Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гарадзенец: «Усё роўна будзем езьдзіць у Польшчу, бо там усё таньнейшае»


З 1 кастрычніка ў аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы з Польшчай, Літвой і Латвіяй спыняецца пешаходны рух. Улады абяцаюць, што — часова. Жыхары памежных рэгіёнаў на Гарадзеншчыне ў гэтыя дні масава імкнуцца пешшу перайсьці мяжу.

На памежным пераходзе ў Брузгах, што за 18 кілямэтраў ад Горадні, на аўтастаянцы сёньня няма дзе прыпаркавацца. Людзі ставяць аўта проста на ўзбочыне дарогі, замыкаюць іх і сьпяшаюцца на памежны пераход.

А з другога боку цягнуцца людзі ўжо з Польшчы з торбамі і пакетамі. Некаторыя сьпяшаюцца, ня хочуць гаварыць, бо плянуюць зараз яшчэ раз ісьці ў Кузьніцу. На тое, што з заўтрашняга дня пешы пераход зачыняецца, людзі рэагуюць даволі эмацыйна.

Спадарыня: «У цывілізаваных краінах даўно ні пешых, ніякіх пераходаў няма. Хацелася б і нам быць цывілізаванымі. А пакуль нам гэты пешы пераход патрэбны, прычым абавязкова».

Спадар: «Быў бардак у нашай дзяржаве і будзе...»

Яшчэ адна спадарыня, прыпыніўшыся аддыхацца, спакайней тлумачыць, што ўсе зь нецярпеньнем будуць чакаць рэканструкцыі пераходу для пешага руху, бо людзям гэта вельмі зручна.

Спадарыня: «Пешшу нам вельмі зручна, бо таньней абыходзілася дарога, чым на цягніку. Вось паглядзіце, і каўбаскі, і сасіскі, і ёгурты нясём з сабою. Вось сюды амаль да мяжы даяжджаем аўтобусам „Гродна-Падліпкі“, а тут ужо трошачкі на пяхоту. Я думаю, улады павінны гэта аднавіць, бо людзям вельмі зручна».

Я думаю, улады павінны гэта аднавіць, бо людзям вельмі зручна»

Яшчэ адзін спадар, які прынёс у руках дзьве аўтапакрышкі, не спадзяецца, што пешы пераход хутка адновяць.

Спадар: «Яны тлумачаць тым, што ў нас няма такога пераходу, як у Польшчы. Там, вядома, усё больш цывільна зроблена, пешаходы ідуць асобна, а ў нас ідуць па тым пераходзе, дзе езьдзяць машыны. Але гэта нікому не перашкаджала. А цяпер, адчуваецца, гэтая рэканструкцыя пры нашай уладзе зацягнецца гадоў на пяць, калі ня болей...»

Карэспандэнт: «Я гляджу, вы пакрышкі купілі...»

Спадар: «Ну так, бо там таньней і добрая фірма — нямецкая. А ў нас толькі „Белшына“ і нічога болей, ніякай канкурэнцыі».

Спадарыня падтрымлівае суразмоўцу і дадае, што гарадзенцы маглі нават пасьля працы схадзіць у Кузьніцу ў краму па харчы, і гэта было ўсім вельмі зручна:

Спадарыня: «Ну вось зусім блізка крама „Бядронка“. Там, калі ласка, і сасіскі, і шынка, булачкі, пончыкі, малочнае ўсё, нават парашок пральны там купляем. „Дамэстас“ для прыбіральні, дэзадаранты, ды ўсё. І якасьць там значна лепшая, ня толькі цэны ніжэйшыя».

Каля нас прыпыняецца старэйшы спадар пэнсійнага веку. Ён перакананы, што ўлады наўмысна зачыняюць пешы пераход, каб людзі не хадзілі і не насілі харчоў з Польшчы.

Я наагул ня веру, што яго яшчэ адчыняць. Гэта ўжо ўсё, канец...

Спадар: «Я наагул ня веру, што яго яшчэ адчыняць. Гэта ўжо ўсё, канец...»

Карэспандэнт: «То цяпер вы ўжо ня будзеце езьдзіць у Польшчу па харчы?»

Спадар: «Усё роўна будзем езьдзіць. Цягніком будзем езьдзіць, хоць, вядома, гэта ўжо будзе абыходзіцца даражэй. Але там усё таньнейшае, і для нас гэта будзе выгадна».

Маладзейшы спадар шкадуе ня толькі аб тым, што ў Кузьніцу можна было схадзіць па танныя харчы.

Спадар: «Вельмі шкада, што зачыняюць пешы пераход, бо гэтым самым яны пазбаўляюць нас права на такую своеасаблівую свабоду, калі можна так сказаць. Дый дзе гарантыя, што наступным крокам ня будзе закрыцьцё цягніка і г. д.?»

Паводле афіцыйнай інфармацыі, у аўтадарожных пунктах пропуску на мяжы з Латвіяй, Літвой і Польшчай пешаходны рух часова спыняецца, бо ў беларускіх пунктах пропуску няма неабходнай інфраструктуры для пешаходнага руху: асобных пешаходных калідораў, асобных тэрміналаў мытнага і памежнага афармленьня. Гэта нібыта не забясьпечвае неабходнага ўзроўню бясьпекі пешаходаў і стварае складанасьці ў пунктах пропуску, якія раней праектаваліся выключна як аўтадарожныя.

XS
SM
MD
LG