Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Дзіўная справа камандзіра «чорнай роты»


Апэляцыйны суд Кіева 1 кастрычніка ў чарговы раз будзе разглядаць скаргу пракуратуры на рашэньне Пячэрскага раённага суда аб вызваленьні з-пад варты былога камандзіра «Беркута» Дзьмітрыя Садоўніка.

Яго абвінавачваюць у масавым расстрэле актывістаў Майдана 20 лютага на вуліцы Інстытуцкай ва ўкраінскай сталіцы, дзе ад куля снайпэраў загінула «Нябесная сотня».

Справа Дзьмітрыя Садоўніка, як заяўляюць майданаўцы, дэманструе грамадзтву, што, нягледзячы на зімовую «Рэвалюцыю годнасьці», ва Ўкраіне мала што зьмянілася. Былы камандзір так званай «чорнай роты» «Беркута», які абвінавачваецца ў забойстве актывістаў Майдана, быў арыштаваны ў красавіку, а 19 верасьня судзьдзя Пячэрскага суда Кіева Сьвятлана Волкава пастанавіла вызваліць з-пад варты Дзьмітрыя Садоўніка. Яму была абрана мера стрыманьня ў выглядзе частковага хатняга арышту. Генэральная пракуратура Ўкраіны і адвакаты сваякоў загінулых актывістаў Майдана падалі скаргу ў апэляцыйны суд з патрабаваньнем вярнуць абвінавачанага ў камэру. 26 верасьня апэляцыйны суд не прыняў рашэньне па гэтай скарзе, паколькі Садоўнік, паводле словаў абароны, ня змог прыйсьці на пасяджэньне з-за прызначанай яму ў гэты ж час апэрацыі ў кіеўскай гарадзкой бальніцы плястычнай мікрахірургіі.

Як адзначае адвакат пацярпелага боку Павал Дзікань, рашэньне судзьдзі аб вызваленьні маёра цяпер расфармаванага сталічнага палка «Беркут» супярэчыць патрабаваньням закона:

«Судзьдзя не прыняла пад увагу неабходныя патрабаваньні для вызваленьня. Адзінае, на што яна спаслалася, гэта станоўчая характарыстыка абвінавачанага, а таксама тое, што ён — бацька траіх дзяцей і нібыта актыўна супрацоўнічаў са сьледзтвам. Цяжка ацэньваць зараз пэрспэктывы гэтай справы, але спадзяюся, што суд прыме рашэньне аб арышце Садоўніка. Цяпер падобна на тое, што яго абарона ўзяла на ўзбраеньне тактыку максымальнага зацягваньня працэсу».

Супраць судзьдзі Пячэрскага суду Сьвятланы Волкавай, якая вынесла рашэньне па справе Дзьмітрыя Садоўніка, Генэральная пракуратура распачала крымінальную справу. Якімі былі рэальныя матывы вызваленьня экс-камандзіра «Беркута» і што можа пагражаць за гэта самой Волкавай? Вось што Павал Дзікань думае з гэтай нагоды:

«Ня веру, што гэта хабар у такой гучнай справе. Хутчэй за ўсё, тут мае месца палітычны ўплыў. Тая ж судзьдзя за дзень да гэтага вынесла рашэньне пра падаўжэньне арышту двум фігурантам гэтай жа самай акцыі (падначаленым Садоўніка) і раптам нечакана вызваляе галоўнага абвінавачанага. Гэта рашэньне не выглядае лягічным з пункту гледжаньня права. Таму падобна на палітычны ўплыў. Чый? Мне сьцьвярджаць цяжка. Што ж тычыцца справы супраць Волкавай, то яе пэрспэктыва цалкам залежыць ад вэрдыкту апэляцыйнага суда. Калі ён вырашыць, што Садоўніка трэба ўзяць пад арышт, то ў гэтай сытуацыі будзе пэрспэктыва і ў справы супраць судзьдзі».

12 верасьня Генэральная пракуратура Ўкраіны завяршыла дасудовае расьсьледаваньне ў крымінальнай вытворчасьці ў дачыненьні да камандзіра роты кіеўскага «Беркута» і двух яго падначаленых.

«Беркутаўцаў» абвінавачваюць у забойстве 20 лютага 39 актывістаў Майдана і прычыненьні раненьняў яшчэ 180 удзельнікам акцыі. У дадзенай крымінальнай вытворчасьці апавяшчэньне аб падазрэньні было прад’яўлена 26 асобам, аднак мера стрыманьня абраная толькі ў дачыненьні да шасьці зь іх, 20 чалавек знаходзяцца ў вышуку.

«Расьсьледаваньне справы аб масавых забойствах на Майдане заходзіць у тупік і адбываецца гэта менавіта па палітычных матывах, паколькі, хутчэй за ўсё, агульнапрызнаная вэрсія пра тое, што актывісты загінулі ад стрэлаў „беркутаўцаў“, носіць замоўлены палітычны характар, таму што, хутчэй за ўсё, шляхі вядуць да пэўных палітычных сілаў альбо людзей, якія блізкія да іх альбо да тых, хто каардынаваў зь імі свае дзеяньні. І тыя, хто знаходзяцца сёньня ва ўладзе ва Ўкраіне, не зацікаўленыя ва ўсталяваньні ісьціны. Тыя, хто прыйшоў ва ўладу на хвалі рэвалюцыі, зацікаўленыя ў захаваньні рэпрэсіўных функцый пракуратуры, МУС, судовай сыстэмы. Прычым такім чынам, каб яны маглі кіраваць гэтымі працэсамі», — лічыць дэпутат былой фракцыі камуністаў у Вярхоўнай Радзе, а цяпер фракцыі «За мір і стабільнасьць» Аляксандр Голуб.

1 кастрычніка апэляцыйны суд Кіева ў чарговы раз паспрабуе прыняць рашэньне адносна законнасьці вызваленьня з-пад варты Дзьмітрыя Садоўніка. Падчас папярэдняга пасяджэньня паміж майданаўцамі і былымі супрацоўнікамі «Беркута» ня раз ўзьнікалі бойкі, а судзьдзі пакідалі залю пад крыкі грамадзкіх актывістаў і сваякоў «Нябеснай сотні» «Ганьба судзьдзям!».

«Думаю, што ў Садоўніка засталіся яшчэ калегі з вышэйшымі званьнямі, якія выдатна ведалі, што ён рабіў 18-20 лютага 2014 году, і самі мелі дачыненьне да гэтых падзеяў, і цяпер знаходзяцца ў кіраўніцтве МУС і ў іншых структурах улады, то бок сыстэма, якая была год таму, працягвае жыць, і такія афіцэры „Беркута“, спэцслужбаў — яны патрэбныя гэтай уладзе, таму яна будзе старацца іх зьберагчы. То бок для тых, хто прыйшоў да ўлады, патрэбныя такія сабакі, такія зьвяры, якія будуць забіваць людзей, запалохваць апанэнтаў. Яны могуць спатрэбіцца ім і на выбарах, і падчас антытэрарыстычнай апэрацыі на ўсходзе краіны. Мала што зьмянілася ва Ўкраіне пасьля Майдана», — канстатуе ўдзельнік рэвалюцыі, кіраўнік кіеўскай арганізацыі «Правага сэктара» Ігар Мазур.

XS
SM
MD
LG