Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Рэктара ЭГУ Анатоля Міхайлава адпраўляюць у «пачэсную адстаўку»


Анатоль Міхайлаў, рэктар ЭГУ
Анатоль Міхайлаў, рэктар ЭГУ

Адзін з заснавальнікаў ЭГУ Анатоль Міхайлаў пакідае пасаду рэктара і цяпер будзе займаць новаствораную пасаду прэзыдэнта Эўрапейскага гуманітарнага ўнівэрсытэту.

«Анатоль Міхайлаў — выбітны дзеяч у галіне адукацыі, чыя роля як кіраўніка была ключавой і ў справе стварэньня ЭГУ ў Менску, і потым для яго аднаўленьня ў выгнаньні пасьля гвалтоўнага закрыцьця беларускімі ўладамі. Я рады, што зараз ён працягне сваё шчыльнае супрацоўніцтва з унівэрсытэтам як старэйшы дарадца і выкладчык», — заявіў прафэсар Дэніэл Таршыс, старшыня Кіраўнічай рады ЭГУ.

У ЭГУ адзначаюць, што новае прызначэньне Міхайлава ажыцьцявіў вярхоўны кіраўнічы орган ЭГУ — Усеагульны сход сузаснавальнікаў — «у сувязі зь пераглядам Статуту ўнівэрсытэту».

Хутка будзе абвешчаны конкурс на займаньне пасады рэктара. Да моманту, пакуль пераемнік Міхайлава ня зойме пасаду, часова выконваць абавязкі рэктара будзе Дэвід Полік.

Былы кіраўнік сэнату ЭГУ, прафэсар Павал Церашковіч у інтэрвію Радыё Свабода выказаў меркаваньне, што фактычна размова ідзе пра ганаровую адстаўку рэктара Міхайлава.

«Шчыра кажучы, пра магчымасьць такога варыянту гаварылася даволі даўно. Зразумела, што існуюць вялікія праблемы менавіта ў сыстэме кіраваньня ўнівэрсытэтам, і шмат у чым гэтыя праблемы зьвязаныя непасрэдна з асобай рэктара. Зь іншага боку, Анатоль Міхайлаў — адзін з заснавальнікаў унівэрсытэту, і, хутчэй за ўсё, Кіраўнічая рада вырашыла ў якасьці пашаны зрабіць такую сымбалічную пасаду прэзыдэнта. Таму, на мой погляд, гэта досыць рацыянальны крок. Сапраўды, улада павінна быць зьменена і кіраваць унівэрсытэтам павінна больш прафэсійная і спрактыкаваная асоба. Фактычна гэта такая пачэсная адстаўка Міхайлава, якая, дарэчы, рыхтавалася ўжо досыць даўно», — адзначыў Церашковіч.

Апошнім часам імя Міхайлава было зьвязанае з шматлікімі скандаламі ў ЭГУ. Яго абвінавачвалі ў аўтарытарызьме і акадэмічных рэпрэсіях супраць выкладчыкаў, нязгодных з палітыкай кіраўніцтва ЭГУ.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG