Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Яўген Ліпковіч: Пісаць трэба пра «сэкс, наркотыкі і рок-н-рол»


Яўген Ліпковіч
Яўген Ліпковіч

Вядомы беларускі блогер Яўген Ліпковіч зрабіў сабе падарунак да дня народзінаў, які ён сёньня адзначае, — апублікаваў «пазытыўную кнігу» пра Менск 1960-х гадоў «Лета з завулка».

Пра сваю кнігу аўтар распавёў у інтэрвію Радыё Свабода:

«Гэта такі зборнік апавяданьняў, аб’яднаных аднымі героямі. Фактычна гэта раман у апавяданьнях. Паколькі ў нас заўсёды валіцца палітыка, навіны непрыемныя, растуць цэны, я падумаў, што нам не хапае нейкіх пазытыўных рэчаў, і таму я гэта напісаў».

Кніга напісаная адразу на трох або нават чатырох мовах, якія можна было пачуць у Менску 60-х гадоў: гэта беларуская і расейская, трасянка, а таксама, як кажа аўтар, — «габрэйскі дыялект».

«Гэтая кніжка напісаная ў Менску і пра Менск. Фактычна галоўны герой кнігі — маленькі-маленькі завулак, які населены звычайнымі людзьмі. У асноўным героі — гэта дзеці, а таксама дарослыя, якія іх акружаюць. Дзеяньне адбываецца на пачатку 60-х гадоў мінулага стагодзьдзя. Кожны разьдзел — гэта асобнае апавяданьне, і яны там перабітыя дакумэнтамі — ліставаньнем чальцоў Палітбюро, запіскамі ў прэзыдыюм і г.д. То бок як бы два ўзроўні жыцьця паказваюць: Беларусь часоў БССР, і дзесьці далёка — міжнародныя дамовы, Карыбскі крызіс, шпіёны — усё тое, што не зьвязана са звычайным жыцьцём», — кажа Ліпковіч.

«Асноўная мэта была — максымальна абстрагавацца ад таго, што адбываецца ў нас цяпер. Але людзі, якія будуць чытаць, яны зразумеюць, што дзесьці хтосьці выдае ўказы, праводзіць інвэстыцыйныя форумы, а адначасова ідзе жыцьцё маленькіх людзей. Усё роўна ўсё засталося ў тым жа выглядзе. Адносіны людзей і ўлады захаваліся: як кажуць, поп сваё, а чорт сваё. Яны робяць выгляд, што клапоцяцца аб нас, а мы робім выгляд, што мы іх любім», — лічыць ён.

Ліпковіч кажа, што кніга напісаная з гумарам, вельмі лёгка чытаецца і за ёй будзе прыемна правесьці вечар.

«Галоўны пасыл кнігі — гэта пацешыцца. Я працягваю гнуць сваю лінію наконт таго, што ў нас няма гумару. Мы ўсе гэта ведаем. Усе спробы нешта зрабіць афіцыйна, на тэлебачаньні — няўдалыя. І вось я спрабую неяк стварыць гэты гумар. Гумар дапамагае выжыць. Я заўсёды казаў, што ўлада заганяе нас у дэпрэсіўны стан, спэцыяльна душыць нас. А гумар — гэта глыток свабоды», — упэўнены ён.

Аўтар падкрэсьлівае, што ў кнізе наагул няма ніякай палітыкі. Ён характарызуе свой твор як «сьвядомую забаўку», зробленую на беларускіх рэаліях.

«Вось існуе „сэкс, наркотыкі і рок-н-рол“ — гэта якраз тое, пра што трэба пісаць. Але з усяго гэтага ў нас пішуць толькі пра наркотыкі, нават хутчэй пра п’янства. Вось Сьледчы камітэт піша пра наркотыкі, уключаеш тэлевізар — там табе абавязкова раскажуць, як хтосьці кагосьці зь перапою забіў. А пра сэкс і рок-н-рол ніхто ня піша. Я прыхільнік таго, каб ствараць літаратуру забаў, а не літаратуру, якая кагосьці будзе вучыць. Літаратура ніколі нікога ня можа навучыць, таму што вучыць вуліца, школа і тэлевізар. А забаўляльнай літаратуры ў нас няма. У нас абавязкова пішуць кнігі маральныя і каб кагосьці навучыць. Звычайна ў нас ужо калі пішуць — то абавязкова каб вайна была», — кажа Ліпковіч.

Кнігу Яўгена Ліпковіча «Лета з завулка» можна набыць у кнігарні «Логвінаў»

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG