Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Кідаюць працу, бо выяжджаюць зь Беларусі — экспэрт


Сёлета ў эканоміцы Беларусі занята на 1,5% меней насельніцтва, чым летась.

У жніўні 2014 году колькасьць людзей, якія звольніліся, на 6700 чалавек перавысіла колькасьць прынятых на працу. Здавалася б, колькасьць беспрацоўных у такім выпадку павінна павялічыцца. Аднак дадзеныя з афіцыйнага сайту Нацыянальнага статыстычнага камітэту Рэспублікі Беларусь сьведчаць пра адваротнае. Людзей, якія зарэгістраваліся на біржы як беспрацоўныя, параўнальна зь мінулым годам стала ня болей, а меней — на 0,7%.

Сытуацыю для Свабоды тлумачыць кіраўнік фонду Мізэса Яраслаў Раманчук:

Яраслаў Раманчук
Яраслаў Раманчук

«Скарачэньне людзей, занятых у эканоміцы, паказвае, што пэўныя структурныя зьмяненьні ў гэтай сфэры адбываюцца. Але робіцца ўсё вельмі і вельмі марудна. А тое, што людзі звальняюцца і пры гэтым не рэгіструюцца як беспрацоўныя, дае падставы думаць, што яны альбо ўладкоўваюцца на новых месцах па „шэрых“ схемах, альбо наагул выяжджаюць з краіны».

Афіцыйная статыстыка сьведчыць — найбольшыя страты сёлета панесла сфэра гатэляў і рэстаранаў. Тут колькасьць звольненых перавышае колькасьць прынятых на працу на 49,5%, то бок на працоўныя месцы ўладкавалася ўдвая меней людзей, чым сышло. І наадварот, найбольшы прырост (прынятыя/звольненыя — 149%) зафіксаваны ў галіне аховы здароўя і сацыяльных паслуг.

«Некаторыя гатэлі ў Беларусі маюць запоўненасьць толькі на 15–20%, — адзначае Яраслаў Раманчук. — І зразумела, што ім не патрэбна так шмат абслугі. Спачатку набудавалі гэтых гатэляў, а цяпер ня ведаюць, што зь імі рабіць. Таму і людзей звальняюць. Гэта называецца „структурны перакос“. Будавалі гатэлі, бо спадзяваліся, што будзе попыт. Мабыць, марылі што Беларусь — гэта такая турыстычная Мэка. Ну вось і атрымалі тое, што сёньня маем.

А ў галінах аховы здароўя і сацыяльных паслуг у нас традыцыйна быў недахоп кадраў. Штомесяц паведамляецца, колькі не хапае лекараў, колькі сярэдняга мэдычнага пэрсаналу і г.д. Вось і пайшлі туды людзі. Трохі павялічылі заробкі, кагосьці праз разьмеркаваньне туды накіравалі».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG