парлямэнце. Прапанова прадугледжвае прыпыненьне выдачы відаў на жыхарства да ўрэгуляваньня крызісу ва Ўкраіне.

Ініцыятарам заканадаўчых зьменаў выступіла нацыянальнае аб’яднаньне «Ўсё для Латвіі! — Айчыне і Свабодзе», якое ўваходзіць у кіруючую кааліцыю. Аўтары законапраекту сьцьвярджаюць, што асобы, якія атрымалі віды на жыхарства, маюць пэўны эканамічны ўплыў, а таксама маюць магчымасьць уплываць на палітычныя і сацыяльныя працэсы ў Латвіі.

Згодна з іміграцыйнымі законамі Латвіі, від на жыхарства ў краіне можна атрымаць наўзамен на куплю нерухомасьці, кошт якой перавышае 250 тысяч эўра.

Праграма прадастаўленьня замежнікам пяцігадовага віду на жыхарства ў Латвіі наўзамен на інвэстыцыі дзейнічае з 1 ліпеня 2010 году. З тых часоў Латвія выдала 11 754 відаў на жыхарства наўзамен на інвэстыцыі. 90 адсоткаў тых, хто атрымалі від на жыхарства па гэтай праграме, выхадцы з краінаў былога Савецкага Саюзу, адзначае ІТАР-ТАСС.

XS
SM
MD
LG