Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Вядомы расейскі гангстэр хваліцца падарункам Пуціна


Уладзімер Пуцін

Уладзімер Пуцін

Меркаваны лідэр адной з самых вядомых злачынных груповак Расеі – Сонцаўскай – Сяргей Міхайлаў сьцьвярджае, што Ўладзімер Пуцін узнагародзіў яго прэзыдэнцкім гадзіньнікам. Крэмль гэта адмаўляе.

Прэзыдэнт Расеі Ўладзімер Пуцін неаднаразова асуджаў хаос, злачыннасьць і бандыцкі капіталізм, якія, паводле ягонага перакананьня, мелі месца ў Расеі ў так званыя «дзікія 1990-я гады» пасьля распаду Савецкага Саюзу.

Паводле шырока распаўсюджанага меркаваньня, Сяргей Міхайлаў зьяўляецца лідэрам магутнай Сонцаўскай арганізаванай злачыннай групы. Нядаўна ён пахваліўся на сваім вэб-сайце, што Пуцін 14 траўня сёлета ўзнагародзіў яго прэстыжным гадзіньнікам.

У якасьці доказу ўзнагароды, Міхайлаў апублікаваў фатаграфіі гадзіньніка з выявай двухгаловага арла на каробцы і суправаджальнага пасьведчаньня, нібыта падпісанага прэзыдэнтам Расейскай Фэдэрацыі.

Таксама Міхайлаў напісаў на сваім сайце, што Пуцін узнагародзіў яго прэзыдэнцкім гадзіньнікам за ягоную дзейнасьць сярод вэтэранаў Другой сусьветнай і ўдоваў герояў Савецкага Саюзу і Расеі, а таксама пасьмяротных уладальнікаў іншых высокіх узнагарод.

Прэс-сакратар Пуціна Дзьмітры Пяскоў, аднак, назваў паведамленьне Міхайлава «фэйкам». Гэта фальшыўка, – сказаў Пяскоў у інтэрвію нашаму Радыё і паведаміў, што Крэмль ня будзе зьвяртацца з прэтэнзіямі да сайту Міхайлава, таксама вядомага пад мянушкай «Міхась». Навошта нам гэта трэба? – сказаў Пяскоў. – Мы нічога пра гэта не паведамлялі, значыцца гэтага не было.

Тым часам праваахоўныя органы Расеі, ЗША і Эўропы вызначаюць Міхайлава як аднаго з самых уплывовых гульцоў у злачынным сьвеце Расеі, хоць ён ніколі ня быў асуджаны ў сувязі з яго меркаванай датычнасьцю да мафіі.

Радыё Свабода змагло пагаварыць з адным з супрацоўнікаў Міхайлава, які на ўмовах ананімнасьці сказаў, што Міхайлаў таксама не жадае камэнтаваць усю справу і адсылае цікаўных да свайго сайту.

Мяркуецца, што ўзнагарода ад Пуціна для боса мафіі прайшла б незаўважанай, калі б у пачатку гэтага месяца вядомы расейскі блогер і крытык Крамля Андрэй Мальгін паўторна не перапосьціў фатаграфіі прэзыдэнцкіх падарункаў, апублікаваных на сайце Міхайлава.

Увага журналістаў вымусіла Міхайлава апублікаваць адкрыты ліст, у якім ён бароніць сваю рэпутацыю. «Гэта праўда, я раней затрымліваўся органамі аховы парадку як у Расеі, так і за мяжой. Але ўрэшце яны заўсёды прасілі ў мяне прабачэньня», напісаў ён.

Міхайлаў дадаў, што ягоная дабрачынная арганізацыя за апошнія 20 гадоў ахвяравала на патрэбы дабрачыннасьці больш за 100 мільёнаў даляраў, і што ніхто не павінен быць зьдзіўлены, што такая шчодрасьць была заўважана Крамлём.

Радыё Свабода папрасіла пракамэнтаваць сытуацыю экспэрта ў галіне расейскай арганізаванай злачыннасьці, прафэсара Нью-Ёрскага ўнівэрсытэту Майкла Галеоці.

«Гэта дзіўна па дзьвюх прычынах. Па-першае, Міхайлаў або Міхась зьяўляецца настолькі вядомым на нацыянальным і міжнародным узроўні крымінальнікам, што вы можаце пайсьці ў Маскве ў кнігарню і знайсьці там шэраг кніг пра ягоную дзейнасьць. А па-другое, я маю на ўвазе асабіста Пуціна. Адна справа, калі ўзнагароджвае дзяржава, але тут справа ідзе пра іншае. Такі падарунак – гэта даволі пэрсаналізаваная рэч, і гэта самае дзіўнае – асабісты ўдзел у гэтай справе самога Пуціна».

XS
SM
MD
LG