Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вайцюшкевіч пра дазволены канцэрт: Калі б гэта быў першы раз, то я б скакаў, але я ўжо ведаю, у якой краіне жыву


Зьміцер Вайцюшкевіч з сваімі фанаткамі, архіўнае фота

Зьміцер Вайцюшкевіч з сваімі фанаткамі, архіўнае фота

Менгарвыканкам выдаў Зьмітру Вайцюшкевічу дазвол на канцэрт, які плянуецца правесьці 29 кастрычніка ў ДК імя Шарко ў Менску. Цягам апошніх трох з паловай гадоў такой магчымасьці ў музыкі не было.

— Зьміцер, чаму можна лічыць, што вы ўжо ня ў «чорным сьпісе»? Што сталася пераломным момантам?

— Я, насамрэч, ня ведаю, ці ёсьць я ў гэтым сьпісе. Ці гэты сьпіс проста паслаблены. Можа, гэта такі рэжым вольнага пасяленьня, ці «хімія», ці абмежаваньне творчай волі. Мы падалі заяўку на канцэрт 29 кастрычніка і атрымалі станоўчы адказ. Таксама быў праект «Re:Песьняры», дзе я браў удзел і дзе быў вельмі моцны ціск на арганізатараў канцэрту і на ўладальнікаў пляцоўкі, дзе ён ладзіўся. Але неяк прабілі і дазвол на «Re:Песьняроў», а цяпер ёсьць дазвол на мой сольны канцэрт. Дазвол атрымалі без аніякіх праблемаў. Ніхто нават нічога не казаў.

— Нейкія асаблівыя эмоцыі ў вас гэта выклікае? Радуецеся?

— Справа ў тым, што я трапляю ў такую адлігу ўжо трэці раз. Калі б гэта быў першы раз, то я б скакаў, але я ўжо ведаю, у якой краіне жыву. У любым разе, я вельмі ўдзячны тым сьветлым галовам, якія дазволілі. Але разам з тым і разумею, што як дазволілі, так могуць і забараніць. Трэба вучыцца жыць у гэтай краіне.

Як дазволілі, так могуць і забараніць. Трэба вучыцца жыць у гэтай краіне

— Неяк карэктуеце свае творчыя пляны ў сувязі з магчымасьцю легальна гастраляваць па Беларусі?

— З плянамі заўсёды ёсьць праблемы. У тым сэнсе, што разьлічваць трэба на нешта сярэдняе паміж максымальнымі плянамі і той сытуацыяй, у якой знаходзяцца музыкі з «чорнага сьпісу».

— Трохгадовы перапынак ня моцна паўплываў на вашу творчасьць?

— Я гэтыя тры з паловай гады працу не спыняў, канцэртную дзейнасьць — таксама. Адзінае, што зараз спадзяюся на магчымасьць спакойна сустракацца з аўдыторыяй, тымі, хто ня хоча ісьці на канцэрты, якія забараняюць, хто ў перапынку хацеў бы выпіць каньячку і абмеркаваць, у што адзеты Вайцюшкевіч. Я вельмі рады магчымасьці легальна выступаць. Ня толькі выступаць увесь час для беларусаў за мяжой, якіх я, канечне, вельмі люблю. Але мая аўдыторыя не ў Маскве, ня ў Санкт-Пецярбургу, не ў Брусэлі. Мая аўдыторыя — у Васілевічах, у Пятрэвічах, у Наваградку, у Барысаве, у Гомелі, дзе вельмі шмат георгіеўскіх стужак. Цяпер буду чакаць сустрэчаў са слухачамі з гэтых гарадоў.

Апошні афіцыйны канцэрт Вайцюшкевіч даў 8 сакавіка 2011 году, пасьля чаго апынуўся ў «чорным сьпісе» выканаўцаў.

XS
SM
MD
LG