Лінкі ўнівэрсальнага доступу

logo-print

Лукашэнка: Манэўр Расеі прывядзе да значных стратаў у Беларусі


«Мы накіравалі групу спэцыялістаў на чале з Уладзімірам Сямашкам, які вядзе перамовы на гэтую тэму. Калі такі крок будзе зроблены з боку Расейскай Фэдэрацыі, гэта стане вельмі вялікай праблемай у функцыянаваньні цяперашняга саюзу. Па-першае, таму, што мы дамаўляліся пра іншае. Па-другое, калі робяцца нейкія дзеяньні ў адным кірунку, значыць, трэба, каб у іншым была кампэнсацыя. Гэта добрыя грошы, якія мы ні ў якім выпадку не павінны губляць», — цытуе Лукашэнку прэзыдэнцкая прэс-служба.

«Калі нас пачынаюць папракаць, тады давайце так: мы задумалі Мытны саюз, затым Эўразійскі саюз — давайце яго пабудуем на клясычных прынцыпах. Недзе мы губляем, дзесьці Расея, Казахстан. Але гэтая арганізацыя наогул клясычна не трывае ніякіх выключэньняў і абмежаваньняў, — адзначыў Лукашэнка. — Зразумела — некаму нявыгадна. Шмат што камусьці нявыгадна. Але мы дамовіліся, і гэтыя дамоўленасьці трэба выконваць. Гэта наша пазыцыя».

Сёньня намесьнік міністра фінансаў Расеі Сяргей Шаталаў заявіў журналістам, што Мінфін РФ лічыць дастатковай суму кампэнсацыі страт беларускаму бюджэту ад падатковага манэўру ў нафтавай галіне Расеі. Адпаведныя дамоўленасьці былі дасягнуты ў сярэдзіне 2014 года.

«Усе страты, мы лічым, мы закрываем тымі $ 1,5 млрд, якія мы ім дадаткова далі. На наш погляд, гэтага больш чым дастаткова. Далей гэтае пытаньне будзе абмяркоўвацца на ўзроўні ўраду», — цытуе Інтэрфакс Шаталава.

У расейскую Дзярждуму паступіў законапраект аб зьменах у Падатковым кодэксе, які прадугледжвае правядзеньне так званага падатковага манэўру ў нафтавай галіне (рэзкае зьніжэньне экспартнага мыта на нафту і нафтапрадукты і адначасова з гэтым значнае павышэньне падатку на здабычу карысных выкапняў).

Беларускія НПЗ мяркуюць, што падатковы манэўр можа прывесьці да істотнага росту для Беларусі цаны на расейскую нафту. У выніку могуць вырасьці цэны на нафтапрадукты для спажыўцоў.

Раней ва ўрадзе Расеі паведамілі: каб не дапусьціць рэзкага росту коштаў на паліва расейскі бюджэт на 2015 год прадугледжвае значнае зьніжэньне акцызаў на нафтапрадукты.

Аднак урад Беларусі пры плянаваньні бюджэту на 2015 год, наадварот, заклаў павелічэньне акцызаў на нафтапрадукты.

XS
SM
MD
LG