Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзяржстандарт: Мы б не пераводзілі час


Дзяржстандарт ня бачыць дастаткова падстаў для пераходу краіны на зімовы час.

«Тых абгрунтаваньняў, якія прадставілі асобныя органы дзяржкіраваньня на карысьць пераводу стрэлак гадзіньніка, недастаткова. Мы б не пераводзілі час, а захавалі так, як сёньня ў Беларусі ёсьць», — адзначыў старшыня Дзяржаўнага камітэту па стандартызацыі Віктар Назаранка.

Ён паведаміў, што на пачатку кастрычніка ўрад плянуе абмеркаваць магчымы пераход Беларусі на зімовы час.

Міжгаліновая камісія ўжо накіравала свае прапановы ва ўрад, перадае БЕЛТА.

Беларусь адмовілася ад пераходу на сэзонны час у 2011 годзе. З 2011 году адмяніла сэзонны перавод стрэлак і Расея. Аднак 1 ліпеня 2014 году расейская Дзярждума прыняла рашэньне вярнуць у краіну зімовы час. Стрэлкі перавядуць 26 кастрычніка.

На думку навукоўцаў, стрэлкі гадзіньніка ў Беларусі трэба перавесьці адзін раз — увосень на гадзіну назад, і больш да гэтага пытаньня не вяртацца. Але гэта зусім не павінна залежаць ад памкненьняў суседняй краіны, тым больш ня варта зноў склікаць дзеля гэтага міжведамасную камісію, — сказаў Свабодзе дацэнт катэдры землязнаўства і гідрамэтэаралёгіі БДУ Павал Каўрыга.

XS
SM
MD
LG