Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Малдова з Румыніяй злучыліся пустым газаправодам


Трубаправод Ясы-Унгены

Трубаправод Ясы-Унгены

Малдова нядаўна ўрачыста адкрыла новы газаправод, які злучае яе з газатранспартнай сыстэмай Румыніі.

Пакуль што, аднак, труба пустуе, і ніхто ня ведае, калі ў Малдову можа прыйсьці першы ў яе гісторыі паток нерасейскага газу.

Газаправод, якія мае працягласьць 43 кілямэтры, злучае румынскі горад Ясы зь мясцовасьцю Унгены па малдаўскі бок мяжы. Яго пабудова каштавала 28 мільёнаў эўра, з чаго 7 мільёнаў выклаў Эўразьвяз.

Труба зь вялікай помпай была адкрытая 27 жніўня, у дзень нацыянальнага сьвята Рэспублікі Малдова. Цырымонія стала важнай нагодай для супольнай фотасэсіі прэм’ер-міністра Малдовы Юрыя Лянкэ і прэм’ер-міністра Румыніі Віктара Понты, абодва зь якіх цяпер ангажаваныя ў цяжкія выбарчыя кампаніі ў сваіх краінах.

Пры гэтай нагодзе Юры Лянкэ заявіў, што румынскі газ паплыве новым газаправодам не раней, чым у пачатку кастрычніка, і што вінаватым у гэтым спазьненьні зьяўляецца Малдовагаз, пастаўшчык натуральнага газу ў краіну.

Ніхто аднак ня можа гарантаваць, што Малдовагаз насамрэч пачне пампаваць румынскі газ у кастрычніку. Праблема ў тым, што Малдовагаз кантралюецца Газпромам, а расейскі газавы манапаліст ня хоча страціць сваю пазыцыю адзінай крыніцы прыроднага газу для Малдовы. Расейскі газ складае 65% энэргаспажываньня Малдовы. Малдова плаціць Газпрому каля 420 даляраў за 1000 кубамэтраў.

Невядома, якія мэханізмы выкарыстоўвае Малдовагаз, каб блякаваць імпарт румынскага газу. Кампанія не давала ніякіх афіцыйных заяваў па гэтай тэме і не адказала на просьбу аб камэнтары з боку карэспандэнтаў Радыё Свабода.

Трубаправод Ясы-Унгены ўяўляе сабою невялікі фрагмэнт энэргетычнай стратэгіі Малдовы. Пакуль што ён можа паставіць канкурэнтны расейскаму газ толькі для рэгіёнаў, якія прылягаюць да мяжы з Румыніяй. Але, паводле экспэртаў, патэнцыял у гэтага праекту вялікі.

«Гэта ўсяго першая фаза грандыёзнага праекту. Гэта толькі 43-кілямэтровы газаправод. Не хапае працягу гэтага трубаправода ад малдаўскай мяжы да Кішынэву — гэта яшчэ прыблізна 100 кілямэтраў. І што больш важна, няма адпаведных кампрэсараў на румынскім баку», — сказала нашаму радыё Аніта Соб’як, навуковы супрацоўнік Польскага інстытута міжнародных спраў у Варшаве.

Для завяршэньня праекту трэба яшчэ каля 200 мільёнаў эўра. Калі ён будзе завершаны, у яго будзе патэнцыял на пастаўку каля 1,5 мільярда кубамэтраў газу на год (Малдова ў цяперашні час купляе ад Газпрому 1,1 мільярда кубамэтраў).

«Газпром застаецца нашай асноўнай крыніцай газу. Але, магчыма, на працягу двух гадоў, калі трубаправод запрацуе поўнасьцю, Газпром таксама запрапануе нам лепшую цану. Для нас галоўным зьяўляецца стварэньне канкурэнцыі сярод пастаўшчыкоў энэргіі. Калі ўсё пойдзе добра, цана румынскага газу будзе ніжэйшая, чым цана Газпрому, і мы зможам дасягнуць дзьве мэты — энэргетычную бясьпеку і канкурэнтаздольныя цэны», — сказаў на мінулым тыдні кіраўнік ураду Малдовы Юры Лянкэ.

Але пакуль што ніхто ня ў змозе сказаць, калі менавіта «ўсё пойдзе добра» для Малдовы з гэтым трубаправодным праектам і ці наогул пойдзе добра.

XS
SM
MD
LG