Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Шварцэнбэрг: калі Кіеву не дапамагчы зброяй, Пуцін зжарэ Ўкраіну


Карэл Шварцэнбэрг

Карэл Шварцэнбэрг

Такое меркаваньне былы міністар замежных спраў Чэхіі Карэл Шварцэнбэрг выказаў у інтэрвію нямецкай газэце Rheinische Post.

У адказ на пытаньне з просьбай пракамэнтаваць папярэджаньне міністра замежных спраў Нямеччыны Франка-Вальтэра Штайнмаера аб новай «халоднай вайне», Шварцэнбэрг заявіў: «Якая „халодная вайна“? Ва Ўкраіне мы ўжо даўно маем гарачую вайну! Я маю зусім клясычнае разуменьне міжнароднага права: Калі адна краіна нападае на другую краіну і вядзе на яе тэрыторыі ўзброеныя дзеяньні, як гэта робіць Расея з Украінай, то гэта вайна. Усё астатняе гэта самападман».

Ён заклікаў краіны Захаду даць Украіне зброю, каб дапамагчы ў барацьбе з прарасейскімі сэпаратыстамі. «Інакш у краіны няма ніякага шанцу ў барацьбе супраць лепш узброеных і падрыхтаваных расейскіх войскаў, і Уладзімір Пуцін зжарэ Ўкраіну па частках», — заявіў былы міністар.

Шварцэнбэрг раскрытыкаваў пазыцыю Нямеччыны, у якой многія, на яго думку, заплюшчваюць вочы на рэальны стан рэчаў у сучаснай Расеі. «Шмат хто ўсё яшчэ хоча верыць у нейкае непаразуменьне. Яны ўспамінаюць, як Уладзімір Пуцін выступаў па-нямецку ў Бундэстагу, і думаюць пра плённае эканамічнае супрацоўніцтва з Расеяй», — сказаў Карэл Шварцэнбэрг.

XS
SM
MD
LG