Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейскі рубель падае — і цягне за сабой беларускіх экспартэраў


Падзеньне курсу расейскага рубля, выкліканае заходнімі санкцыямі і адтокам замежнага капіталу, адаб’ецца на канкурэнтаздольнасьці беларускіх экспартэраў, чыя дзейнасьць завязаная на рынак Расейскай Фэдэрацыі. Паводле афіцыйных дадзеных, ад пачатку году без малога 90% кантрактных паставак зь Беларусі аплочаныя ў расейскай валюце, тады як беларускія рублі не дацягваюць нават да 1%.

Апошнімі днямі расейскі рубель усталёўвае ўсё новыя антырэкорды, ушчыльную падабраўшыся да адзнакі ў 40 за даляр і пераадолеўшы псыхалягічную плянку ў 50 рублёў за эўра. На гэтым тле адзначаецца і ўмацаваньне рубля беларускага: ад 300 за расейскі на пачатку году — да 269 гэтымі днямі. Пра піруэты расейскіх грошай, якія разам з далярам і эўра ўваходзяць у так званы валютны кошык фінансавай гарантыі Беларусі, — аналітык дасьледчай групы BusinessForecast.by Аляксандар Муха:

«Тут, хутчэй, сапраўды, можна разважаць пра тое, што дэвальвацыя расейскага рубля на міжнародным валютным рынку прывяла ў тым ліку і да ўмацаваньня беларускага рубля ў адносінах да рубля расейскага. Тым больш што ўчора расейская валюта абнавіла чарговы гістарычны максымум — афіцыйны курс дасягнуў рэкордных 39,66 адносна даляра ЗША. Натуральна, гэта прыводзіць да таго, што, у сваю чаргу, наш рубель умацоўваецца і ад пачатку году заўважна ўмацаваўся адносна расейскага рубля. Зразумела, што гэта нэгатыўным чынам адбіваецца на цэнавай канкурэнтаздольнасьці тых беларускіх экспартэраў, якія працуюць на расейскім рынку, якія арыентаваныя на экспарт тавараў і паслугаў у Расейскую Фэдэрацыю».

Мадэлі са старых закупаў значна падаражэлі

У агульным абарачэньні на тэрыторыі Беларусі расейскі рубель наўпрост канкуруе з далярам. Практычна ўся сфэра замежных грузаперавозак — гэта транспартныя пастаўкі па рэгіёнах Расеі. Выезды на заробкі — гэтаксама ва ўсходнім кірунку. Дзясяткі тысяч прадпрымальнікаў затаварваюцца на расейскіх рынках і ў аптовых крамах. Гандляр радыёрынку ў Ждановічах, адзін з актывістаў прадпрымальніцкага руху Аляксандар Таўстыка кажа, што абясцэньваньне расейскага рубля ўжо адкарэктавала таварныя цэньнікі:

«Буду гаварыць за радыёрынак, бо людзі сапраўды набываюць у Расеі розныя тэлевізійныя прылады, мікрасхемы, дэталі, таму на тамтэйшых рынках і курсе рубля, канечне, завязаныя балюча. Мушу сказаць, што ў сувязі з гэтым цэны на беларускіх рынках падняліся таксама. Ужо ёсьць такое абмеркаваньне паміж гандлярамі і пакупнікамі. З нашага боку адзінае апраўданьне — мы тут ні пры чым, расейскі рубель падае, а гэта ўплывае на кошт. Наколькі значна? Магчыма, ня дужа значна, у межах вось гэтай фінансавай хібнасьці. Але вялікіх закупаў у расейцаў, альбо новых закупаў большых аб’ёмаў, няма. Напрыклад, нават такія буйныя прадстаўніцтвы і кампаніі, як гандлёвы цэнтар „Мікс“, які займаецца гаджэтамі, кампутарамі, дык калі за апошні тэрмін прасачыць нават па адной пазыцыі „ноўтбук“, то новых паставак не адбывалася, а мадэлі са старых закупаў падаражэлі. Прычым для беларускага рынку досыць значна — каля 100 даляраў. Для расейскага, магчыма, рост не такі істотны».

Знак расейскага рубля

Знак расейскага рубля

Цалкам прывязаўшы сябе да Расеі, Беларусь цяпер мусіць рыхтавацца да форс-мажору. Дагэтуль расейскі рубель лічыўся надзейнай валютай і быў асноўнай разьліковай адзінкай паміж беларускімі і расейскімі суб’ектамі гаспадараньня. Аднак, на лічбах паказвае фінансавы аналітык Аляксандар Муха, такая аднабаковасьць можа дорага каштаваць бюджэту:

«Калі гаварыць пра экспарт у Расею, зьвяртае на сябе ўвагу той факт, што ў студзені-жніўні 2014 году Расея аплаціла 87,1% беларускага экспарту расейскімі рублямі і толькі 0,8% — рублямі беларускімі. Апроч таго, 8% былі аплочаныя далярамі ЗША, 3,7% — эўра і 0,5% — астатнімі валютамі. Я гэта да чаго вяду? Сапраўды, дэвальвацыя расейскага рубля прыводзіць да пагаршэньня цэнавай канкурэнтаздольнасьці беларускіх экспартэраў і, адпаведна, да зьніжэньня паказьнікаў прыбытковасьці — то бок паказьнікаў прыбытку і рэнтабэльнасьці. Ну, зразумелая рэч: паколькі адбываецца пераразьлік, дапусьцім, у даляры ці нават у тыя ж беларускія рублі, то паказьнік зьмяншаецца. Але я ня стаў бы празьмерна драматызаваць сытуацыю, бо можна меркаваць, што наўрад ці гэта адаб’ецца на курсавой палітыцы. Хутчэй за ўсё, бліжэйшым часам можна чакаць працягу плаўнай дэвальвацыі беларускага рубля ў адносінах да асноўных замежных валютаў».

Паводле кулюарных зьвестак, у зьвязку з абясцэньваньнем расейскага рубля і неакрэсьленымі пэрспэктывамі на будучыню беларускія суб’екты гаспадараньня намагаюцца канвэртаваць расейскую валюту ў даляры ці эўра, каб ня страціць на курсавой розьніцы.

Тым часам улады Расеі наракаюць на імклівы адток з банкаў рублёвых укладаў і на спробы буйнога бізнэсу вывесьці капіталы за межы краіны. Як і падчас валютнага крызісу ў Беларусі, дзеля стабілізацыі сытуацыі прадпрыемствы дзяржаўнай формы ўласнасьці абавязаныя выстаўляць пэўную частку валютнай выручкі на біржавыя таргі. Экспэрты прагназуюць, што ў выпадку пралянгацыі санкцыяў з боку Эўразьвязу і ЗША падзеньне рубля будзе працягвацца.

XS
SM
MD
LG