Лінкі ўнівэрсальнага доступу

СМС-мінёра мэтро прызналі яшчэ і гвалтаўніком і пакаралі 9 гадамі зьняволеньня


У Цэнтральным судзе Менску агалошаны прысуд менчуку, які ў лютым набраў у мабільніку СМС з пагрозай узарваць мэтро.

9 гадоў зьняволеньня — такі прысуд вынес судзьдзя Аляксандар Якунчыхін з Цэнтральнага суду Менску жыхару сталіцы Канстанціну Сіманаву. У лютым Канстанціна Сіманава затрымала ў мэтро служба бясьпекі, якая адрэагавала на паведамленьне адной з пасажырак. Тая выпадкова ўбачыла ў яго мабільным тэлефоне тэкст з пагрозамі ўзарваць у мэтро бомбу. Канстанціна Сіманава арыштавалі.

Пазьней сьледзтва выставіла яму абвінавачаньне таксама ў гвалтоўных дзеяньнях сэксуальнага характару адносна непаўналетняй і ў распаўсюдзе парнаграфіі. З абодвума гэтымі новымі абвінавачаньнямі, як і з абвінавачаньнем у заведама ілжывым паведамленьні аб мініраваньні мэтро, суд пагадзіўся.

З прычыны абвінавачаньняў у сэксуальных злачынствах працэс па справе Канстанціна Сіманава быў закрыты. У выніку засталося невядомым прозьвішча дзяўчыны, якую суд прызнаў пацярпелай ад гвалту, а таксама акалічнасьці здарэньня. Між тым сёньня, адразу пасьля абвяшчэньня прысуду, дзяўчына, якая была ў судзе разам з маці, заявіла журналістам, што ніякага гвалтаваньня яе не было. Пасьля такой заявы дзяўчына адмовілася ад камэнтароў і сышла.

Падсудны Канстанцін Сіманаў і адвакат Дзьмітры Гарачка

Падсудны Канстанцін Сіманаў і адвакат Дзьмітры Гарачка

Адвакат Дзьмітры Гарачка, які абараняў у судзе Канстанціна Сіманава, пацьвердзіў, што гэта была пацярпелая. Паводле Дзьмітрыя Гарачкі, ягоны падабаронны нязгодны з прысудам і будзе яго абскарджваць.

«Лічу адназначна, што ёсьць падставы для абскарджваньня прысуду. Але ўсіх акалічнасьцяў раскрываць не магу, бо — закрытае паседжаньне».

Карэспандэнт: «У Беларусі ўпершыню такая справа — паводле СМС?»

«Дарэмна казаць, што ўпершыню. Вядома, адрозьніваецца ад спраў, калі нехта некаму звоніць і нешта паведамляе. Падобныя справы насамрэч былі, але сапраўды гэтая адрозьніваецца паводле спэцыфікі, пра якую казаць не магу».

Паводле крыніц з суду, Канстанцін Сіманаў не прызнаваў сябе вінаватым у распаўсюджваньні пагрозы ўзарваць мэтро і ўвогуле ў такім намеры. Абвінавачаны тлумачыў, што нікому не паказваў набранага ў мабільніку паведамленьня, у тым ліку той жанчыне, якая яго выпадкова прачытала. Сьледзтва між тым сьцьвярджала, што СМС было адпраўленае і факт пагрозы быў.

Што да абвінавачаньня ў дзеяньнях гвалтоўнага характару адносна непаўналетняй, то, паводле падсуднага, яны не былі даказаныя, да таго ж іх не пацьвердзіла пацярпелая.

Пры гэтым, як лічыць адвакат Дзьмітры Гарачка, ягонаму падабароннаму Канстанціну Сіманаву патрэбная кваліфікаваная мэдычная дапамога:

«Ёсьць у яго праблемы са здароўем. Мяркую, з псыхічным здароўем».

Суд не задаволёіў пазоў управы менскага мэтро, якая прасіла спагнаць з падсуднага кампэнсацыю за страчаную выгаду памерам 233 мільёны рублёў. З Канстанціна Сіманава згодна з судовым рашэньнем будзе спагнана 35 мільёнаў рублёў на пакрыцьцё выдаткаў менскай міліцыі і 49 мільёнаў — на кампэнсацыю выдаткаў аб’яднаньня «Мінсктранс».

XS
SM
MD
LG