Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Гутарка сяброў дзяцінства: «майданаўца» і «беркутаўца»


Сутыкненьні ў Кіеве, 11 сьнежня 2013
Сутыкненьні ў Кіеве, 11 сьнежня 2013

Аўтары: Ірына Штогрын, Дзьмітры Джулай і Алена Крычкоўская

Яны вырасьлі ў адной вёсцы, разам гулялі і хадзілі ў адну клясу. Адзін пайшоў служыць у «Беркут», а другі працаваў будаўніком. На Майдане яны сустрэліся па розныя бакі барыкад. Калі «майданаўца» паранілі на Інстытуцкай 20 лютага, «беркутавец» прыйшоў да яго ў шпіталь. Яны пагадзіліся пагаварыць на камэру Радыё Свабода на вуліцы Грушэўскага ў Кіеве.

Гісторыя «беркутаўца»

Колішні «беркутавец». 22 гады. Крыўдуе. Кажа, ганарыўся тым, што ён у элітным спэцпадразьдзяленьні, якое «хабару не бярэ, а дзяржаву бароніць». Ня ведае цяпер, што рабіць. Ня верыць у тое, што ў «гэтай краіне можна нечага самастойна дасягнуць, усё толькі „за грошы“ або праз знаёмых». Кажа, што «ў каго ўлада, у таго і сіла». На яго думку, на Майдане «народу не было, бо народ дома сядзіць, а не па мітынгах бегае».

— Вы часта ўспамінаеце тое, што тут было?

— Некалькі разоў на дзень. Асабліва гэтыя гукі, як па трубе стукаюць. І ўначы, бывае, сьніцца.

— Якія дні былі найцяжэйшыя?

— Ды ўсё, практычна. У такі холад выстаяць няпроста было вельмі.

— А як вы думаеце, чаму стаялі тыя і не разыходзіліся — па іншы бок?

— Ну, там большая частка за грошы стаяла людзей.

— Вы дагэтуль так лічыце?

— Так, я размаўляў зь людзьмі, якія стаялі там за грошы, пасьля ўсіх гэтых падзей. Нават былі гэта мае знаёмыя. Праўда, я асабіста ня бачыў іх на Майдане.

— А па колькі, яны казалі, ім плацілі?

— У залежнасьці ад целаскладу і ад віду спорту, якім займаўся. Былі і такія, што машыны купілі на нашай крыві.

— А ваш сябар дзяцінства таксама за грошы стаяў?

— Не, яму — не. Дый дастаткова было тых, хто бяз грошай. Там было тры катэгорыі людзей, на маю думку: за грошы, бяздомныя і якія ідуць напралом. Вісусы. Як мой таварыш. Там народу не было, народ — ён дома сядзіць, а не па майданах бегае.

Бяздомныя ў цэнтры сядзелі — пераначаваць, паесьці. Практычна ад пачатку да лета яны тут заставаліся.

— А вы з пачатку Майдана бачылі гэтых бяздомных?

— Дакладна ня бачыў, але ведаю. Было некалькі дзён замірэньня. Я пераапранаўся і ішоў у горад. Проста размаўляў. І бачыў гэта ўсё, як яны жывуць, чым дыхаюць. Мне не падабалася атмасфэра на тым майдане. Сядзіць бомж п’яны, на маіх вачах здымае шкарпэткі, кідае ў агонь і надзяе новыя. Гэта быў студзень. Я не аднаго бачыў, я шмат бачыў там такіх.

— П’яны на Майдане ў студзені? А ці ўжываў «Беркут» сьпіртныя напоі?

— Так, ужываў. Магло быць і ў абед, і перад тым, як станавіцца на службу.

— Колькі сьпіртнога маглі выпіць вашы таварышы, пакуль стаялі тут?

— Багата. Ужывалі, каб сагрэцца.

— Што вы можаце распавесьці пра тую ноч, калі вось тут на гэтай калянадзе стадыёна «беркутаўцы» жорстка на вачах ва ўсіх білі двух хлопцаў, і, імаверна, скінулі ўніз?

— Я ведаю, што гэта былі івана-франкоўскія. Я сам быў шакаваны іхняю жорсткасьцю. Яны тут такія жэсты кідалі сваім землякам. Там жа на перадавой усе з Заходняй Украіны, і яны паміж сабой высьвятлялі адносіны. Ня ведаю, адкуль тыя хлопцы былі, пацярпелыя, і ня ведаю іх далейшага лёсу, але там стаяла івана-франкоўская рота.

— Ці зразумелі вы, чаму так шмат людзей 30 лістапада прыехалі ў Кіеў і прайшлі шматтысячным маршам?

— Яны б так не прыехалі, калі б ім не далі транспарту. Там адзінкі за свае сродкі папрыяжджалі. Аўтобусы за невядомыя сродкі... Я ўпэўнены ў гэтым.

— А які загад вы атрымалі 30 лістапада?

— Зачысьціць, каб не было ніводнага чалавека з цывільных. Зранку ўжо ішла падрыхтоўка, і мы ведалі, што будзе зачыстка. Колькасьць людзей не цікавіла. Галоўнае, каб іх там не было ўвогуле.

— Але ж было некалькі сотняў тысяч 30 лістапада?

— Удзень — я не спрачаюся. Было шмат людзей, шмат правакацыяў зь іхнага боку. Кідалі камяні. Усё гэта пачалося яшчэ ў 20-х чыслах. Я прыехаў 21-га, 22-га заступіў, і ўжо ляцела каменьне ў нас. Прыехалі мы а другой гадзіне ночы і а чацьвёртай ужо заступілі. На Майдане. Мы не хаваліся. Стаялі па крузе — з ВВ, «Барсам» — ззаду з боку «Глобуса». Акружаныя былі «вэвэшнікамі», а мы проста стаялі, і ўсё. Ўнутраных войскаў было па тысячы з кожнага боку. А нашы стаялі кіеўскія ды львоўскія.

— Ці бачылі вы, хто тады, як вы кажаце, кідаў каменьне?

— 22-га чысла плянавалі ёлку ставіць. Кідалі невядомыя людзі, хлопцы спартовага целаскладу. Бойкі былі, камяні ляцелі, нават «кактэйлі». Днём. А потым вечарам яшчэ. Пакідаюць і зьнікаюць. Каменьне — граніт нейкі выдаўбаны. Недзе 25-га чысла паляцеў брук. Таксама там на Майдане. Кожны па два камяні нёс, кідаў, уцякаў. Правакатары. Яны блізка не падыходзілі. А мы стаялі ўсе дні да 30-га чысла.

— Наконт «зачысткі». Ці агаворвалася, як яна павінна адбыцца?

— Плянавалі, як заўсёды. Літарай «Г» ці літарай «П» зайсьці і адцясьніць іх сьцяной. Выйшла ня так, бо там ужо не было тых правакатараў, спэцыяльна для гэтага падрыхтаваных. Засталіся там простыя людзі — студэнты, студэнткі і гэтак далей.

— А якія інструкцыі дзейнічаюць у такіх выпадках?

— Калі нешта пагражае работніку міліцыі ці ягонаму калегу — то ён павінен рэагаваць у адказ.

— Вы 30-га чысла бачылі пагрозу жыцьцю — вашаму ці вашых калегаў?

— Не, не было такога.

— А чаму ж гэта вылілася ў такое жорсткае зьбіцьцё гэтых хлопцаў ды дзяўчат?

— Ну, іх папярэджвалі, казалі, каб ішлі. Яны не паслухаліся. Вось і пасунулі іх.

— Ёсьць нейкія рэчы, за якія вам хочацца папрасіць прабачэньня?

— Ёсьць такія рэчы. Па-рознаму было. Бачыў, як на калені ставілі, білі. Так, вядома, нельга. Усе мы людзі. Чаму? Ня ведаю. Проста ён у форме, за ім улада — так ён лічыў. Гэта, вядома, няправільна.

— Адно зь меркаваньняў, чаму «Беркут» сябе паводзіў так, палягае ў тым, што вас нібыта трэніравалі на зьняволеных. Ці праўда гэта?

— Не. Гэта ня праўда. Да ўсіх мы ставімся аднолькава. Калі ты парушальнік, якія да цябе могуць быць паблажкі? А па-другое, калі ты стаіш, у цябе кідаюць камяні, паляць — псыхіка не вытрымлівае.

— А як вы трэніраваліся?

Калі ты стаіш, у цябе кідаюць камяні, паляць — псыхіка не вытрымлівае

— Я месяц пабыў у «вучэбцы», і адразу адправілі сюды.

— Значыць, тых, хто разганяў мітынг 30 лістапада, вучылі даганяць, біць спачатку па нагах, потым па нырках, а потым па галаве?

— Ну, ведаеце, як у народзе кажуць — трэба біць там, дзе не застаецца сінякоў. Так міліцыя заўсёды рабіла і робіць дагэтуль. Каб сьлядоў не заставалася.

— Кажуць, «Беркут» ня вельмі добра ставіцца да міліцыі ў сіняй форме?

— Ну, так. Таму што міліцыя шукае парушальніка дробнага, каб яго абабраць. А я ішоў у «Беркут», каб бараніць краіну.

— А што вашы хлопцы гаварылі між сабой, калі зразумелі, што народ не разыдзецца, пакуль ня будуць пакараныя тыя, хто студэнтаў жорстка зьбіў?

— Прыйдуць — яшчэ выйдзем. Усіх паб’ем, а задняга ходу не дамо. Я ня чуў, каб хто казаў, што гэта такія самыя людзі, як мы.

— Вы ж ведалі, што ваш сябар дзяцінства быў на Майдане?

— Ведаў. Ён прыехаў на Майдан, вачыма мяне шукаў. А я ня ведаў тады, што ён ёсьць. Напэўна, калі б ведаў — таксама б яго вачыма шукаў і хацеў бы таксама даць гумовай палкаю трошкі. І ён хацеў мяне пакараць па-свойму. Вывесьці ў людзі, зьняць шлем.

— Цяпер вы як думаеце — такія спэцпадразьдзяленьні патрэбныя?

— Так, наша краіна безабаронная. Спэцпадразьдзяленьне прыяжджае ўжо тады, калі трэба дзейнічаць. Пасьля яго ўжо нічога не застаецца. Пасьля «Беркута» ўжо толькі разваліны, і ўсё. Мы патрэбныя, каб зачышчаць, выдаляць праблему.

— Хто страляў?

— Ёсьць такая спэцрота чацьвёртая. Яны задзейнічаюцца ў крайніх выпадках. Мы тады ўжо адступалі (не «на камэру» растлумачыў, што на сьвітанку 20 лютага ім сказалі: «Вы ніхто. І зваць вас — „ніяк“. Рабіце, што хочаце», і тады пачалі адыходзіць ад стэлы). Але пра снайпэраў я ня ведаю.

— Калі ўбачылі, што пачалі забіваць — страшна ня стала?

— Ды не. Проста баяліся, што людзі таксама зараз возьмуцца за зброю, а мы стаім безь нічога. У мяне ў самога ў шчыце дзірка. З Майдану стралялі. Былі правакатары, якія кідаліся невядома чым, а потым уцякалі.

— Як вы ставіцеся да таго, што многія вашы былыя таварышы па «Беркуце» пайшлі ваяваць у зону баявых дзеяньняў?

— Там яны працягваюць сваю службу, абараняюць Украіну. Тут яны ў цэнтры Кіева абаранялі «твар» нашай краіны. Трэба, каб тут заўсёды быў парадак. А цяпер яны працягваюць і абараняюць мяжу.

— А ведаеце, што яны там гэта робяць разам з майданаўцамі?

— Не, гэтага ня можа быць. Яны асобна. Я ў гэтым упэўнены. «Правы сэктар» асобна, а яны асобна.

Учора той чалавек мяне падпальваў, а сёньня я буду стаяць поплеч?! Няма даверу. Толькі таварышу свайму давяраю, бо ведаю яго.

Гісторыя «майданаўца»

— Ігар, ці ёсьць у вас нянавісьць да людзей, якія вас паранілі?

— Так, вядома. Хочацца, каб іх пакаралі. Я нават не за сябе — я жывы, і гэта добра. А вось тых хлопцаў, якіх забілі, закатавалі... За гэта павінен хто адказваць. Гэта злачынства супраць народу.

— Ці можна вызначыць, на вашу думку, хто канкрэтна страляў, хто катаваў, хто аддаваў загады?

— Думаю, так. Абы жаданьне. Зразумела, што загады аддаваў наш Віктар Фёдаравіч — нягоднік, а ўжо потым — ягоныя паплечнікі. Ну, наколькі я ведаю, не абышлося і без Крамля. Думаю, Пуцін таксама сюды прыклаў руку. А ўжо наша спэцрота «Беркута», якая павінна была нас абараняць... А выйшла наадварот.

— Раскажыце сваю гісторыю: адкуль вы і як трапілі на Майдан?

— Я зь Ямпольскага раёну Віньніцкай вобласьці. Падчас Майдану працаваў у Львове. Прыйшоў дадому з працы, гляджу тэлебачаньне, а на Майдане ўжо ёсьць забітыя хлопцы. Зразумеў, што трэба нешта рабіць. Таму паехаў, каб запісацца ў Самаабарону.

Прыехаў у Кіеў 20 лютага а 5 гадзіне раніцы. Мы нават калі ехалі, то ўжо былі настроеныя, каб скончыць з гэтым усім, нягледзячы на ўсё. Высадзілі нас, 44 чалавекі, з аўтобуса. На той момант было нібы замірэньне. Барыкады як такой ужо не было, байцоў Самаабароны таксама мала. Яны такія зьнясіленыя ўжо былі пасьля падзеяў 18-га і 19-га чысла. А потым усё пачалося.

Са сцэны сказалі, што фармуюцца рэзэрвовыя сотні. Я стаяў у рэзэрвовай сотні, і калі ўбачыў, што пачалі насіць параненых, — пайшоў наперад. Адгазьнік у мяне быў яшчэ са Львова, каску ўзяў і забраў у хлопца, які быў цяжка кантужаны, мэталічнага шчыт — трафэйны. Стаў у шэрагі з хлопцамі, якія закрывалі сваімі шчытамі дзіркі ў барыкадзе. Потым пачуў заклік: «Наперад», і мы пайшлі наперад.

Пад мостам на вуліцы Інстытуцкай спыніліся — пачалі аднаўляць барыкаду. Калі зьверху зьехаў вадамёт, мы былі перад барыкадаю. Зьбіла з ног напорам вады. Я пачаў адступаць і ўбачыў, што ідзе хлопец — без шчыта, бяз каскі, і нясе адзін «кактэйль». Я прыкрыў яго сабою і шчытом, каб падабрацца да вадамёта. Мы такі яго падпалілі, і ён паехаў назад.

Палову нагі не адчуваю, хаджу цяпер з дапамогай мыліц

Я вярнуўся за барыкаду, трохі аддыхаўся. Потым я стаў у шэраг зь дзясяткам хлопцаў. Зьверху па нас білі. Гранаты вельмі часта рваліся. Чуваць ужо былі стрэлы з агнястрэльнай зброі. Калі граната разарвалася зусім блізка — у галаве закружылася — я апусьціў шчыт, і тут куля...

Спачатку нічога не зразумеў, думаў, асколак гранаты... Куля трапіла ў раён сьцягна і прайшла навылёт праз таз. Як вызначылі потым лекары, куля была зь вінтоўкі СВД калібру 7,62 мілімэтра. Яна разьбіла костку і перабіла сядалішчны нэрв.

— У якім стане вы цяпер?

— Замянілі мне сустаў у Чэхіі ў ваенным шпіталі. Палову нагі не адчуваю, хаджу цяпер з дапамогай мыліц.

— Што лекары кажуць?

— У кастрычніку плянуецца яшчэ адна апэрацыя ў нашым Кіеўскім інстытуце нейрахірургіі. Ёсьць у нас такі прафэсар Ігар Трацьцяк, які вызваўся дапамагчы. Дзякуй яму за гэта.

— Ці ведалі вы, што ваш сябар дзяцінства служыць у «Беркуце»?

— Вядома, ведаў. Не разумеў, як так можна. Мы зь ім вельмі сварыліся з гэтай прычыны ў сацыяльных сетках.

— А цяпер?

— Ну, ведаеце, вайна вайной. Але мы вырасьлі разам. Ён прыйшоў да мяне ў шпіталь, калі мяне паранілі. Сагнуў галаву, але прыйшоў.

Што тычыцца мяне, то я вось думаю, усё цяпер па-іншаму ў маім жыцьці. Маю праблему са здароўем, але спадзяюся, што ўсё наладзіцца. Хачу быць настаўнікам гісторыі. Маю каханую — гэта мэдсястра з таго шпіталя, куды мяне параненага на Майдане даставілі, тады пагадзіліся прыняць. Мог бы памерці, а жывы. Але калі б усе вярнуць, я б зрабіў гэтаксама.

Размова з абодвума хлопцамі: «майданаўцам» і «беркутаўцам»

(Сядзяць побач на лесьвіцы пад калянадаю стадыёну імя Лабаноўскага)
Размова сяброў дзяцінства: «майданаўца» і «беркутаўца»
пачакайце

No media source currently available

0:00 0:01:37 0:00
Наўпроставы лінк

(Б) — Я думаў, што ён дурны, раз ён туды папёрся. Ён у дзяцінстве быў вісус, лез, куды ня трэба. І цяпер гэтаксама — чаго сюды ехаць? Я ведаю, што ён ніколькі не зарабіў. Калі даведаўся, што ён у шпіталі — неяк так не па сабе стала. Тым больш, у яго дзень нараджэньня быў 26-га, а я 27-га прыйшоў. Захацелася мне да яго. Пагаварыць пасьля гэтага ўсяго.

(М) — Заходзіць так памаленьку, галаву ўніз сагнуў. Я кажу, што, сумленьне мучыць? Так, адказвае. Пасядзелі, пагаварылі трошкі. Ён сышоў. Мне крыўдна. Жылі столькі, ведаем адзін аднаго. А так выйшла... Я яго пераконваў. Мне было крыўдна, што ён там, што ён яшчэ не перайшоў за нас. Што ён за ўладу, а не за народ. Вось і было крыўдна за гэта.

(Б) — Абодвух нас кінула дзяржава.

(М) — Пайшлі адны, прыйшлі іншыя. Магчыма, і гэтых давядзецца гэтак жа скідаць. Мы хочам, каб мір ужо быў, каб улада была сумленная і ўсё памянялася на лепшае.

(Б) — Каб добра было. Каб далі працаваць. Хочам жыць у вольнай краіне ад вялікіх падаткаў, ад залежнасьці. А так — цэны вялікія, заробкі малыя. Гэта ўсё няправільна. Пры Януковічу было ня лепей. Я не стаяў за Януковіча. Я стаяў за загад, за парадак. Я не падтрымліваю ні ЭЗ, ні НАТО або Мытны саюз. Я хачу, каб на нас раўняліся. Як некалі было — за кошт калгасу жылі ўсе гарады. Трохі падняць калгас.

(М) Мы пастараемся, каб нашым дзецям жылося лепш, чым нам.

(М і Б) Мы адзін аднаму даравалі.

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG