Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Прэм’ер Фінляндыі: Пара пераасэнсаваць адносіны з Расеяй


Аляксандар Стуб
Аляксандар Стуб

Фінскі прэм’ер Аляксандар Стуб у інтэрвію Frankfurter Allgemeine Zeitung заявіў, што інтэграцыя Расеі з Захадам была ілюзіяй.

Фінляндыя пасьлядоўна падтрымлівае санкцыі Эўразьвязу супраць Расеі, заявіў Аляксандар Стуб у інтэрвію Frankfurter Allgemeine Zeitung:

«Адзіныя рэсурсы, якія ёсьць у адносінах з Масквой, — эканамічныя. Таму мы ад самога пачатку за тое, каб санкцыі прымяняліся як мае быць».

Што да асьцярогаў, каб Масква не адмовіла эўрапейскім авіякампаніям у праве пралёту над Расеяй, ад чаго безумоўна моцна пацярпела б Фінляндыя, Аляксандар Стуб адказаў:

«Не, гэта каштавала б вельмі дорага для Расеі. Працягласьць нашай сумеснай мяжы з Расеяй — 1300 км. Расея побач з нашымі найбуйнейшымі гандлёвымі партнэрамі — Нямеччынай ды Швэцыяй. Мы не прадаём свае прынцыпы. У 1995 годзе мы зрабілі выбар — быць разам з ЭЗ. Таму мы ня можам быць арбітрам паміж ЭЗ і Расеяй. Мы гуляем за сваю каманду і спадзяёмся на дыпляматычнае рашэньне. Гэта няпростая сытуацыя. Пасьля другога этапу санкцыяў напружаньне ва Ўкраіне хоць і не ўзрасло, але і ня зьменшылася. Ёсьць пагадненьне аб спыненьні агню, але расейскія войскі па-ранейшаму займаюць частку Ўсходняй Украіны.

— Расейскія салдаты?

— Расейскія салдаты. Гэта не «маленькія зялёныя чалавечкі». Ня трэба быць ваенным экспэртам, каб прызнаць, што гэта расейскія салдаты.

— Мы ідзем назад, да халоднай вайны?

— Магчыма, не, але, безумоўна, пара пераасэнсаваць нашы адносіны з Расеяй. Паміж 1990 і 2013 гадамі пераважала мяккая гаворка, ішлося пра інтэграцыю Расеі з Захадам.

Мы забыліся, што расейцы ня маюць ані найменшага жаданьня прымаць правілы, яны хочуць праводзіць свае правілы ў жыцьцё. А мы б хацелі навязаць Расеі заходнюю мадэль. Гэта проста не працуе. Мы павінны прызнацца сабе ў гэтым, і мы павінны нанава прадумаць нашы адносіны з Расеяй. Хоць напачатку ў Расеі была дэмакратызацыя, і мы таксама лічылі, што расейскі рынак адкрыецца. Але потым вярнулася старая сілавая палітыка. Для Масквы зьнешняя палітыка — гульня з нулявой сумай: ты выйграеш, я страчваю. У 2008 годзе, падчас вайны ў Грузіі, былі сыгналы трывогі. І мы павінны былі прачнуцца. Вяртаньне да стратэгічнага партнэрства з Расеяй зойме багата часу.

— Ці будзе гэта магчыма з гэтым расейскім кіраўніцтвам?

— Я ня ведаю. Але гэтае кіраўніцтва Расеі складаецца толькі з аднаго чалавека. Таму цяпер адносіны ЭЗ і Расеі — у працяглай цяжкой фазе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG