Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Выявілі асобу мужчыны, які ўчора браў закладніцу ў банку


Пасьля нэўтралізацыі падазраваны быў зьмешчаны ў мэдычную ўстанову.

Ўстаноўлена асоба мужчыны, які ўзяў у закладніцы касірку абменнага пункту «БелСвісБанк» у гандлёвым цэнтры «Шчасьце» каля станцыі мэтро «Ўсход» у Менску.

Як паведаміў Сьледчы камітэт, падазраваны ў зьдзяйсьненьні злачынства — мужчына 1991 году нараджэньня, жыхар Мастоўскага раёну Гарадзенскай вобласьці.

Пагражаючы прадметам, вонкава падобным да пісталета сыстэмы Макарава, ён трапіў у памяшканьне пункту абмену валют. Замкнуўшы дзьверы знутры, падазраваны ўтрымліваў у якасьці закладніцы дзяўчыну-касірку 1995 г.н. Мужчына пагражаў дзяўчыне забойствам і прычыненьнем цялесных пашкоджаньняў, каб прымусіць супрацоўнікаў праваахоўных органаў даць яму магчымасьць бесьперашкодна сысьці з выкрадзенымі грашыма.

На месца здарэньня прыбылі сьледча-апэратыўная група, кіраўніцтва МУС, прадстаўнікі Сьледчага камітэту, пракуратуры, Дзяржаўнага камітэту судовых экспэртыз. Некалькі гадзін перамоваў не далі вынікаў, і было прынята рашэньне правесьці сілавую апэрацыю.

«У выніку прафэсійных дзеяньняў СПБТ „Алмаз“ мужчына быў абясшкоджаны. Закладніца ў выніку захопу не пацярпела. Ёй аказана псыхалягічная дапамога», — гаворыцца ў паведамленьні.

Падазраваны зьмешчаны ў мэдычную ўстанову. Каля яго палаты выстаўлены пост аховы, паведамляе БелаПАН.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG