Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Расея распадзецца на кавалкі, а прэзыдэнтам стане Хадаркоўскі?


Міхаіл Хадаркоўскі

Міхаіл Хадаркоўскі

У Бэрліне ў розных фарматах прайшлі сустрэчы Міхаіла Хадаркоўскага зь нямецкай грамадзкасьцю і прэсай у сувязі з пачаткам працы ў гэтым месяцы руху «Адкрытая Расея», мэта якога — спрыяць пабудове грамадзянскай супольнасьці ў Расеі.

У прыватнасьці, у бэрлінскім культурным цэнтры Kulturbrauerei на тэрыторыі былога бровара раёну Прэнслаўэр Бэрг адбылася сустрэча Хадаркоўскага з, калі можна так сказаць, «рускамоўным Бэрлінам». Заля, разьлічаная на 200 месцаў, была перапоўненая.

Пра тое, што такое «Адкрытая Расея», што канкрэтна плянуюць рабіць у будучыні Міхаіл Хадаркоўскі і яго рух, і ішла размова на сустрэчы. Пачну, аднак, з канца, калі ўжо пасьля завяршэньня вечарыны падчас раздачы аўтографаў мне ўдалося задаць Хадаркоўскаму пытаньне, якое даўно мяне цікавіла: «Вы калі былі перад арыштам у Бэрліне, выступалі ў гатэлі Adlon, было адчуваньне, што Вы, магчыма, спадзеяцеся перамагчы ў тагачасным судзе? Ці былі Вы настолькі наіўныя тады, думаючы, што ў судзе ЮКАС можна даказаць сваю праўду?»

«Скажу Вам шчыра, я быў настолькі наіўны. Я лічыў, што мяне могуць трымаць у турэмным зьняволеньні доўга, але я ня мог прадбачыць, што судовая сыстэма менавіта такая, якой яна апынулася. Тады я быў наіўны», — адказаў Міхаіл Хадаркоўскі.

Наіўнасьць, мне здаецца, па-ранейшаму, прыкметная ў некаторых высновах былога алігарха, але гэта ня дзіўна, бо ў яго былі выкрадзеныя 10 гадоў жыцьця і досьведу назіраньня за разьвіцьцём Расеі і ўлады (інтэрнэту ў калёніі, як вядома, няма). Больш важна пачуць Хадаркоўскага ў тым, у чым ён перастаў быць наіўным. Выклаўшы падчас вечарыны ўжо вядомае зь яго апошніх выступаў сьцьвярджэньне, ён неаднаразова вяртаўся да, мабыць, вельмі важнай для яго думкі.

«Ранейшая сыстэма палітычных партыяў — шлях да таго, каб улада хутка і эфэктыўна гэту супольнасьць людзей разбурыла. Існуюць новыя формы палітычнай самаарганізацыі, больш сучасныя. Мы можам назіраць за аналягічнымі структурамі і ў Эўропе, і ў Амэрыцы — структурамі, якія ўзьнікаюць для вырашэньня канкрэтнай асобнай грамадзкай праблемы, хутка ствараюцца і распускаюцца ў той момант, калі гэтая грамадзкая праблема вырашаная. „Адкрытая Расея“ — гэта мэханізм для стварэньня такіх праектных аб’яднаньняў людзей», — адзначаў Хадаркоўскі.

Вечар доўжыўся дзьве з паловай гадзіны, аднак ня ўсе жадаючыя змаглі задаць свае пытаньні.

— Міхаіл Барысавіч, зьявіліся чуткі, што Вы зьбіраецеся ў будучыні змагацца за пасаду прэзыдэнта Расеі. Ці праўда гэта?

— Я дастаткова канкрэтна сфармуляваў сваё меркаваньне ў адказе журналісту, які спытаў мяне пра гэту маю пазыцыю. Да таго часу, пакуль краіна разьвіваецца так, як яна разьвіваецца, мой удзел у выбарах немагчымы па цалкам зразумелых прычынах, у тым ліку і заканадаўчага характару. Гэтая ўлада павесіла мне судзімасьць, яна павесіла судзімасьць Аляксею Навальнаму, яна будзе вешаць судзімасьць любому чалавеку, які хоць трохі выклікае ў яе асьцярогу, ці можа яна змагацца за ўладу. З асабістых меркаваньняў я ня вельмі зацікаўлены змагацца за гэты пост тады, калі краіна будзе знаходзіцца ў стане рэальных прэзыдэнцкіх выбараў. Я думаю, што ёсьць вельмі шмат людзей у нас у краіне, якія змогуць вылучыць сваю кандыдатуру, могуць быць прэзыдэнтамі, могуць эфэктыўна выконваць гэтую ролю. Я ж рэальна магу апынуцца карысным у тым выпадку, калі краіна апынецца ў крызісе з прычыны дзеяньняў цяперашняй улады. Баюся, што да гэтага чакаць нядоўга.

Што запомнілася? Артыкуляванае Хадаркоўскім разуменьне таго, што і гэтая дзейнасьць, якая загадзя адмаўляецца ад заваёвы палітычнай улады, зьяўляецца небясьпечнай і сёньня ў поўнай бясьпецы ад расейскіх спэцслужбаў не знаходзіцца ніхто, нават па-за межамі Расеі.

«Уяўленьне, што людзі, якія знаходзяцца ў Расеі, у небясьпецы, а людзі, якія за межамі Расеі, адчуваюць сябе бясьпечна, на жаль, цяпер не да канца абгрунтаванае», — сказаў Хадаркоўскі.

У пацьверджаньне гэтых словаў сымбалічнай была прысутнасьць у залі Марыны Літвіненкі. Адчуваньне небясьпекі, якое цяпер відавочна ёсьць у Хадаркоўскага, было прыкметным, па-мойму, і ў тым, як асьцярожна ён казаў пра Уладзімера Пуціна.

«Для мяне Уладзімер Пуцін зьяўляецца апанэнтам, але, на шчасьце, мы здолелі пазьбегнуць эскаляцыі гэтага супрацьстаяньня да ўзроўню непрымірымых ворагаў. І я спадзяюся, што, будучы ўсё ж людзьмі XXI стагодзьдзя, а не XIX і нават не XX, мы здолеем у гэтых палітычных рамках (хоць, на жаль, вытлумачаных досыць шырока, з улікам майго дзесяцігадовага зьняволеньня) застацца», — адзначыў Хадаркоўскі.

А вось адказ на пытаньне пра будучыню ўзаемадзеяньня Расеі з Украінай і пра праблему Крыма.

«Ідэя, што самае галоўнае — гэта тэрыторыі, — гэта ідэя, якая прыйшла з мінулых стагодзьдзяў. Сёньня галоўнае — людзі. Найважнейшае — наладзіць супрацоўніцтва паміж людзьмі. З гэтага пункту гледжаньня для нас Украіна — краіна, у якой жывуць 45 мільёнаў чалавек, зьвязаных з намі, з рускімі, дзясяткамі мільёнаў роднасных сувязяў, адзінай культурай, людзі, якіх мы разумеем ў цэлым, за выключэньнем пэўных асобаў, і якія нас разумеюць. Аднаўляць нешта замест гэтага сяброўства, замест інтэграцыі, аднаўляць тое, што спарадзіў гэты канфлікт празь нязначную ў сучасным сьвеце падставу, — велізарная памылка нашай цяперашняй улады. Як выпраўляць гэтую памылку? Ва ўсякім разе, ня так радыкальна, як яна была ажыццёўлена. У нас з Украінай адзіны шлях у Эўропу, і на гэтым шляху межы набываюць усё меншае значэньне. Я думаю, на сумесным шляху ў Эўропу мы вырашым і праблему Крыму», — адзначыў ён.

Па заканчэньні сустрэчы Хадаркоўскага з «рускім Бэрлінам» я задаў некалькі пытаньняў палітолягу Станіславу Бялкоўскаму.

— Ці можна назваць Міхаіла Барысавіча ў той ролі, у якой ён сёньня тут, «пазакрамлёўскім летуценьнікам»!?

Станіслаў Бялкоўскі

Станіслаў Бялкоўскі

— Безумоўна, ён зьяўляецца і летуценьнікам, і пазакрамлёўскім. Прыйсьці да ўлады легальным шляхам у Хадаркоўскага шанцаў няма, як і ў любога іншага грамадзяніна Расеі, паколькі ў Расеі адбываецца закручваньне гаек, і калі раней верагоднасьць зьмены ўлады на выбарах набліжалася да нуля, то цяпер яна набліжаецца да абсалютнага нуля па шкале Кельвіна. Менавіта ў гэтай сытуацыі вельмі важнае фарміраваньне і пазыцыянаваньне палітычных асобаў, якія здольныя перахапіць уладу ў выпадку яе падзеньня праз форс-мажорныя абставіны, і Хадаркоўскі сёньня — нумар адзін у гэтай чарзе. Нумар два — Аляксей Навальны, які сядзіць пад хатнім арыштам у Маскве. Але Хадаркоўскі — фігура больш сур’ёзная і грунтоўная, таму ўсё, што ён робіць, нават калі здаецца, што гэта ня мае аніякага дачыненьня да бягучай расейскай палітыкі, можа мець дастаткова сур’ёзнае дачыненьне да расейскай палітыкі будучыні.

— Ці чакае Расею распад, які ні Хадаркоўскаму, ні Навальному, ні каму іншаму спыніць ужо ня ўдасца?

— Я лічу, што ў цяперашняй сытуацыі, калі мы назіраем канвульсіі Расейскай імпэрыі, якая недараспалася ў 1991 годзе (фармальна распусьцілася, але захавалася), калі мы назіраем дзеяньні паводле прынцыпу мёртвай рукі (мёртвыя хапаюць жывых).

У Расеі ёсьць толькі два варыянты разьвіцьця: трансфармавацца ў цяперашніх межах, зь невялікімі адхіленьнямі, магчыма, без Чачні і Дагестана, Інгушэціі, што я лічыў бы вельмі жыватворным, у нацыянальную дзяржаву эўрапейскага ўзору — ці разваліцца на нявызначаную колькасьць бясформавых кавалкаў. Я лічу гэтыя магчымасьці роўнаверагоднымі, на жаль. Я хацеў бы быць вялікім аптымістам адносна лёсу маёй радзімы.

А вось меркаваньне бэрлінскага палітоляга, кіраўніка аддзела Эўразьвязу і ЗША фонду імя Генрыха Бёля Сяргея Лагодзінскага:

«Сустрэча паказала, што Хадаркоўскі, якога называюць сумленьнем Расеі, хоча быць яе інтэлектам і візіянэрам. Гэта бачаньне ён прадэманстраваў, і вельмі многія пытаюцца, што з гэтага вынікае, гэта было прыкметным сярод публікі. Я думаю, што і Хадаркоўскаму яшчэ не зусім зразумела, што канкрэтна з гэтага атрымаецца, але вось такі сеткавы падыход да арганізацыі, да таго, каб аб’ядноўваць людзей адзін з адным, — гэта, бясспрэчна, абраны ім шлях. Гэта ідэя, якая перасякае геаграфічныя межы, таксама новае бачаньне. Ну, і тое, што Хадаркоўскі прапанаваў нейкае рашэньне для доўгатэрміновай будучыні Расеі — таксама тое, пра што пакуль ніхто ня кажа. Гаворачы пра непасрэдныя праблемы цяпер, а ён кажа і пра тое, якой ён бачыць Расею праз 10-20 гадоў, я думаю, што яго імя ўжо мае дастатковую вагу, яго біяграфія. Гэта па-першае. Па-другое, вэктар бачаньня Хадаркоўскага, накіраваны ў эўрапейскую прастору, — гэта тое, пра што многія апазыцыйныя палітыкі не наважваюцца сказаць. Хадаркоўскі гэта кажа адкрыта, і такім чынам ён знойдзе, я думаю, водгук тут, у нямецкім істэблішменце».

Ну што ж, будучыня пакуль у тумане, але, як любіў казаць Андрэй Сахараў: «Крот гісторыі капае незаўважна».

Фрагмэнт выніковага выпуску праграмы «Час Свабоды». Арыгінал на сайце Расейскай рэдакцыі Радыё Свабода.

XS
SM
MD
LG