Лінкі ўнівэрсальнага доступу

БАТЭ просіць у заўзятараў шанец на рэабілітацыю


 Ці стане барысаўскі стадыён фартовым для беларусаў?
Ці стане барысаўскі стадыён фартовым для беларусаў?

Сёньня а 21.45 футбалісты клюбу БАТЭ правядуць другі матч групавога этапу Лігі чэмпіёнаў з «Атлетыкам» з гішпанскага Більбао.

Сустрэча адбудзецца на новай «Барысаў Арэне», судзіць гульню будзе брыгада арбітраў з Францыі. Галоўная мэта трэнэрскага штабу і ўсёй каманды — рэабілітавацца за разгромную паразу на старце спаборніцтваў, калі два тыдні таму выхаванцы Аляксандра Ермаковіча былі проста зьнішчаныя партугальскім «Порту» зь лікам 0:6.

Пасьля той паразы барысаўцы з нулявым паказьнікам актыўнасьці займаюць апошняе месца ў групе Н, саступаючы як непасрэдным крыўдзіцелям, так і сёньняшняму суперніку, і данецкаму «Шахтару» — у першай сустрэчы ўкраінцы і гішпанцы разышліся нулявой нічыёй.

Галоўны трэнэр БАТЭ Аляксандар Ермаковіч на ўчорашняй прэсавай канфэрэнцыі выказаў спадзяваньне, што футбалісты патрапяць пераадолець псыхалягічны бар’ер і пакажуць годную гульню. Між тым пад пытаньнем удзел у матчы лепшага гульца каманды Віталя Радыёнава. У апошнім матчы нацыянальнага першынства форвард атрымаў траўму і наўрад ці здолее дапамагчы сябрам.

Ці варта дачасна сьпісваць БАТЭ ў тыраж? Пасьля разгрому ў Партугаліі колішні настаўнік барысаўскай каманды Юры Пунтус у размове з карэспандэнтам Свабоды так ацэньваў пэрспэктыву барысаўцаў:

«Змагацца можна і трэба заўжды, проста мне цяжка ведаць прычыну такога правальнага матчу. „Порту“, вядома, гэта „Порту“, але ж я БАТЭ бачыў у справе, проста быў нейкі правал. Так, можна гаварыць, што „Порту“ — фаварыт групы. Але ж і „Шахтар“, і „Атлетык“ — таксама моцныя каманды. З улікам таго, што БАТЭ мае гучныя перамогі над „Баварыяй“, над „Лілем“, гэта не азначае, што непераможных няма. Змагацца трэба з усімі. І нават пасьля пройгрышу 0:6 нельга адназначна паставіць крыж на тым, што барысаўцы не заваююць пуцёўку ў плэй-оф. Усялякае ў футболе бывае. Але толькі знутры, толькі трэнэрскі штаб можа дакладна сказаць, што гэта было. Для мяне, пры ўсёй павазе да „Порту“, тая гульня не дала адказу: што здарылася і чаму?»

А 2 кастрычніка на той жа «Барысаў Арэне» паспрабуе рэабілітавацца перад заўзятарамі менскае «Дынама»: у першым матчы групавога этапу Лігі Эўропы каманда Ўладзімера Жураўля паўтарыла «подзьвіг» БАТЭ, бязвольна саступіўшы ў Грэцыі клюбу ПАОК зь лікам 1:6.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG