Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Ня будзе ўкраінскага тварагу — напішуць Лукашэнку


Украінскі гандаль у Новай Гуце
Украінскі гандаль у Новай Гуце

У памежных з Украінай беларускіх вёсках можна часта сустрэць украінскіх жыхароў, якія прывозяць на продаж малочную прадукцыю, гародніну ды іншыя харчовыя тавары. Беларусы з ахвотай купляюць іх — яны добрай якасьці і таньнейшыя. Памежны гандаль ня толькі дапамагае выжываць беларусам і ўкраінцам, але й спрыяе добрасуседзтву. Рэпартаж з Новай Гуты Гомельскага раёну.

Ад украінскай вёскі Новыя Ярылавічы да беларускай Новай Гуты ўсяго пара кілямэтраў. Гэтую блізкасьць і скарыстоўваюць украінцы, каб пехатою альбо на ровары прывезьці ў Новую Гуту сваю хатнюю прадукцыю.

На цэнтральным вясковым пляцы, найбольш ажыўленым месцы, украінцы і ставяць свае кашы ды валізы з тварагом, сьмятанай, маслам альбо й проста садавіной:

«Натальля Андрэеўна з Новых Ярылавіч. Бяруць — і тварог, і масла бяруць. І сьмятану. Наагул, усё наша ўкраінскае любяць».

І, ужо зьвяртаючыся да знаёмай беларускай пакупніцы, пытаецца: «Так, Люда?» Тая пацьвярджае: «Так». Словам, што ні прывязуць, усё разьбіраюць:

«І сала ўкраінскае, і перцы, і яблыкі, і памідоры — усё бяруць».

Праўда, на малочна-яблычным шляху стаіць беларуская мытня, якая абмяжоўвае да пяці кіляграмаў вагу штотыднёвых харчовых паездак украінцаў у Новую Гуту:

«Людзі ня супраць — наш тварог усе любяць. Беларуская мытня калі нас не прапускае, то тут вяскоўцы кажуць, што будуць Лукашэнку пісаць, каб прапускалі і каб тварог вазілі. Пяць кіляграмаў можна везьці раз на тыдзень — толькі пяць. Мы беларусаў любім, і яны нас паважаюць».

Кабета кажа, што год зь невялікім таму муж яе памёр, дзьве дачкі жывуць у Кіеве. І каб мець нейкую капейчыну, яна і возіць хатнія харчы ў Беларусь на продаж:

«Я сама з Гарнастаеўкі. Замуж выйшла ў Ярылавічы. Трыццаць пяць гадоў пражыла з мужам. Але ўжо другі год пайшоў, як ён памёр. Дзьве дачкі ў Кіеве замужам. Пэнсіі пакуль няма — вось і зарабляю так грошы. А што рабіць?»

Беларусы ўжо да нас на рынак часьцяком езьдзяць, бо ў нас ніжэйшыя цэны

Натальля ня верыць паведамленьням расейскіх прапагандыстаў, што нібыта ў Данбасе ваююць украінцы з украінцамі:

«Людзям кажуць, што там нашы ваююць. Ваюе там Расея. Трэба, каб Расея супакоілася. А то забралі Крым і хочуць забраць яшчэ і Данецк, і Кіеў».

Яшчэ адна ўкраінка жыве крыху далей ад Ярылавіч — у невялікім райцэнтры Рэпкі:

«Я ня часта, прыкладна раз на тыдзень прыяжджаю. Жыву зь Беларусьсю побач, у Чарнігаўскай вобласьці, але крыху далей ад мяжы — Рэпкі называюцца. Беларусы ўжо да нас на рынак часьцяком езьдзяць, бо ў нас ніжэйшыя цэны. Хоць у нас і вайна, але цэны, асабліва на прамысловыя тавары, дый на сала, малочныя прадукты, у нас меншыя».

Жыхары Новай Гуты прыязна сустракаюць суседзяў-украінцаў — і тых, хто прывозіць харчы на продаж, і ўцекачоў, якіх з-за вайны шмат прыехала апошнім часам у беларускае памежжа. Тутэйшая кабета апавядае:

«Хто дасьць коўдру, хто падушку, шторы. Бо людзі як стаялі, так і прыехалі. Калі яны распавядаюць пра вайну, то валасы дыбарам устаюць. Хіба ж можна брату брата забіваць — гэта страшныя рэчы! Такога не павінна быць, што адбываецца цяпер ва Ўкраіне. У мяне брат родны ў Крывым Рогу, стрыечны — у Днепрапятроўску. Так не павінна быць, як цяпер ва Ўкраіне».

Ігар Лосік Кацярына Андрэева Ірына Слаўнікава Марына Золатава Андрэй Кузьнечык
XS
SM
MD
LG