Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Магілёўскі праваабарончы цэнтар пад пагрозай забароны


Разгляд пазову Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму да Магілёўскага праваабарончага цэнтру працягнецца 9 кастрычніка.

Магілёўскі праваабарончы цэнтар намагаецца пазьбегнуць прыпыненьня дзейнасьці на тры месяцы. Такая пагроза паходзіць ад Галоўнага ўпраўленьня юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму. На няўрадавую арганізацыю ўпраўленьне юстыцыі падало пазоў у абласны суд, за нібыта «грубае парушэньне заканадаўства».

Адбыліся два папярэднія судовыя пасяджэньні. Як заяўляе кіраўнік праваабарончай арганізацыі Ўладзімер Краўчанка, прадстаўнік упраўленьня юстыцыі настойвае на прыпыненьні дзейнасьці цэнтру.

Прэтэнзіі чыноўнікаў да грамадзкага аб’яднаньня тычыцца яго юрыдычнага адрасу. У дакумэнтах, якія падалі праваабаронцы для рэгістрацыі ва ўпраўленьне юстыцыі, выяўленыя недакладнасьці ў мэтражы памяшканьня, якое было арандавана пад юрыдычны адрас арганізацыі.

Паводле праваабаронцаў, гаспадар памяшканьня, які спачатку пагадзіўся быў даць прытулак няўрадавай арганізацыі, пасьля вяртаньня дакумэнтаў з упраўленьня юстыцыі адмовіўся паўторна падпісваць дадатак да дамовы з новым мэтражом сядзібы.

«На сёньняшнім пасяджэньні мы суду прад’явілі новую дамову на арэнду памяшканьня, якая была заключаная сёньня. Цяпер мы зьбіраемся зноў падаць дакумэнты ва ўпраўленьне юстыцыі для рэгістрацыі новага юрыдычнага адрасу арганізацыі. Далей усё будзе залежаць ад таго, наколькі пазыцыя чыноўнікаў спрыяльная для нас. Калі будзе аказаны ціск на арандадаўцу і ён адмовіцца ад дамовы з намі, то мы зноў застанёмся безь юрыдычнага адрасу. І ў упраўленьня юстыцыі зьявяцца падставы нас на тры месяцы прыкрыць», — заяўляе Ўладзімер Краўчанка.

Калі будзе аказаны ціск на арандадаўцу і ён адмовіцца ад дамовы з намі, то мы зноў застанёмся безь юрыдычнага адрасу. І ў упраўленьня юстыцыі зьявяцца падставы нас на тры месяцы прыкрыць

Паводле праваабаронцы, на таго прадпрымальніка, які пагадзіўся даць памяшканьне, а потым адмовіўся падпісваць дамову з новымі парамэтрамі, быў аказаны ціск. Уладзімер Краўчанка лічыць, што ўладзе не патрэбная арганізацыя, якая мае сваю пазыцыю адносна сытуацыі з правамі чалавека ў краіне — таму яе і спрабуюць ліквідаваць.

Магілёўскаму праваабарончаму цэнтру 16 гадоў. Гэта адзінае ў Беларусі зарэгістраванае рэгіянальнае праваабарончае аб’яднаньне.

Яго прадстаўнік узначальвае камісію пры ўпраўленьні юстыцыі Магілёўскага аблвыканкаму па грамадзкім наглядзе за функцыянаваньнем у рэгіёне турмаў і калёніяў. Праваабаронцы робяць маніторынг парушэньняў падчас судовых пасяджэньняў.

Калі абласны суд задаволіць пазоў упраўленьня юстыцыі, то праваабарончаму цэнтру будзе дазволена дзейнасьць толькі па выпраўленьні парушэньняў заканадаўства.

Паводле чыноўнікаў, няўрадавая арганізацыя «не прадстаўляла ва ўстаноўлены час дакумэнты, неабходныя для рэгістрацыі зьменаў юрыдычнага адрасу». Як вынікае з пазову, суполцы былі вынесеныя два папярэджаньні, якія не абскарджваліся. А выяўленыя парушэньні заканадаўства не выпраўляліся.

XS
SM
MD
LG