Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ад 1 кастрычніка падаражэў бэнзін, паслугі электрасувязі, праезд на таксі. Эканамісты заяўляюць пра эканамічную абгрунтаванасьць росту цэнаў, спажыўцы — пра сваё далейшае зьбядненьне.

Ад 1 кастрычніка амаль на 20% вырасьлі тарыфы на паслугі электрасувязі. А гэта азначае, што абанэнцкая плата за хатні тэлефон будзе большая за 17 тысяч рублёў, а хвіліна размовы каштавацьме больш за 44 рублі. Таксама падвышаны тарыф на праезд аўтатранспартам па платных аўтамабільных дарогах. Адначасна адменены сэзонны льготны праезд прыгарадным транспартам для пэнсіянэраў. Для гэтай катэгорыі спажыўцоў новыя тарыфы асабліва адчувальныя, кажа пэнсіянэрка з Маладэчна Іна Астроўская:

«Ільготны праезд быў з 1 траўня да 30 верасьня — ад сёньня адменены. Сёньня ехала электравіком, і ўжо пяць кантралёраў прыбеглі квіткі правяраць. Ад сёньня за тэлефон трэба плаціць больш. Чытала, што за кватэру неўзабаве давядзецца больш плаціць, а пэнсія ж — тая самая. То трэба працаваць да сьмерці, бо ня выжывеш за пэнсію, якая ў нас ёсьць».

З 1 кастрычніка падвышаныя і кошты на некаторыя маркі цыгарэт. І ўжо традыцыйна, у гэтым годзе — чацьвёрты раз, вырасьлі цэны на аўтамабільнае паліва. Гэтым разам — на 4,8%. У канцэрне «Белнафтахім» тлумачаць гэта ўрэгуляваньнем коштаў у адпаведнасьці з ростам курсу даляра. Вясковы аўтааматар Павал Аўдзей кажа, што гэтае тлумачэньне мала суцяшае спажыўцоў:

Калі прывязалі кошт бэнзіну да росту курсу даляра, то няхай бы і рост заробкаў і пэнсіяў таксама прывязвалі

«Машына ў вёсцы вельмі патрэбная: ці ў шпіталь, ці да крамы, ці да цягніка пад’ехаць трэба. Раней можна было аўтобусам, але цяпер аўтобусы раз на тыдзень у вёску ходзяць. Калі, да прыкладу, сабраць поўную машыну суседзяў, то яшчэ можна, а так — вельмі дорага. Калі прывязалі кошт бэнзіну да росту курсу даляра, то няхай бы і рост заробкаў і пэнсіяў таксама прывязвалі».

Тым часам эканамісты сьцьвярджаюць, што рост коштаў — аб’ектыўны вынік эканамічных працэсаў, якія адбываюцца ў краіне. Гаворыць Міхась Залескі:

Міхась Залескі

Міхась Залескі

«Мы як вавёрка ў коле — і ўрад, і насельніцтва. Урад робіць выгляд, што клапоціцца пра насельніцтва праз падвышэньне заробку. Насельніцтва клапоціцца пра сябе, набываючы валюту і тавары. Калі заробак апярэджвае прадукцыйнасьць працы, то грашовы рынак цярпіць ціск з боку насельніцтва. Гэткім чынам узьнікаюць лякальныя дэфіцыты і завышаны попыт на валюту. Каб гэта перапыніць, падымаюцца кошты на найбольш актуальныя тавары і паслугі, ад якіх ніхто ня можа адмовіцца. Мяжы гэтаму няма. Прыклад Зымбабвэ паказвае, што купюра ў сто трыльёнаў зымбабвійскіх даляраў — ня мара, а рэчаіснасьць».

Паводле афіцыйных паведамленьняў, тарыфы на камунальныя паслугі вырастуць яшчэ да канца гэтага году і паступова будуць павялічвацца да ўзроўню сабекошту.

XS
SM
MD
LG