Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Ва ўкраінскім пытаньні Лукашэнка больш выкарыстоўвае Захад, чым Захад яго»


Раман Якаўлеўскі

Раман Якаўлеўскі

Беларусь прапаноўвала Захаду мірны плян урэгуляваньня канфлікту ва Ўкраіне, але Захад не пагадзіўся. Гэтак заявіў у інтэрвію тэлеканалу «Эўраньюс» кіраўнік Беларусі Аляксандар Лукашэнка. Наколькі рэалістычнай выглядае вэрсія, што афіцыйны Менск меў мірны плян, які падыходзіў бы для ўсіх удзельнікаў канфлікту? Наколькі моцныя палітычныя дывідэнды атрымлівае Аляксандар Лукашэнка ў выніку сваіх пасярэдніцкіх намаганьняў? На гэтыя пытаньні адказвае міжнародны аглядальнік Раман Якаўлеўскі.

— Наколькі рэалістычнай выглядае тая карціна, якую прадставіў у інтэрвію «Эўраньюс» Аляксандар Лукашэнка? Маўляў, Беларусь прапанавалі нейкі загадкавы мірны плян, які Захад чамусьці адхіліў.

— Я, ды ня толькі я, упершыню чую пра нейкі плян, які прапанаваў Захаду Лукашэнка. Незразумела, каго ён мае на ўвазе пад Захадам — ЗША ці Эўразьвяз. Потым — няясна, ці быў гэты плян прапанаваны да Крыму альбо пасьля. Як кажа сам Лукашэнка, «калі гэты канфлікт (ва Ўкраіне) знаходзіўся ў зародку». Калі гэта дакладна было — незразумела.

Для мяне асабіста цікава тое, што гэтая інфармацыя зьявілася на фоне паведамленьня, што беларускі Нацыянальны сход ня будзе ў першыя дні сэсіі, якая пачынаецца 2 кастрычніка, разглядаць пытаньне ратыфікацыі пагадненьня аб стварэньні Эўразійскага Саюзу. У пятніцу «Эўраньюс» пакажа гэтае інтэрвію — якраз тады, калі Масква пачне задумвацца, чаму гэта Расея даўно гэтае пагадненьне ратыфікавала, а Беларусь — не.

— Ці атрымлівае Аляксандар Лукашэнка палітычныя і інфармацыйныя дывідэнды ў выніку сваіх пасярэдніцкіх намаганьняў?

— Безумоўна, так. Апошнім часам Лукашэнка любіць цытаваць вядомых гістарычных асобаў, дык я б яму нагадаў словы Чэрчыля, што «міратворац — гэта той, хто корміць кракадзіла, спадзеючыся, што кракадзіл зьесьць яго апошнім».

Відавочна, што захад імкнецца выкарыстоўваць Лукашэнку ва ўкраінскім пытаньні. Але, на мой погляд, Лукашэнка больш выкарыстоўвае Захад, чым Захад яго. Ён актыўна сябе піярыць як на Ўсход, гэтак і на Захад.

  • 16x9 Image

    Віталь Цыганкоў

    Віталь Цыганкоў скончыў факультэт журналістыкі БДУ. Адзін з двух заснавальнікаў першага недзяржаўнага агенцтва навінаў БелаПАН. Працаваў ў газэтах «Звязда», быў карэспандэнтам у Беларусі расейскай «Независимой газеты», Associated Рress, аглядальнікам у газэце «Свабода».  На беларускай Свабодзе ад 1994 году. Карэспандэнт расейскай Свабоды ў Беларусі.
     

XS
SM
MD
LG