Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ратыфікацыя дамовы аб Эўразійскім саюзе ў Менску зацягваецца


На першым восеньскім паседжаньні Палата прадстаўнікоў ня будзе разглядаць ратыфікацыю дамовы аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Такім чынам сынхроннай ратыфікацыі дакумэнту ў Расеі, Казахстане і Беларусі, якая была абяцаная Масквою, не атрымліваецца.

Дэпутат расейскай Дзяржаўнай думы Леанід Слуцкі абяцаў, што парлямэнты Беларусі, Казахстану і Расеі «сынхронна» ратыфікуюць дамову аб Эўразійскім эканамічным саюзе. Але так не атрымалася. Дзярждума Расеі зрабіла гэта 26 верасьня, Савет Фэдэрацыі — 1 кастрычніка, Мажыліс Казахстану (ніжняя палата парлямэнту) — таксама 1-га кастрычніка.

У Менску з ратыфікацыяй не сьпяшаюцца.

Мікалай Самасейка
Мікалай Самасейка

«Мы гэта зробім, як толькі будзем гатовыя, — заявіў Свабодзе кіраўнік міжнароднай камісіі Палаты прадстаўнікоў Мікалай Самасейка. — Бачыце, у Маскве — 26-га, у Астане — 1-га. У нас сэсія пачынаецца толькі 2-га. Нават калі мы вельмі моцна захочам пасьпяшацца, сынхронна, у разуменьні журналістаў, не атрымліваецца. Але, я думаю, два-тры тыдні — гэта невялікая разьбежка».

Сапраўдны прыклад сынхроннасьці працы парлямэнтароў можна было пабачыць 16 верасьня, калі Вярхоўная Рада Ўкраіны і Эўрапарлямэнт ратыфікавалі Дамову аб асацыяцыі Ўкраіны і Эўрапейскага Зьвязу. Тады галасаваньне ў Кіеве і Брусэлі прайшло сапраўды сынхронна, была ўсталяваная жывая сувязь паміж дзьвюма сэсійнымі залямі. А прэзыдэнт Украіны Пятро Парашэнка і кіраўнік Эўрапарлямэнту Марцін Шульц неадкладна падпісалі законы аб ратыфікацыі.

Восеньская сэсія Палаты прадстаўнікоў, паводле заканадаўства, адкрываецца 2 кастрычніка. Вядуць пленарныя паседжаньні толькі дзьве асобы — старшыня Палаты альбо ягоны намесьнік.

Між тым прэсавая служба Палаты распаўсюдзіла паведамленьне пра тое, што 2–5 кастрычніка ў Жэнэве дэлегацыя Нацыянальнага сходу на чале з намесьнікам старшыні Палаты Віктарам Гумінскім будзе ўдзельнічаць у восеньскай сэсіі Парлямэнцкай асамблеі АБСЭ. А 2–4 кастрычніка старшыня Палаты Ўладзімер Андрэйчанка там жа, у Жэнэве, будзе ўдзельнікам паседжаньня міжпарлямэнцкай групы па сувязях з Украінай.

На маё пытаньне, ці няма тут якойсьці памылкі, начальнік упраўленьня інфармацыйна-аналітычнай працы Палаты прадстаўнікоў Мікалай Ліс адказаў так:

«Дзякуй за пільнасьць. Але ніякіх хібаў тут няма. Мяркуецца, што паседжаньне Палаты 2 кастрычніка ня будзе працяглым, і пасьля яго заканчэньня наша дэлегацыя пасьпее на самалёт».

Ужо з гэтых словаў можна было рабіць выснову — малаверагодна, што 2 кастрычніка дэпутаты будуць ратыфікаваць Дамову аб стварэньні Эўразійскага эканамічнага саюзу.

Мікалай Самасейка гэта пацьвердзіў, ён сказаў Свабодзе, што гэтага пытаньня ў парадку дня першага дня сэсіі дакладна ня будзе:

«У нас яшчэ ня скончыліся ўсе абавязковыя працэдуры для разгляду гэтага дакумэнту. Напрыклад, не праходзіла паседжаньне нашай камісіі, а яна ў гэтым пытаньні профільная. Мы толькі нядаўна разаслалі дакумэнты дэпутатам».

Мікалай Самасейка кажа, што дамова — гэта аб’ёмісты дакумэнт з чатырох асноўных частак. Адна зь іх тычыцца непасрэдна стварэньня ЭАЭС, другая — Мытнага саюзу, трэцяя — Адзінай эканамічнай прасторы, у чацьвёртай гаворыцца пра пераходнае становішча. Старшыня камісіі падкрэсьлівае: пры фармаваньні прававой базы Эўразійскага эканамічнага саюзу беларускія дэпутаты будуць найперш зыходзіць з інтарэсаў сваёй краіны. На гэта іх нацэліў кіраўнік дзяржавы.

29 верасьня Аляксандар Лукашэнка на сустрэчы зь сябрамі рады Палаты прадстаўнікоў заявіў:

«Калі вы будзеце бачыць, што дзесьці зроблена памылка пры падрыхтоўцы гэтага дакумэнту, а ён вельмі важны, вы, калі ласка, інфармуйце і мяне ў тым ліку і не спыняйцеся ні перад чым, абараняючы інтарэсы беларускага народу».

Лукашэнка ў траўні падпісаў дакумэнты аб Эўразійскай эканамічнай супольнасьці, бо тады Расея зрабіла для Беларусі паслабленьні з нафтавым мытам. Але цяпер сытуацыя мяняецца — адзначае дырэктар Цэнтру эўрапейскай трансфармацыі Андрэй Ягораў:

Андрэй Ягораў
Андрэй Ягораў

«Тут жа ўзьнікла пытаньне з-за зьмены падатковай сытуацыі на нафтапрадукты Расеяй. Гэта прыводзіць да падаражэньня нафты, якую атрымлівае Беларусь. А менавіта таньнейшая нафта была адной з асноўных прэфэрэнцыяў, якія хацела атрымаць наша краіна пры ўваходзе ў Эўразійскі эканамічны саюз. І сытуацыя з ратыфікацыяй дамовы ў Беларусі выкарыстоўваецца дзеля таго, каб яшчэ раз патаргавацца за больш выгадныя для сябе ўмовы. Зацягваньне ратыфікацыі — адзін з інструмэнтаў вытаргаваць больш спрыяльныя ўмовы атрыманьня расейскай нафты».

Пакуль жа вядома, што 2 кастрычніка Палата прадстаўнікоў плянуе разгледзець сем пытаньняў. Сярод іх дакладана ня будзе яшчэ аднаго вельмі важнага — аб праекце бюджэту Беларусі на 2015 год. Бюджэтныя дакумэнты пакуль не паступалі ад ураду ў Палату.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG