Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гомель: суд прызнаў адлічэньне Андруся Цянюты з унівэрсытэту правамерным


Андрусь Цянюта
Андрусь Цянюта

Судзьдзя Цэнтральнага раёну Гомеля Вольга Казлова адхіліла 1 кастрычніка пазоў сустаршыні «Маладога фронту» Андруся Цянюты да рэктарату Гомельскага дзяржаўнага ўнівэрсытэту імя Францішка Скарыны на адлічэньне з ВНУ.

Адмову ў задавальненьні пазову да рэктарату судзьдзя Казлова пры агалошваньні рашэньня ніяк не патлумачыла. Сказала толькі, што матывацыйная частка рашэньня на запатрабаваньне Цянюты будзе выдадзена цягам дзесяці дзён.

Прадстаўнік унівэрсытэту, начальнік юрыдычнага аддзелу Валер Нядоступ у судовых спрэчках не пагадзіўся з заявай маладафронтаўца, што адлічаны ён з палітычных прычынаў. Назваў гэта «раздуваньнем кадзіла»:

«З довадамі пазоўніка мы ня згодныя. І нават зь першай часткаю — нейкіх там палітычных матывацыяў. Ва ўсякім разе, мы ня чулі, у чым гэтая палітычная матываванасьць выражаецца ў нашых дзеяньнях. У адпаведнасьці з артыкулам 126 Кодэксу аб адукацыі падставай для прыцягненьня навучэнца да дыцыплінарнай адказнасьці зьяўляецца супрацьпраўнае віноўнае наўмыснае ці па неасьцярожнасьці неналежнае выкананьне абавязкаў, ускладзеных на яго, навучэнца, заканадаўчымі актамі».

Ва ўнівэрсытэце імя Францішка Скарыны Андрусь Цянюта вучыўся на 3 курсе завочнага факультэту на спэцыяльнасьці «Правазнаўства». Працаваў мантажнікам і аплачваў сваё навучаньне. Няздадзеных залікаў ці экзамэнаў ня меў.

Меў толькі апошнім часам два адміністрацыйныя спагнаньні — за грамадзкую й палітычную дзейнасьць. За распаўсюд антыалькагольных улётак адміністрацыйная камісія Савецкага раёну аштрафавала яго на 3 мільёны 750 тысяч рублёў. Пакуль актывіст аспрэчваў штраф у судзе, рэктар унівэрсытэту Аляксандар Рагачоў на падставе дакладной запіскі дэкана завочнага факультэту вынес Цянюту вымову. Тлумачэньняў у студэнта-завочніка адміністрацыя ўнівэрсытэту не запатрабавала. І з загадам на вымову своечасова не азнаёміла. Больш за тое, штраф за распаўсюд улётак суд адмяніў — вынес толькі папярэджаньне.

Затрымлівала міліцыя Андруся і за акцыю салідарнасьці з украінскім Майданам, але тую справу суд закрыў.

У траўні, перад пачаткам у Менску чэмпіянату сьвету па хакеі, калі дзейных актывістаў «зачышчалі» і ў сталіцы, і ў рэгіёнах, Цянюту блізу поўначы затрымалі побач з домам амапаўцы — і без аніякага суду адразу ж адвезьлі ў ізалятар. Праз двое сутак на падставе міліцэйскага пратаколу нібыта за лаянку пры пераходзе праспэкта Перамогі Цянюту пакаралі праз суд 10 суткамі адміністрацыйнага арышту.

Пасьля гэтага студэнта-завочніка і адлічылі з ВНУ — не за парушэньне правілаў знаходжаньня ва ўнівэрсытэце, не за акадэмічную запазычанасьць, а менавіта за адміністрацыйныя пакараньні. Па сутнасьці, за грамадзкую дзейнасьць па-за сьценамі навучальнай установы. Пэўна, таму і прасіў прадстаўнік унівэрсытэту адхіліць пазоў Цянюты нібыта на той падставе, што прапушчаны тэрмін падачы заявы ў суд — і такім чынам не акцэнтаваць увагі на акалічнасьцях адміністрацыйнага пакараньня свайго студэнта.

Адвакат Пётар Барысаў, які прадстаўляў у судзе інтарэсы Андруся Цянюты, лічыць, што пры адлічэньні ягонага падабароннага была парушана ня толькі працэдура:

«І па сутнасьці яна няправільная. Аргумэнты мы прывялі ў судзе. Кодэкс аб адукацыі, артыкулы 128, 132, указвае, што павінна быць у загадзе на адлічэньне. Там патрабуецца цэлых шэсьць пунктаў — у загадзе ж рэктара іх толькі два. У шэрагу выпадкаў у Цянюты ня бралі тлумачэньняў. Яго не азнаёмілі зь першым загадам на вымову. Мы лічым таксама, што пашырана тлумачацца ва ўнівэрсытэце правілы ўнутранага працоўнага распарадку. Гэта лякальны прававы акт, які павінен распаўсюджвацца толькі на паводзіны чалавека ва ўнівэрсытэце і ў межах адукацыйнага працэсу. А тут атрымліваецца, што чалавек учыніў гэтыя адміністрацыйныя правапарушэньні не ў навучальны час, не ва ўнівэрсытэце. І яго на дадатак яшчэ прыцягваюць у ВНУ да дысцыплінарнай адказнасьці — адлічваюць».

Сам Андрусь Цянюта так сказаў наконт адхіленьня сваёй скаргі на дзеяньні ўнівэрсытэту судзьдзёй Цэнтральнага раёну:

Абскарджваць рашэньне мы будзем, каб болей палітычна актыўных студэнтаў яны не адлічвалі. Каб ведалі, што за кожным студэнтам ім давядзецца зазнаць нэрваваньні й суд

«Гэтае рашэньне суду для мяне было чаканым. Калі справа тычыцца палітычнага адлічэньня ці хоць нейкім чынам палітыкі, суд звычайна не на карысьць актывістаў. Суд становіцца на бок дзяржавы, бо ў нас няма незалежнага суду. Абскарджваць рашэньне мы будзем, каб болей палітычна актыўных студэнтаў яны не адлічвалі. Каб ведалі, што за кожным студэнтам ім давядзецца зазнаць нэрваваньні й суд. Я ўжо на судзе казаў, што з гэтага ўнівэрсытэту былі выключаныя і іншыя студэнты-актывісты, такія, як Станіслаў Була, Зьміцер Жалезьнічэнка, Натальля Самсонава ды іншыя. Гэта ўжо сыстэма».

Прысутная на судзе грамадзкая актывістка Натальля Крывашэй мяркуе, што за адлічэньнем Андруся Цянюты за адміністрацыйныя ўчынкі сапраўды праглядваецца палітычная матывацыя:

«Я лічу, што гэта ўсё ж такі палітычны перасьлед актывістаў. Хутка будуць прэзыдэнцкія выбары. І дзеля таго, каб моладзь не ішла і ня ўдзельнічала ў выбарах, не дапамагала апазыцыі, мне падаецца, і пачынаюць ціснуць на актывістаў. І гэтым, у першую чаргу моладзі, паказваюць: вось бачыце, яны ня могуць вучыцца — гэтаксама адлічым і вас».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG