Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У каляровым сьвеце сьляпой дзяўчыны


Ці лёгка невідушчаму асвоіць беларускую мову і што рабіць, каб не адчуваць сябе выкінутым з грамадзтва, Свабодзе распавядае інвалід па зроку зь Менску Кацярына Раскошная.

Брэйн-рынг у цемры

Сустракаемся з Кацярынай Раскошнай на Другім абласным конкурсе брэйн-рынгу сярод інвалідаў па зроку, які адбываецца ў тэрытарыяльным цэнтры сацыяльнага абслугоўваньня насельніцтва Маскоўскага раёну Менску. Каманда «Залатая моладзь», у якую ўваходзіць Каця, добра спраўляецца з шэрагам пытаньняў па гісторыі, міталёгіі, кінэматографе, мовазнаўстве і бярэ ганаровае трэцяе месца. Прызы — дробная бытавая тэхніка. Каціна каманда, напрыклад, атрымлівае кухонную вагу для прадуктаў. Уражваюць удзельнікі брэйн-рынгу: сярод невідушчых інтэлектуалаў сустракаем прафэсара — знаўцу кітайскай мовы, выкладчыка тэалёгіі, музыкаў, сьпевакоў. Ва ўсіх розная група інваліднасьці. У камандзе «Залатая моладзь» з шасьці ўдзельнікаў трое цалкам сьляпыя, астатнія — трошкі бачаць. Кацярына — зь першых.

Музыка

Скончыўшы Курскі музычны каледж-інтэрнат для сьляпых, Кацярына цяпер выкладае нотную грамату для невідушчых дзяцей у філіяле музычнай спэцыяльнай школы № 19 і працуе ў студыі гуказапісу «Звукотэкс» Беларускага таварыства інвалідаў па зроку, якая выдае аўдыёкнігі для невідушчых. У вольны час піша інструмэнтальную музыку і грае на клявішных і струнных інструмэнтах, а таксама на аргане. Калі слухаеш, як Каця грае, на пэўны момант зазіраеш у сьвет прыгажосьці, недасяжны для зроку. Глынуўшы кроплю гэтай музыкі, у якой аптымізм нараджаецца з пэсымізму, абмежаваным адчуеш сябе ты, відушчы.

Што бачыць Кацярына

У Кацярыны першая ступень інваліднасьці, што азначае поўную сьлепату. Аднак дзяўчына прызнаецца, што нейкім чынам можа трошкі адрозьніваць колеры: «Нават сылюэты я ня бачу. Напрыклад, дрэва ня ўбачу. Але калі знаходжуся перад паркам ці лесам, то магу сказаць, што бачу зялёны колер. Альбо калі лісьце жоўтае насыпалася, то я ўбачу, што яно там ёсьць. Акуляры я нашу для абароны вачэй ад марозу зімой і ад пылу летам. Бачыць яны мне не дапамагаюць. Шмат невідушчых носяць цёмныя акуляры. Нехта — каб прыцягнуць увагу, нехта — каб не траўмаваць вочы. Я лічу гэта ня вельмі эстэтычным. І таму, паколькі ў мяне няма мэдычных паказаньняў да цёмных акуляраў, я нашу празрыстыя».

Лепш адзін раз пабачыць, чым сто разоў пачуць?

Здаровы чалавек праз зрок атрымлівае больш за 80% інфармацыі. Запытваюся ў суразмоўцы: якія крыніцы інфармацыі выкарыстоўвае яна, каб здабываць веды няпобытавага характару, якія патрэбныя, напрыклад, для ўдзелу ў тым жа брэйн-рынгу?

«Ёсьць аўдыёкнігі, ёсьць кнігі, надрукаваныя шрыфтам Брайля. Вядома, ёсьць праблемы, бо, па-першае, далёка ня ўсе кнігі ёсьць у такім варыянце, а па-другое, напрыклад, раман „Вайна і мір“ зьмяшчаецца ажно ў 29 вялізных тамах, надрукаваных гэтым шрыфтам. Але цяпер стала значна прасьцей, бо ёсьць інтэрнэт зь вялікай колькасьцю кампутарных тэхналёгіяў, таму толькі поўны гультай ня зможа здабыць патрэбную інфармацыю», — адказвае Кацярына.

Узгадваю, што на брэйнг-рынгу задавалі некалькі пытаньняў пра фільмы і мультфільмы. Пытаюся, наколькі карэктна гэта ў дачыненьні да невідушчых. «Мы ніколі ня кажам, што мы слухалі фільм. Заўсёды кажам, што мы яго глядзелі. Тое самае, дарэчы, і ў дачыненьні да людзей. Калі мы сустрэлі кагосьці, то кажаш, што мы зь ім пабачыліся, а не пачуліся. Штодзённая лексыка ў невідушчых такая самая, як і ў людзей без абмежаваньняў. Калі ж гаварыць пра фільмы ці ўвогуле візуальныя вобразы, то тут без чалавечай дапамогі не абысьціся — нехта мусіць распавесьці, што адбываецца на экране, як выглядае той ці іншы пэрсанаж. Калі мы глядзім фільм, дзе шмат дыялёгаў ці рэплік, то можна нават абысьціся без такой дапамогі. Але калі гэта нешта накшталт „Тома і Джэры“, то тут патрэбная дапамога відушчага чалавека. Ёсьць, дарэчы, сьляпыя, якія могуць дэталёва апісваць жывапісныя палотны, ніколі іх ня бачыўшы ў прамым сэнсе гэтага слова. Гэта вельмі ўражвае».

Беларуская мова для сьляпых

Кацярына прызнаецца, што піша вершы па-расейску. Аднак у жыцьці выкарыстоўвае беларускую. Мова яе жывая, не калькаваная, зь вялікай колькасьцю нетрывіяльных словаў і выразаў. Пытаюся: ці складана чалавеку з абмежаваньнем па зроку вывучыць беларускую мову і ці ёсьць умовы для яе паўнавартаснага выкарыстаньня?

«Беларускай мовай трэба валодаць нам усім. І ня толькі таму, што гэта цікава. Я ня ведаю, як бы я жыла безь яе. Мова ўсё ж такі чароўная. Мне вельмі сумна ад таго, што ў краіне амаль не размаўляюць на роднай мове. І мне сорамна за Беларусь, бо я ня ведаю ніводнай краіны, якая б ня памятала пра сваю мову. Беларуская мова ня вельмі прыстасаваная для невідушчых людзей. Найперш праз адсутнасьць сынтэзатара мовы — праграмы, якая чытае ўсё, што ёсьць на маніторы, будзь то назвы камандаў ці мастацкі твор. Ніякая буйная кампанія нічога ня робіць, каб выправіць становішча, на жаль. Давялося нам сваімі сіламі распачаць працу, каб стварыць такі сынтэзатар беларускай мовы. Вядома, ён ня будзе звышпрафэсійны, але гэта будзе хоць нешта. Калі ўсё атрымаецца, то гэты сынтэзатар будзе гаварыць маім голасам».

Невідушчы на вуліцы

«Я глыбока перакананая, што невідушчы чалавек мусіць працаваць над сабою, каб максымальна зьменшыць сваю абмежаванасьць. Трэба не баяцца выходзіць на вуліцу і спрабаваць прыстасоўвацца да няхатніх умоваў. Складанасьці, вядома, ёсьць. Напрыклад, калі мы стаім на прыпынку грамадзкага транспарту, то мусім запытвацца, які маршрут пад’ехаў. Вельмі б хацелася, каб былі зробленыя на тых жа прыпынках нейкія гукавыя прыстасаваньні для невідушчых. Тое самае тычыцца і сьвятлафораў з гукавым сыгналам, якіх вельмі бракуе ў Менску, дый у іншых гарадах Беларусі. Празь неразьвітую структуру для невідушчых вельмі-вельмі шмат хто з нас проста адгароджваецца ад сьвету, сядзіць дома і жыве на пэнсію па інваліднасьці. Калі б трошкі дадаць інфраструктуры, то сьляпыя людзі здолелі б даволі актыўна рухацца па горадзе, працаваць. Таксама складана хадзіць у крамы — тут без памагатага не абысьціся ўвогуле. Ведаю, што ў Горадні ёсьць цікавая практыка — на ўваходзе ў адну з крамаў усталявалі кнопку для тых, каму патрэбная дапамога. Калі націскаеш на яе, прыходзіць супрацоўнік крамы і дапамагае невідушчаму рабіць пакупкі, чытае назвы тавараў, тэрміны прыдатнасьці, шукае патрэбны тавар. Зрабіць гэта нескладана, але, на жаль, шырока такая практыка не выкарыстоўваецца», — распавядае Кацярына, адказваючы на пытаньне пра бытавыя цяжкасьці, зь якімі кожны дзень сутыкаюцца сьляпыя людзі.

Каця прызнаецца, што, працуючы ў школе, спрабуе размаўляць з бацькамі невідушчых вучняў, каб тыя паціху прывучалі дзяцей да самастойнага існаваньня ў горадзе. «Бацькам прасьцей стварыць „цяплічныя“ ўмовы для дзіцяці, усюды яго вадзіць. Але я лічу важным, каб сьляпыя не былі абмежаваныя кватэрай і тымі месцамі, куды іх прыводзіць праважаты. Трэба, каб яны імкнуліся да самастойнага перасоўваньня па горадзе. Калі грамадзтва пабачыць, што такіх людзей шмат і яны ходзяць разам з усімі па вуліцы, то і стаўленьне да нас і да нашых патрэбаў пачне зьмяняцца», — кажа Кацярына.

Кампутар

Звычайнаму чалавеку складана зразумець, як можна віртуозна карыстацца кампутарам з выключаным маніторам. Каця ня толькі сэрфіць у сеціве і вядзе сваю літаратурную старонку на www.stihi.ru, але і піша музыку пры дапамозе адмысловай праграмы. Кажа, што манітор і мышку ўключае толькі тады, калі трэба нешта паказаць відушчаму. Сама ж карыстаецца кампутарам пры дапамозе клявіятуры, сынтэзатара гуку і скрынрыдэра. Гэтыя праграмы чытаюць усё, што здаровы чалавек бачыць на маніторы, а таксама пералічваюць каманды, якія ў канкрэтны момант даступныя для выкананьня.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG