Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Афіцэр ФСБ, які запісаўся ва ўкраінскі добраахвотніцкі батальён, тлумачыць свой выбар: «Я ваюю ня супраць Расеі».

У пачатку ліпеня старэйшы лейтэнант памежнай службы ФСБ Ільля Багданаў перайшоў расейска-ўкраінскую мяжу («я проста даў памежніку 500 рублёў, і мяне прапусьцілі»), прыехаў у Кіеў і зьвярнуўся ў Службу бясьпекі Ўкраіны. Ён распавёў, што прыехаў простым добраахвотнікам, каб «надаць пасільную дапамогу сваімі дзеяньнямі, сваім вопытам у спыненьні грамадзянскай вайны, якую на ўсходняй Украіне спрабуе разьвязаць антынародны пуцінскі рэжым».

Ільля Багданаў скончыў Хабараўскі памежны інстытут ФСБ РФ. Служыў опэрупаўнаважаным у Рэспубліцы Дагестан і дзяржаўным інспэктарам у Прыморскім краі. «У Дагестане служыў на баявой заставе ў гарах і бачыў, як пуцінская сыстэма гадамі падтрымлівае там зону напружанасьці, а цяпер вайна перакінулася з падачы пуцінскага рэжыму на славянскую зямлю». Ільля Багданаў – рускі нацыяналіст, прытрымліваецца вельмі правых поглядаў, сябраваў з «прыморскімі партызанамі».

На прэс-канфэрэнцыі ў Кіеве афіцэр ФСБ расказаў, што прыняў рашэньне пераехаць ва Ўкраіну, паколькі быў абураны расейскай прапагандай: тэлевізарам, які не паказвае праблемы ў Расеі, «дзе ўсё прагніло», а кажа толькі пра Ўкраіну і «24 гадзіны ў суткі вярзе лухту». «Я прыехаў з адной мэтай – удзельнічаць у АТА», – патлумачыў ён украінскім журналістам. Пры гэтым сябры Багданава ваююць на баку сэпаратыстаў. «Толькі з Уладзівастоку ў мяне некалькі знаёмых зьяжджаюць туды ваяваць. Я ад іх ведаю, што там ваююць 70% прыежджых, а 30% – мясцовыя алкашы, і людзі адтуль вярталіся расчараваныя – рускай ідэі там у прынцыпе не аказалася... Я гатовы ваяваць з грамадзянамі Расеі, з тымі, хто абараняе пуцінскі рэжым. У Расею я вярнуся, калі будзе рэвалюцыя», – сказаў ён на кіеўскай прэс-канфэрэнцыі.

Ад тых часоў мінула тры месяцы. Цяпер Ільля Багданаў служыць у адным добраахвотніцкім батальёне ў зоне АТА, удзельнічаў у баявых дзеяньнях. У інтэрвію РС ён распавёў пра тое, як склаўся яго лёс.

– Вы ўжо амаль тры месяцы знаходзіцеся ва Ўкраіне. Не шкадуеце аб сваім рашэньні, ці не было яно неабдуманым?

– Абсалютна не, я задаволены тым, што прыехаў ва Ўкраіну. Лічу, што па-іншаму не магло быць. Я ня мог застацца ў Рашцы.

– Ці ёсьць акрамя вас добраахвотнікі з Расеі, размаўлялі вы з кім-небудзь зь іх, і якія ў іх матывіроўкі?

– Вядома, меў зносіны, тут досыць шырокая дыяспара рускіх. Асабліва ў батальёне «Азоў»: я ў вельмі добрых адносінах з рускімі ў гэтым батальёне. І ў іншых батальёнах таксама сустракаў рускіх, з усімі добрыя адносіны. У асноўным людзі супраць рэжыму прыехалі ваяваць, на заклік сэрца. Сумленныя, выдатныя людзі насамрэч, талковыя, такіх у Рашцы на кожным кроку не сустрэнеш.

– А як да вас, рускіх добраахвотнікаў, ставяцца ўкраінцы, таварышы па батальёне? Насьцярожана або адразу прынялі?

– Ставяцца добра, спагадліва, па-добраму. Мне вельмі спадабалася, што ў іх ёсьць валянтэрская арганізацыя: усе дапамагаюць, любыя пытаньні вырашаюцца, няма такой праблемы, якую ты ня вырашыш. Прыяжджаеш у любы горад Украіны зь нейкай сваёй праблемай, табе яе вырашаюць, накормяць, напояць, адвязуць, дадуць грошай. Усё вырашаецца, усё вельмі выдатна.

– Ільля, вы – рускі нацыяналіст. Чаму вы прынялі рашэньне ваяваць не на баку Расеі, а, прама скажам, супраць Расеі?

– Я ваюю ня супраць Расеі, а супраць антынароднага пуцінскага рэжыму, які здушыў усе дэмакратычныя дасягненьні, якія былі пасьля развалу саўка. І зараз зноў краіна апускаецца ў чарнасоценную саўковую прорву. Усё вельмі дрэнна, краіна ляціць пад адхон, і з гэтым трэба нешта рабіць.

– Але ж у Расеі пры ўладзе карпарацыя, да якой вы таксама належалі. Пуцін – выхадзец з ФСБ.

– Калі я паступаў у інстытут, я загадзя разумеў, што іду ў сыстэму, проста каб атрымаць пэўныя навыкі, уменьні, якія буду выкарыстоўваць у далейшым для рэвалюцыі ў Расеі. Выключна з гэтым матывам я паступаў у гэты інстытут памежны эфэсбэшны. Наогул ведаў, што буду вайскоўцам – гэта маё прызначэньне, а што я буду ўдзельнічаць у рэвалюцыі – я ведаў з 14 гадоў. І паступаючы ў інстытут, і калі я ў Дагестан хацеў разьмеркавацца, хацеў проста атрымаць баявы вопыт, які мне спатрэбіцца, каб потым ваяваць з рэжымам. Усё было прадумана.

– Ці праўда, што вы сябравалі з «прыморскімі партызанамі»?

– «Прыморскія партызаны» – усе мае сябры. Саша Коўтун, які цяпер сядзіць... нібыта ён прыняў іслам – тут нешта незразумелае, і Андрэй Сухарада. І ўсіх астатніх ведаю.

– А ў ФСБ сустракалі людзей з такімі ж поглядамі, як у вас, ці былі белай варонай?

– Вядома, сустракаў. Там ёсьць такія ж нацыянал-сацыялісты, нацыяналісты, ёсьць незадаволеныя рэжымам, ёсьць людзі камуністычных поглядаў. Публіка досыць розная трапляецца.

– Ёсьць людзі, настроеныя супраць рэжыму, супраць Пуціна?

– Так, такія людзі ёсьць. Натуральна, яны не крычаць пра гэта на кожным рагу, але ёсьць. Ёсьць людзі, якія ніякай палітычнай выразнай пазыцыі, сьветапогляду ня маюць, але незадаволеныя рэжымам. Адзінае, яны абывацелі, і кармушка даражэй за перакананьні. Але незадаволеных там шмат.

– І вы лічыце, што падзеі ва Ўкраіне – гэта пярэдадзень рэвалюцыі ў Расеі?

– Я ўжо не лічу, што гэта паўплывае на ўнутраную сытуацыю ў Расеі. Наадварот, гэта моцна ўмацавала рэжым Пуціна – гэта факт. Але тое, што Ўкраіна будзе пляцдармам для рэвалюцыі ў Расеі – гэта так. Украіна – гэта наш апошні шанец, які трэба выкарыстоўваць. Патрэбна моцная эўрапейская краіна Ўкраіна, яна павінна стаць цэнтрам Эўропы, толькі тады мы зможам зь яе пачаць рэвалюцыю ў Расеі. Бегчы правым нацыяналістам няма куды, акрамя як ва Ўкраіну.

– Спачатку трэба вырашыць праблему ўсходу Ўкраіны. Вы казалі нядаўна, што хутка прыйдзецца абараняць Днепрапятроўск. Як думаеце, доўга пратрымаецца сэпаратызм?

– Калі б усё па-нармальнаму вырашалася, то, напэўна, пытаньне даўно вырашылася б, задушылі б увесь сэпаратызм, ужо даўно б перамаглі ў гэтай вайне, калі наверсе не вырашалі б пытаньні паміж сабой, не на карысьць простага народу. Палітычныя гульні ўсё псуюць, людзі паміраюць проста ні за што на дадзены момант.

