Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Экспэрт Фонду Карнэгі: Лукашэнка шукае супрацьвагі Расеі


Падзеі ва ўсходняй Украіне прымушаюць Эўразьвяз і Беларусь разьвіваць больш канструктыўныя ўзаемаадносіны, піша Рычард Янгс, экспэрт Фонду Карнэгі і прафэсар міжнародных адносінаў у брытанскім унівэрсытэце Ўорыка. Прапануем вашай увазе ягоны артыкул у скароце.

Хоць дагэтуль застаюцца сур’ёзныя перашкоды для паўнавартаснага збліжэньня, Беларусь не такая нерухомая і ізаляваная ад Захаду, як мяркуе большасьць аналітыкаў. Некалькі краінаў Эўразьвязу зацікаўленыя ў стрыманым узаемадзеяньні зь беларускім рэжымам, часткова таму, што ўкраінскі крызіс падкрэсьліў неабходнасьць знайсьці новыя шляхі, каб узмацніць Усходняе партнэрства. Назіраючы за падзеямі ва ўсходняй Ўкраіне зь некаторай трывогай, беларускі рэжым засылаў пробныя шары Эўразьвязу; беларускі прэзыдэнт Лукашэнка намагаўся паставіць сябе ў пазыцыю галоўнага пасярэдніка на перамовах паміж Расеяй, Украінай і заходнімі краінамі, якія адбыліся ў Менску за апошні месяц.

Нягледзячы на перамовы ў Менску, адносіны паміж Лукашэнкам і расейскім прэзыдэнтам Уладзімерам Пуціным апошнім часам зрабіліся халаднейшымі. Тавары Эўразьвязу, якія патрапілі пад расейскія санкцыі, прасочваюцца ў Беларусі, перапакоўваюцца, а потым прадаюцца ў Расею. Падбадзёраны Казахстанам, Менск вырашыў выказаць нязгоду з маштабамі расейскіх амбіцый, і гэта таксама стала крыніцай трэньняў з Масквой.

Побач з гэтымі рэгіянальнымі зрухамі, ва ўнутранай палітыцы Беларусі заўважныя знакі зьменаў, у той час як лідэры рыхтуюцца да выбараў 2015 году. У чэрвені быў вызвалены вядомы палітвязень Алесь Бяляцкі. У кастрычніку Эўразьвяз мае вырашыць, ці аднавіць санкцыі супраць Беларусі. Хоць гэтыя захады верагодна будуць працягнутыя, некаторыя эўрапейскія дыпляматы заклікаюць да большай паблажлівасьці. Апазыцыйная кааліцыя зь сямі партыяў у апошнія тыдні абмяркоўвае магчымасьці вылучыць адзінага кандыдата на выбарах 2015 году. Некалькі эўрапейскіх арганізацыяў падтрымліваюць гэтыя намаганьні ў пабудове агульнай плятформы...

Эўразьвяз і краіны-чальцы будуць намагацца па магчымасьці заахвоціць Беларусь да ўзаемадзеяньня. Пры гэтым яны ня будуць заплюшчваць вачэй на шматлікіх палітвязьняў у краіне, але паспрабуюць знайсьці сфэры для супрацоўніцтва, зьвязаныя з тэхнічнай рэформай кіраваньня, правесьці якую урад Лукашэнкі выказаў гатоўнасьць. Эўрапейскія лідэры таксама павінны перагледзець, якія менавіта імёны будуць у сьпісе санкцыяў, і зрабіць авансы Менску, каб заахвоціць да далейшага вызваленьня палітычных вязьняў. Вядома ж, цяжкае становішча палітвязьняў гэта не адзіная праблема і яна не павінна адцягваць увагі ад патрэбы супрацоўніцтва для паступовай, доўгатэрміновай структурна-інстытуцыйнай мадэрнізацыі...

Нішто з гэтага радыкальна не памяняе унутраную палітыку краіны ці яе вонкавую арыентацыю. Беларусь застанецца найбольш ізаляванай краінай Эўропы, а рэжым будзе працягваць абвяшчаць пра салідарнасьць з Расеяй. Тым ня менш суразмоўцы ў Менску заклікаюць Эўразьвяз прыняць ва ўвагу нязначныя зьмены рэжыму. Лукашэнка шукае сфэры ціхага супрацоўніцтва на невысокім узроўні і стратэгічныя супрацьвагі Расеі; грамадзянская супольнасьць шукае падтрымкі ў стварэньні невялікіх сфэраў аўтаноміі. Пакуль невядома, ці здолеюць эўрапейскія і беларускія дзейныя суб’екты цалкам скарыстацца гэтай магчымасьцю.

XS
SM
MD
LG