Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейская ўлада зьнішчае нацыянальныя структуры крымскіх татараў — экспэрт


Расейская ўлада анэксаванага Крыму пасьля паказальнай расправы над Мэджлісам крымскататарскага народа ўзялася за нацыянальны зьезд крымскіх татараў — Курултай.

Праўда, на гэты раз «ўлада» фармальна ні пры чым. Ідэю арганізаваць альтэрнатыўны Курултай агучыў былы ўкраінскі дзяржслужбовец, а цяпер — старшыня грамадзкай арганізацыі, якая прэтэндуе на ролю галоўнага пасярэдніка паміж уладнымі структурамі і крымскімі татарамі. Экспэрты прагназуюць, што напады на традыцыйныя крымскататарскія грамадзка-палітычныя інстытуты будуць працягвацца.

З моманту зьяўленьня грамадзкай арганізацыі «Кырым бірлігі», што ў перакладзе азначае «Адзінства Крыму», у Мэджлісе загаварылі пра спробу стварэньня ляяльных расейскай уладзе «кішэнных» структураў зь ліку крымскіх татараў. На чале новастворанай арганізацыі стаў бізнэсовец Сэйтумэр Німэтулаеў, які да анэксіі Крыма называў сябе «крымскім татарынам украінскага паходжаньня», і пасьпяхова запанаваў ня толькі ў бізнэсе, але і на дзяржслужбе, у 2006 годзе узначаліўшы Генічэскі раён Херсонскай вобласьці. У свой час Німэтулаеў зрабіў і палітычную кар’еру, быў кіраўніком мясцовага аддзяленьня Партыі рэгіёнаў.

Новы Курултай абяцаюць стварыць у кастрычніку 2015

Рэзкая крытыка выканаўцы абавязкі «кіраўніка Рэспублікі Крым» Сяргея Аксёнава на адрас Мэджліса прагучала практычна адначасова з заявай «Кырым бірлігі» аб правядзеньні новага Курултая. Аксёнаў заявіў, што «ня бачыць сэнсу размаўляць з арганізацыяй, якая ня мае рэгістрацыі ў расейскім прававым полі». Німэтулаеў загаварыў пра тое, што хоча склікаць новы Курултай у адпаведнасьці з расейскім заканадаўствам.

«Я лічу, што той Курултай — такі, які ён ёсьць, — ня можа прадстаўляць волю крымскататарскага народа. У нас сёньня ёсьць усе магчымасьці спыніць існаваньне гэтага Курултая, прызначыць новыя выбары, правесьці іх», — заявіў Сэйтумэр Німэтулаеў.

Для дэманстрацыі сур’ёзнасьці намераў былі агучаныя ня толькі пляны, але і дата, да якой павінны абраць новы Курултай, — кастрычнік 2015 году.

«Паралельны» Курултай будзе самаабвешчаным — экспэрт

Сэйтумэр Німэтулаеў і сам прызнае, што паўнамоцтваў у яго грамадзкай арганізацыі на правядзеньне выбараў да нацыянальнага зьезду няма. Аднак гэтае пытаньне ён плянуе вырашыць зь юрыстамі, каб знайсьці ў правым полі Расейскай Фэдэрацыі магчымасьці для рэалізацыі сваіх плянаў.

Экспэрт Цэнтра блізкаўсходніх дасьледаваньняў Ігар Сяміволас перакананы, што стварэньне альтэрнатыўнай структуры магчымае толькі пры падтрымцы расейскіх уладаў.

«Яе вартасьць, яе кошт у сапраўдных палітычных раскладах будзе мінімальнай. Але Расея зможа выкарыстоўваць іх („альтэрнатыўныя“ структуры крымскіх татараў — рэд.) для дасягненьня тых ці іншых мэтаў, для маніпуляваньня грамадзкай думкай, для далейшага расколу нацыянальнага руху крымскіх татараў, яго зьнішчэньня, а менавіта на гэта накіраваны гэтыя намаганьні», — адзначыў Ігар Сяміволас.

Рэпрэсіі супраць крымскататарскіх актывістаў будуць працягвацца — Мэджліс

Намесьнік старшыні Мэджліса крымскататарскага народа Ахтэм Чыйгоз 29 верасьня сустракаўся з прадстаўніком прэзыдэнта Расейскай Фэдэрацыі ў Крыме Алегам Белавенцавым. Па словах намесьніка старшыні Мэджліса, нягледзячы на зычлівы тон размовы ў цэлым, ілюзіяў адносна рэальных мэтаў ўлады ў яго няма.

«Дыялёг дзеля дыялёгу нікому не патрэбны — ні ўладзе, ні Мэджлісу. Прынцыпы, якія дэкляруе Мэджліс, вельмі нязручныя для ўлады. Напрыклад, наша права на самавызначэньне, пра якое мы нагадалі на Курултаі 29 сакавіка гэтага году», — нагадаў Чыйгоз.

Адначасова, на яго думку, варта чакаць і далейшых рэпрэсіяў і ціску на сябраў прадстаўнічых органаў крымскіх татараў — Мэджліса і Курултая, а таксама актывістаў нацыянальнага руху.

Курултай крымскататарскага народа — форма нацыянальнай грамадзка-палітычнай арганізацыі крымскіх татараў, што прэтэндуе на паўнамоцнае прадстаўніцтва крымскататарскага народа. Першы зьезд дэлегатаў Курултая адбыўся ў 1917 годзе, другі — толькі ў 1991 годзе. Для крымскіх татараў Курултай на працягу ўсяго пэрыяду яго існаваньня зьяўляецца дэмакратычным інструмэнтам вырашэньня агульнанацыянальных пытаньняў шляхам дэлегаваньня паўнамоцтваў. Дэлегаты абіраюцца тэрмінам на 5 гадоў паводле зьмяшанай сыстэмы і працуюць на грамадзкіх пачатках. Апошнія выбары ў Курултай адбыліся ў 2013 годзе.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG