Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Засвойваць беларускую мову як у сям’і — на курсах «Мова Нанова» для малечы


Асьветніцкі брэнд «Мова нанова» запускае курсы беларускай мовы для дзетак дашкольнага веку. Заняткі будуць праходзіць на сталай пляцоўцы курсаў «Мова нанова» — у «Галерэі Ў», па раніцах у выходныя дні. Пасьля таго як 29 верасьня курсы былі анансаваныя, на заняткі запісалі ўжо больш за 30 дзяцей.

Арганізатар курсаў «Мова нанова» Глеб Лабадзенка адзначае, што ўвесь мінулы год наведнікі курсаў для дарослых настойліва прапаноўвалі арганізаваць заняткі і для дзяцей. Некаторыя нават спрабавалі прыводзіць малых на звычайныя курсы:

«Ідэя курсаў для дзетак вісела ў паветры ўвесь мінулы год. Самі людзі прапаноўвалі. Мы бачылі, што яны прыводзяць з сабой дзетак на дарослыя курсы. Але зразумела, што выседзець дзьве гадзіны для іх складана. Раней да курсаў для дзетак не даходзілі рукі, бо цягам першага навучальнага году мы арганізоўвалі працэс у Менску і ў іншых гарадах. А вось цягам лета быў час падумаць пра гэта і арганізаваць. Знайшлася цудоўная выкладніца Алена Церашкова, дзякуючы якой гэтыя курсы і стартуюць».

Алена Церашкова, якая будзе весьці заняткі, — маці чатырох беларускамоўных дзетак. Яна піша для дзяцей вершы, казкі, загадкі, песьні, займаецца перакладам, выдала зборнік паэзіі «У поўны рост ці ўстану», а таксама некалькі кніг для дзетак. Алена мае намер арганізаваць навучаньне такім чынам, каб працэс засвойваньня дзеткамі беларускай мовы быў максымальна набліжаны да таго, як гэта адбываецца ў сям’і. Таму на занятках будзе рабіцца ўхіл на камунікацыю паміж дзецьмі і бацькамі:

«Дзеці будуць удзельнічаць у курсах разам з бацькамі. Адна з мэтаў курсаў — абуджэньне цікаўнасьці да беларушчыны менавіта ў сем’яў. Мы ня будзем падмяняць сабой курсы падрыхтоўкі да школы, таму што дзеці 4–6 гадоў павінны гуляцца — гэта іх натуральны стан. Вось мы і будзем зь імі гуляцца, паступова ўцягваючы іх у вывучэньне мовы так, як яно адбываецца натуральным шляхам у сям’і — праз працэс узаемадзеяньня паміж дзецьмі і бацькамі. Будуць пэўныя тэмы, каб дзеці засвойвалі лексыку блёкамі. Але гэта ня будзе так, калі трэба запісваць пад дыктоўку і вучыць. Будзем імкнуцца падаваць матэрыял вельмі цікава — і празь літаратурныя творы, і праз мульцікі».

Выкладчыца Алена Церашкова з сваімі дзецьмі
Выкладчыца Алена Церашкова з сваімі дзецьмі

Выкладчыца кажа, што на курсы непазьбежна зьбяруцца дзеці грамадзкіх актывістаў і палітыкаў, але арганізатары былі б рады бачыць там і дзяцей зь сямей, далёкіх ад палітыкі.

«Зразумела, што актывісты не застануцца ўбаку ад гэтых курсаў. Але дзецям актывістаў ёсьць хіба патрэба ў камунікацыі паміж сабой. А вось мы б былі вельмі рады бачыць на курсах дзяцей са звычайных сем’яў, далёкіх ад палітыкі і актывізму, але якія павінны складаць базу грамадзянскай супольнасьці, бо бязь іх адны толькі актывісты нічога ня зробяць. Ідэя ня ў тым, каб прыцягнуць прыцягнутых, а ў тым, каб да прыцягнутых далучаліся ўсё новыя і новыя колы грамадзтва».

Алена Церашкова цяпер працуе ў дзіцячай танцавальна-спартовай студыі «Дзеткі плюс», дзе вядзе беларускамоўны гурток. Выкладчыца адзначае, што хоць яна і ня мае пэдагагічнай адукацыі, на якасьці дзіцячай «Мовы нанова» гэта не адаб’ецца.

«У мяне глыбокія настаўніцкія традыцыі ў сям’і. Мая маці больш за 40 гадоў працавала ў школе, я шмат у чым ёй дапамагала. Мае дзеці ўжо ходзяць у школу, і я супрацоўнічаю зь іх настаўнікамі, мы разам ладзім розныя мерапрыемствы. Таму тут я спадзяюся на такі свой досьвед. А ўменьне працаваць зь дзецьмі ў мяне ёсьць».

Курсы беларускай мовы для дзетак распачнуцца 4 або 5 кастрычніка ў «Галерэі Ў». Дата стане канчаткова вядомая, калі падвядуць вынікі галасаваньня на сайце «Мова нанова».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG