Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Для школьнікаў беларуская мова — як сувэнір


«Для вучняў беларуская мова — нейкі сувэнірчык, які можна паставіць на палічку за шклом і ведаць, што так, гэта наша мова, але мы ёй не карыстаемся», — настаўнік беларускай мовы і літаратуры магілёўскай гімназіі Юрась Каласоўскі, бацькі і экспэрты патлумачылі Радыё Свабода, што дасьць дзеткам дадатковая гадзіна беларускай мовы ў тыдзень.

29 верасьня Аляксандар Лукашэнка прапанаваў Міністэрству адукацыі забясьпечыць школьнікам яшчэ адну дадатковую гадзіну беларускай мовы. «На беларускай мове, скажам шчыра, у побыце, дома мы размаўляем менш. Дык, можа, трэба школе на карысьць беларускай мовы даць адну гадзіну, а не ангельскай», — цытуе словы кіраўніка Беларусі дзяржаўнае агенцтва БЕЛТА.

Ці дапамогуць словы Лукашэнкі школьнікам у вывучэньні беларускай мовы?

Паводле праграмы пятыя-шостыя клясы маюць тры гадзіны беларускай мовы на тыдзень, а сёмыя, восьмыя і дзявятыя — толькі дзьве.

На фоне рэдкіх выпадкаў барацьбы бацькоў за беларускамоўнае школьнае навучаньне і драматычнай гісторыі Ялінкі Салаўёвай з Магілёва — адзінай вучаніцы ў беларускамоўнай клясе — заявы Аляксандра Лукашэнкі грамадзкасьць успрыняла неадназначна.

Асабліва падазроным падаецца тое, што дзеля вывучэньня беларускай мовы давядзецца ахвяраваць ангельскай. Глеба Лабадзенку, выкладчыка курсаў «Мова нанова», гэта не засмучае:

Глеб Лабадзенка
Глеб Лабадзенка

«Я б дадаў беларускай мовы замест любога прадмета. Хай вучаць больш замест фізкультуры, ангельскай, сьпеваў ці любога іншага прадмета», — кажа Глеб.

«МоваНанова» нядаўна абвясьціла набор на курсы роднай мовы для самых маленькіх. За пару тыдняў маюць больш за сорак заяваў. Па словах Лабадзенкі, запісваюць сваіх дзетак найперш расейскамоўныя бацькі з матывацыяй: «Я ня здолела, хай дзіця ведае».

Маме чатырох дзяцей, выкладчыцы беларускай мовы на будучых курсах Алене Церашковай такая альтэрнатыва не падабаецца. Дзеці Алены выхоўваюцца па-беларуску, але наведваюць школу з расейскай мовай навучаньня:

Алена Церашкова разам з дзецьмі
Алена Церашкова разам з дзецьмі

Ня ведаю, цешыцца ці палохацца, — кажа Алена. — Толькі што мы цешыліся, што дабавілі дадатковую гадзіну ангельскай мовы, і гэта таксама вельмі важна. Што тычыцца школьнага ўзроўню выкладаньня беларускай мовы, то, натуральна, шмат дзе ён пакідае жадаць лепшага. Але настаўнікі стараюцца аддаць дзецям максымум. Сапраўды, з-за таго, што гадзін малавата, шмат якія дзеці ставяцца да прадмета як да прахаднога, і беларуская мова ўяўляе большую складанасьць, чым ангельская.

У мяне ёсьць гатовы рэцэпт. Усе вусныя навукі ў школе — гісторыю, геаграфію, біялёгію, астраномію — нішто не замінае выкладаць па-беларуску. І гэта дало б плён хутчэй, чым дадатковая гадзіна. Дзеці хутка б навучыліся гаварыць».

Настаўнікі беларускай мовы, зь якімі нам удалося пагаварыць, магчымыя перамены ўспрымаюць пазытыўна. Для іх гэта і дадатковыя грошы, і падвышэньне прэстыжу.

Інэса, настаўніца беларускай мовы і літаратуры зь Менску, кажа, што важна, каб гэтая гадзіна была абавязковай, а не факультатыўнай:

«Для пятага-шостага клясу нармальна тры гадзіны ў тыдзень. А ў сёмых-восьмых клясах дзьве гадзіны мовы і адна літаратуры — гэта жудасна мала, — тлумачыць Інэса. — Яны не пасьпяваюць наслухацца беларускай мовы, мець у памяці гэтыя выразы, словы, тым больш не пасьпяваюць навучыцца правільна размаўляць».

«Важна, каб дзяржава рабіла такія хаця б сымбалічныя крокі, — разважае настаўнік магілёўскай гімназіі Юрась Каласоўскі. — Трэба пабольшыць колькасьць гадзін беларускай мовы ў школе. Мы бачым, што калі дзеці займаюцца па пяць гадзін ангельскай мовай, то тут яўны дысбалянс. Такія крокі паказваюць, што дзяржава падтрымлівае беларускасьць».

Па словах настаўніка, вучні збольшага прыхільна ставяцца да беларускай мовы, а для настаўнікаў дадатковая гадзіна — гэта грошы, прэстыж і аўтарытэт, што ва ўмовах школы зусім не пусты гук. Асабліва, як высьвятляецца, для настаўнікаў беларускай мовы.

«Для многіх настаўнікаў сама беларуская мова — толькі прадмет, магчымасьць зарабіць грошы, нават невялікія. Я за сваю працу ў гімназіі сфармуляваў такі настаўніцкі прынцып — зь дзецьмі і па-за ўрокамі размаўляць толькі па-беларуску. Тады яны бачаць, што мова — гэта жывы інструмэнт зносін. А шмат для каго з настаўнікаў беларуская мова сканчаецца са званком з уроку. Такіх настаўнікаў шмат», — кажа настаўнік.

Намесьніца старшыні Таварыства беларускай школы Тамара Мацкевіч зазначае, што дзецям цяжка патлумачыць, навошта ім вучыць беларускую мову, калі яна зусім выціснутая з ужытку. Не ўратуе сытуацыю і дадатковая гадзіна.

Тамара Мацкевіч
Тамара Мацкевіч

"Калі б хацелі больш увагі аддаваць беларускай мове, то трэба было паглядзець, як гэта зрабілі іншыя краіны, у якіх было нашмат горшае становішча, чым у нас. Напрыклад, у Эстоніі, калі краіна стала незалежнай, палова насельніцтва была расейскамоўнага. Эстонская мова цяжкая для вывучэньня. Але яны паступова прынялі закон, што ў іх школа павінна адзін прадмет у год перавесьці на эстонскую мову. А ў нас што было? Гісторыя Беларусі, геаграфія, яшчэ нейкія прадметы былі пераведзеныя на расейскую мову. Нават калі дадуць на вывучэньне беларускай мовы гадзіну дадатковую, гэта ня дасьць нашым дзецям, якія жывуць у расейскамоўнай прасторы, загаварыць па-беларуску. Нешта будуць ведаць лепш, але яны ня будуць актыўна карыстацца мовай так, як было б, калі б яны вывучалі гісторыю, геаграфію, сусьветную літаратуру", — кажа Мацкевіч.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG