Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Алесь Бяляцкі вітаў уручэньне прэміі імя Вацлава Гаўла азэрбайджанскаму палітвязьню


Уручэньне ўзнагароды

Уручэньне ўзнагароды

Першы ляўрэат прэміі імя Вацлава Гаўла былы палітвязень Алесь Бяляцкі прысутнічаў учора ў Страсбургу і асабіста вітаў выбар Парлямэнцкай асамблеі Рады Эўропы, якая вырашыла ўганараваць праваабарончай прэміяй Анара Мамедлі.

Праваабарончую прэмію імя Вацлава Гаўла атрымаў кіраўнік азэрбайджанскага Цэнтра маніторынгу выбараў і навучаньня дэмакратыі Анар Мамедлі, які паводле палітычна матываванага прысуду знаходзіцца за кратамі.

Алесь Бяляцкі, які летась, знаходзячыся ў зьняволеньні, стаў першым ляўрэатам узнагароды імя былога прэзыдэнта Чэхіі за выдатныя заслугі ў галіне правоў чалавека, заявіў, што гэтая падзея выклікала ў яго паралелі са сваёй сытуацыяй і шмат у чым зьявілася сымбалічнай.

«Мне было крыху дзіўна за ўсім гэтым назіраць, бо ўсё нагадвала мінулагоднюю сытуацыю, калі на цырымоніі ў Страсбургу прысутнічала мая жонка Натальля, бо я ня мог там прысутнічаць. Сёньня зноў жа не было ляўрэата прэміі Анара, але прысутнічаў ягоны бацька Хасан, які казаў сваю прамову, спасылаючыся на тое, што сына няма».

Анар Мамедлі быў арыштаваны пасьля прэзыдэнцкіх выбараў, як і Алесь Бяляцкі ў свой час, — абодвум улады адпомсьцілі за арганізацыю назіраньня і актыўную праваабарончую пазыцыю пасьля выбарчай кампаніі, зазначае сайт Праваабарончага цэнтру «Вясна».

Алесь Бяляцкі мае трывалыя сувязі з апазыцыяй у Азэрбайджане.

«Што да сытуацыі ў Азэрбайджане, то ўсіх асабліва трывожыць сёлетняя спроба разгрому праваабарончага руху ў краіне — перасьлед праваабарончых арганізацыяў, арышты такіх вядомых, аўтарытэтных праваабаронцаў як Лэйла Юнус, Інтыгам Аліеў, Расул Джафараў... Адной з такіх асобаў зьяўляецца і Анар Мамедлі. Прысуджэньне яму гэтай прэміі — магутны сыгнал азэрбайджанскім уладам, каб яны спынілі рэпрэсіі супраць грамадзянскай супольнасьці. Я асабіста вельмі рады ўзнагароджаньню Анара, таму што нас, беларускіх праваабаронцаў, турбуе лёс нашых калегаў з Азэрбайджана, і я спадзяюся, што гэтая прэмія ўсё ж неяк паспрыяе ўмацаваньню грамадзянскай супольнасьці ў іх краіне».

XS
SM
MD
LG