Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Андрэй Бандарэнка мае намер выйсьці з «Плятформы»


Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Андрэй Бандарэнка, архіўнае фота

Праваабаронца Андрэй Бандарэнка заявіў пра намер выйсьці з гэтай арганізацыі. Тым часам грамадзкія актывісты і праваабаронцы абмяркоўваюць, ці лічыць Андрэя Бандарэнку палітвязьнем.

Пра намер Андрэя Бандарэнкі выйсьці з «Плятформы» паведаміў ягоны бацька. Валер Бандарэнка спасылаецца на размову з сынам, якая адбылася падчас іх апошняга спатканьня ў менскім ізалятары на вуліцы Валадарскага, дзе з красавіка трымаюць Андрэя:

«Кажа, каб ён не перашкаджаў працы „Плятформы“, то напіша заяву і выйдзе. Не, прэтэнзіяў ніякіх не выказваў. Якія могуць быць прэтэнзіі?»

Былы палітвязень Андрэй Бандарэнка заснаваў арганізацыю абароны правоў вязьняў «Плятформа» ў 2011 годзе, неўзабаве пасьля таго, як выйшаў з калёніі згодна з апраўдальным рашэньнем касацыйнага суду. Праз год «Плятформа» была закрытая ўладамі, але праваабаронцу ўдалося фактычна аднавіць праваабарончы цэнтар пад назвай «Плятформа-інавэйшн» у якасьці ўстановы. Сёлета ўлетку, калі Бандарэнка ўжо быў на «Валадарцы» паводле абвінавачаньня ў злосным хуліганстве, стала вядома, што дырэктарам установы прызначана праваабаронца Алёна Красоўская-Касьпяровіч. Вось як яна пракамэнтавала намер Андрэя Бандарэнкі пакінуць «Плятформу-інавэйшн»:

Андрэй, на жаль, учыніў дзеяньні, якія спарадзілі прысуд яму

«Рашэньне Андрэя нас крыху зьдзівіла, але, зь іншага боку, калі ён лічыць, што гэтак будзе лепш для яго і для „Плятформы“, мы прымаем ягонае рашэньне. „Плятформа“ ў любым выпадку будзе працаваць, як яна працавала апошнія паўгода, і без Андрэя. Але, вядома, мы шкадуем».

Як паведаміў Валер Бандарэнка, ягоны сын параіў яму таксама спыніць кантакты з супрацоўнікамі «Плятформы». Чым гэта выклікана? Назіральнікі не выключаюць, што паўплывала пазыцыя новага кіраўніцтва «Плятформы» адносна таго, ці мае справа Андрэя Бандарэнкі прыкметы палітычнага перасьледу. Алена Красоўская-Касьпяровіч раней заяўляла, што такіх прыкмет ня бачыць. Яе пазыцыя не зьмянілася:

«Мы па-ранейшаму ня бачым у справе Андрэя Бандарэнкі ніякіх палітычных матываў. Андрэй, на жаль, учыніў дзеяньні, якія спарадзілі прысуд яму».

Валер Бандарэнка

Валер Бандарэнка

У жніўні Маскоўскі суд Менску прызнаў Андрэя Бандарэнку вінаватым у злосным хуліганстве і асудзіў на 4 гады зьняволеньня. Год з прысуду зьнялі паводле амністыі. Сам праваабаронца прызнаў віну часткова, выбачаўся перад пацярпелымі жанчынамі і заявіў пра намер кампэнсаваць ім маральныя страты. Адзін з эпізодаў сваёй справы Андрэй Бандарэнка назваў правакацыяй спэцслужбаў, а пра два другія сказаў, што тут «ён дапамог» спэцслужбам у заданьні пакараць яго турмой за праваабарончую дзейнасьць.

Прысуд Андрэю Бандарэнку яшчэ не ўступіў у сілу. 21 кастрычніка Менскі гарадзкі суд разгледзіць ягоную касацыйную скаргу.

1 кастрычніка прадстаўнікі грамадзкасьці і праваабаронцы правялі ў офісе АГП «круглы стол», дзе абмяркоўвалася, як дапамагчы Андрэю Бандарэнку і ці трэба далучыць ягоную справу да ліку палітычна матываваных. Вядомы актывіст АГП, прафэсійны юрыст Аляксандар Дабравольскі мяркуе, што ня ўсе дзеяньні Бандарэнкі, якія суд палічыў хуліганствам, падпадаюць пад гэты артыкул Крымінальнага кодэксу:

«Першы эпізод справы, калі да Бандарэнкі падышоў незнаёмы малады чалавек і ўзьнік канфлікт, яшчэ можна „падцягнуць“ да хуліганства. Тут максымум пакараньня — 3 гады, і то ў самым крайнім выпадку. Але другі і трэці эпізоды справы пад хуліганства не падпадаюць, бо гэта былі ягоныя знаёмыя, то бок тут канфлікт паміж знаёмымі. А хуліганства адбываецца толькі паміж незнаёмымі людзьмі. Таму ў лепшым выпадку тут быў бы артыкул аб наўмысным нанясеньні лёгкіх цялесных пашкоджаньняў, што караецца максымум 3 месяцамі арышту. Таму я перакананы, што гэтая справа абсалютна падобная да той правакацыі, якая адбылася са Зьмітром Дашкевічам. І калі б не было таго канфлікту, то зьявіўся б другі, трэці».

Гаворыць Аляксандар Дабравольскі

Гаворыць Аляксандар Дабравольскі

Паводле Аляксандра Дабравольскага, прысуд Андрэю Бандарэнку несувымерны ягонаму ўчынку, і гэта можна патлумачыць толькі палітычнымі прычынамі. Гэтаксама мяркуюць праваабаронца Людміла Гразнова і грамадзкія актывісты Ганна Шапуцька і Алесь Макаеў. Не сьпяшацца з высновамі, а стварыць грамадзкую камісію па ацэнцы справы Бандарэнкі заклікаў адзін зь лідэраў кампаніі «Гавары праўду» Андрэй Дзьмітрыеў.

«Мы праз гэтую экспэртызу можам даказаць, што пакараньне яму несувымернае таму, што ён зрабіў. Так, учынак быў, чаго гэта адмаўляць, але за такі праступак не даюць 4 гады. Слухайце, у гэтай краіне за мільённы крадзеж даюць 4 гады, а праз 2 гады людзі ўжо на волі і дзяржаўныя пасады займаюць».

Удзельнікі «круглага стала» вырашылі ўтварыць грамадзкі камітэт салідарнасьці з Андрэем Бандарэнкам, каб каардынаваць дапамогу праваабаронцу.

XS
SM
MD
LG