– Гэта значыць, вы лічыце, што вінаватае кіраўніцтва Ўкраіны?

– Дзесьці яно прымае і пісьменныя рашэньні, але не па адносінах з Расеяй. Калі б з эўрапейскай дзяржавай такія пытаньні былі, то так, напэўна, можна, а з Расеяй не вырашаецца дыпляматычным шляхам. Расея – гэта гопнік нейкі. Нельга з Расеяй па-сумленнаму гуляць, і абхітрыць Расею немагчыма. Ёй дасі палец – яна адкусіла па самае плячо. Таму я не разумею да канца палітыку кіраўніцтва Ўкраіны ў гэтым пытаньні.

– Гэта значыць, вы супраць перамір'я, вы лічыце, што павінен быць загад наступаць?

– Я лічу, што так. Дыпляматычныя шляхі ўжо вычарпаныя, хаця рашэньне не фінансаваць акупаваныя вобласьці – гэта ўсё вельмі пісьменна. Але даціснуць трэба, вядома. Нельга было даваць умацоўваць пазыцыі рускім войскам на акупаванай тэрыторыі. Вельмі шмат ахвяр з-за гэтага.

– А ці ёсьць у вашага батальёна і ў іншых батальёнаў, якія ваююць на ўсходзе, сілы для таго, каб вызваліць Данецк і Луганск?

– Наогул так, ва Ўкраіне досыць яшчэ рэзэрваў, каб нармальна ваяваць, усё гэта маецца. Адзінае, па сваіх адчуваньнях скажу, што афіцэрскія і сяржанцкія кадры насамрэч аб'ектыўна вельмі слабыя ва Ўкраіне, менавіта таму шматлікія ваенныя няўдачы былі. Гаворка ідзе не пра здраду, а проста аб няўменьні, непрафэсіяналізьме ўкраінскіх вайскоўцаў.

– Вы не баіцёся, што з вамі расправяцца, як зь Літвіненкам? У ФСБ вельмі хваравіта ставяцца да тых, хто супрацьпастаўляе сябе карпарацыі. Не было пагроз?

– Пагроз не было, але мне з Расеі сябры пісалі, што Пуцін паабяцаў усіх рускіх, якія ваююць за Ўкраіну, вярнуць і пакараць. Са мной, я думаю, гэта насіла б публічны характар. Нічога, я маральна гатовы да любога павароту падзей. Лепш ужо падарвацца гранатай у апошні момант, чым ехаць да дзядзькі Вовы.

– Былі паведамленьні, што Служба бясьпекі Ўкраіны ўзяла вас пад ахову. Гэта праўда?

– Пад ахову мяне ня бралі абсалютна, мяне толькі на пачатковым этапе вельмі старанна правяралі, каб я не апынуўся нейкім шпіёнам.

– Вы ведаеце, што ў расейскіх СМІ (напрыклад, быў сюжэт тэлеканала «Зьвязда»), абвясьцілі, што вы самазванец, што пасьведчаньне ФСБ, якое было паказана ў перадачах украінскага тэлебачаньня, фальшывае. Што вы адкажаце?

– Гэта натуральная рэакцыя ФСБ, нічога іншага не чакалася. Я адразу патлумачыў, што гэта маё вэтэранскае пасьведчаньне, а ня ксіва звычайная, таму што ў мяне ксіва была на пераафармленьні, у мяне яе не было на руках. Пасьведчаньне асобы афіцэра я пакінуў сваёй цётцы ў Падмаскоўі. На наступны дзень пасьля інтэрвію прыйшлі два супрацоўнікі ФСБ і яго канфіскавалі.

– Вашых сваякоў у Расеі абшукваюць?

У адносінах да мяне, наколькі я ведаю, вядзецца крымінальная вытворчасьць, артыкул «госизмена» і, напэўна, «найміцтва». Так, прыходзілі, выклікалі маці ў ваенную пракуратуру, сястру ў ФСБ выклікалі, у Падмаскоўі да цёткі заходзілі. Так асабліва не напружваюць, але было.

XS
SM
MD
LG