Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Баранавічах можа зьявіцца магчымасьць ладзіць масавыя акцыі


Віктар Сырыца

Віктар Сырыца

Берасьцейскі аблвыканкам абавязаў Баранавіцкі гарвыканкам унесьці зьмены ў сваё рашэньне № 1497 «Аб масавых мерапрыемствах у Баранавічах» на карысьць заяўнікаў акцыяў.

Пра гэта Свабодзе распавёў баранавіцкі актывіст Віктар Сырыца:

«Самае карыснае з гэтага — тое, што цяпер Баранавіцкі гарвыканкам вымушаны будзе перагледзець сваё рашэньне. Справа ў тым, што ўсе арганізатары масавых мерапрыемстваў былі абавязаныя заключаць дамовы на абслугоўваньне акцыяў зь міліцыяй. Але заключыць такую дамову было проста немагчыма. Чыноўнікі міліцэйскія то часу ня мелі, то не падпісвалі, то зацягвалі час... І гэта давала падставу забараніць мерапрыемства. Аказваецца, паводле рашэньня Савету міністраў гарвыканкам сам абавязаны на наступны дзень паведаміць міліцыі пра масавае мерапрыемства заплянаванае. І цяпер ня трэба будзе зь імі заключаць дамовы».

Спадар Сырыца кажа, што актывістам застанецца толькі заключыць дамовы на абслугоўваньне акцыі з мэдыкамі ды камунальнікамі. З заключэньнем такіх дамоваў, кажа суразмоўца, у Баранавічах праблемаў не было.

Дабіцца перагляду рашэньня гарвыканкаму ўдалося пасьля ліста баранавіцкага праваабаронцы Сяргея Гоўшы ў аблвыканкам. У лісьце праваабаронца даводзіў, што рашэньне гарвыканкаму № 1497 не адпавядае пастанове Савету міністраў аб парадку правядзеньня масавых мерапрыемстваў.

Віктар Сырыца распавёў, што цягам апошніх трох гадоў у Баранавічах не адбылося ніводнай масавай акцыі або нават адзіночнага пікету. На ўсе заяўкі гарвыканкам даваў адмовы на той падставе, што не было заключана дамоваў зь міліцыяй.

Спадар Сырыца кажа, што гэта ўжо другая «дробная перамога» баранавіцкай грамадзкасьці. Да гэтага праз суд дабіліся зьмены рашэньня гарвыканкаму аб тым, што заяўнікі акцыі мусяць аплочваць паслугі камунальнікаў, мэдыкаў ды міліцыі яшчэ да правядзеньня акцыі, нават калі яна забаранялася.

Актывісты спадзяюццца, што цяпер у Баранавічах зьявіцца магчымасьць ладзіць пікеты.

XS
SM
MD
LG