Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларусь — апошняя ў рэйтынгу свабоды прэсы сярод краінаў «Усходняга партнэрства»


1 кастрычніка ў офісе Беларускай асацыяцыі журналістаў быў прадстаўлены пяты Індэкс свабоды мэдыяў у краінах «Усходняга партнэрства». Беларусь у рэйтынгу сярод шасьці краінаў партнэрства традыцыйна заняла апошняе месца.

Намесьнік старшыні БАЖ Андрэй Бастунец зьвярнуў увагу на той факт, што першыя тры месцы ў агульным рэйтынгу займаюць краіны, якія сталі на шлях эўраінтэграцыі. Гэта Грузія, Малдова і Ўкраіна. У другую палову рэйтынгу трапілі дзяржавы, якія зрабілі выбар на карысьць Мытнага саюзу — Армэнія, Азэрбайджан і Беларусь.

Сёлета ў рэйтынгу, які ствараюць незалежныя ананімныя экспэрты, Беларусь мела шанцы абысьці Азэрбайджан. Не таму, што сытуацыя са свабодай прэсы стала лепшай, а таму, што ў іншых краінах яна значна пагоршылася. Так, у Азербайджане, як паведамлялася на прэс-канфэрэнцыі, сярод 98 палітычных зьняволеных — 14 журналістаў і блогераў.

Адмыслова адзначылі посьпехі Грузіі. У катэгорыі «Тэлерадыёвяшчаньне» краіна набрала максымальна магчымы рэйтынг.

Міхась Янчук

Міхась Янчук

«Несумненна, сытуацыя ў Азэрбайджане нашмат горшая, чым у Беларусі, — кажа сябра праўленьня БАЖ Міхась Янчук. — Проста жах, што адбываецца. Краіна на вачох рэгрэсуе. Губляем адну з краінаў нашага рэгіёну, дзе, падавалася, улады прызвычаіліся да цывілізаванай мадэлі размовы з прэсай».

Янчук зьвярнуў увагу на тое, што сёлета беларускія ўлады пачалі прымяняць у дачыненьні да журналістаў другую частку артыкула 22.9 аб «незаконным вырабе і распаўсюдзе прадукцыі СМІ». Пад дзейнасьць гэтага артыкула падводзяць працу фрылансэраў.

Чатыры справы ўжо скончыліся штрафамі ў 30 базавых велічыняў.

«Гэта выглядае як усталяваньне дзяржаваю велічыні платы за права карыстацца канстытуцыйнымі правамі на распаўсюд інфармацыі, — кажа Янчук. — Трыццаць базавых як права карыстацца канстытуцыйным правам на распаўсюд інфармацыі. Альбо дзяржава неяк вызначыцца і ўсім журналістам прысудзіць гэтыя 30 базавых як «ліцэнзію» на журналісцкую дзейнасьць. Альбо трэба гэтую практыку мяняць. Гэта жарт, але жарт сумны».

Да чарговага суду рыхтуецца журналіст Андрэй Мялешка з Гародні:

Андрэй Мялешка

Андрэй Мялешка

«За апошні год гэта ўжо другое судовае паседжаньне. У мінулым годзе я меў папярэджаньне ў пракуратуры. А паўтара года таму два разы мяне выклікалі ў КДБ. Я думаю, што ўсё гэта зьвязана з выбарамі 2015 году. Прадстаўнікі ўлады хочуць зьменшыць колькасьць незалежных СМІ.

Будуць рабіцца ўсе магчымыя спробы, знойдуць такога ахвярнага казла, на якім трэба выпрабаваць усе магчымыя мэтады ціску. На дадзены момант такая ахвяра — гэта я».

Андрэй Бастунец засьведчыў, што экспэрты маюць сталы кантакт з офісам прадстаўніка АБСЭ па пытаньнях свабоды СМІ Дуняй Міятавіч. Аднак нават яе візыт у Менск не спыніў улады ў рэпрэсіях супраць журналістаў. Літаральна на наступны дзень пасьля яе ад’езду адбыўся ператрус у магілёўскага журналіста Аляксандра Буракова. Сам журналіст называе дзеяньні праваахоўных органаў тэрорам:

«8:30 раніцы, урываецца сем чалавек. Я адчыніў дзьверы нейкай жанчыне, потым яны (міліцыянты — рэд.) ірвуць дзьверы і ўвальваюцца ў кватэру. Гэта былі гвалтоўныя сілавыя дзеі. Мне можа пагражаць 50 базавых велічыняў, і за гэта 7 міліцыянтаў сплянавалі спэцапэрацыю. Гэта ж трэба было а шостай сабрацца, каб да мяне ўваліцца ў хату. Пасьля гэтага яны паехалі да маіх бацькоў, маці 73 гады, а бацьку 75. І там адбылося тое самае.

У жыцьцё беларусаў на сёньня ўваходзіць тэрор.

Мы разумеем, што КДБ рыхтуецца да выбараў і спрабуе ці то запалохаць, ці перашкодзіць працы. Кампутар у мяне канфіскаваны, праца, канечне, не паралізаваная, але я мушу неяк выкручвацца, каб рабіць тое, што мушу рабіць».

Андрэй Бастунец

Андрэй Бастунец

«Перасьлед магілёўскага журналіста распачаўся на падставе факту разьмяшчэньня на сайце „Нямецкай хвалі“ матэрыялаў за яго подпісам, — адзначыў Андрэй Бастунец. — Калі за разьмяшчэньне артыкула ў інтэрнэце можна будзе ўжываць такія санкцыі, пад гэта можа падпасьці літаральна кожны журналіст».

Індэкс свабоды мэдыяў «Усходняга партнэрства» — частка праекту EaP Media Freedom Watch, які рэалізуецца грамадзкай арганізацыяй «Інтерньюз-Україна» ў супрацы зь няўрадавымі арганізацыямі краінаў «Усходняга партнэрства». Рэйтынг складаюць 60 медыя-экспэртаў.

XS
SM
MD
LG