Лінкі ўнівэрсальнага доступу

«Moва Cup». Родную мову — у спартовыя масы


28 верасьня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Менску прайшоў першы нацыянальны спартовы фэстываль «Moва Cup», ініцыяваны слыннай плыўчыхай, алімпійскай прызэркай, чэмпіёнкай сьвету і Эўропы Аляксандрай Герасіменяй і яе мэнэджэрам Сяргеем Шчурко.

Незвычайная імпрэза знайшла падтрымку ў зацікаўленых ведамствах і на спартова-моўнае сьвята заявіліся каманды, пачынаючы ад Міністэрства спорту і турызму і заканчваючы камэрцыйнымі кампаніямі.

Аляксандра Герасіменя

Аляксандра Герасіменя

На правах гаспадыні фэстывалю «Moва Cup» удзельнікаў алімпійскага цэнтру па лёгкай атлетыцы, што на вуліцы Кастуся Каліноўскага, 111, вітала Аляксандра Герасіменя:

«Добры дзень, сябры, шчыра вітаем вас на нашым мерапрыемстве! Я вельмі рада, што вы сюды прыйшлі. Зразумела, я нямала хвалююся, таму што гэта адбываецца ўпершыню, але нарэшце мы гэта зрабілі. Цешыць, што ня столькі шмат народу сабралася ля гэтай імправізаванай сцэны, колькі зараз ёсьць на пляцоўках — усе займаюцца рэальнай справай. А яшчэ вельмі добра, што сёньня з вашай дапамогай мы ўсе паспрабуем размаўляць на нашай роднай беларускай мове. Я ня буду шмат гаварыць агульных словаў, бо мяне чакаюць мае спаборніцтвы. Таму жадаю вам толькі посьпехаў. І давайце разам зробім гэта!»

Аляксандра Герасіменя ўзнагароджвае Сяргея Шчурко за перамогу ў фіткросе

Аляксандра Герасіменя ўзнагароджвае Сяргея Шчурко за перамогу ў фіткросе

Па выніках турніру і Аляксандра Герасіменя, і Сяргей Шчурко патрапілі на вышэйшыя прыступкі п’едэсталу: Аляксандра — у намінацыі карпаратыўнага пераможцы з калектывам «Беларусбанку», зь якім у яе спонсарскае пагадненьне, Сяргей — як выніковы лідэр фіткросу, комплексу сілавых спаборніцтваў з 3-кілямэтровым марш-кідком на фінішы.

А вось супольны забег пары Герасіменя-Шчурко на жартаўлівай 40-мэтровай дыстанцыі з «жанчынай на шыі» скончыўся правалам — яны прыйшлі апошнімі. Ахінуць тое, што адбываецца ў розных кутках цэнтру, пасьпявае прадстаўнік Міністэрства спорту і турызму Ўладзімер Несьцяровіч:

«Хоць гэта і першая спроба, але думаю, што яна вельмі ўдалая. Ня так важна, што людзі размаўляюць не заўсёды тут на беларускай мове: у кагосьці гэта ня вельмі атрымліваецца, хтосьці размаўляе на трасянцы, але гэта першыя крокі, якія трэба рабіць і для папулярызацыі спорту, і для здаровага ладу жыцьця, і для больш шырокага ўжываньня нашай роднай мовы. Перакананы, што гэта пойдзе на карысьць усім, а таксама спадзяюся, што гэтыя спаборніцтвы будуць працягвацца надалей, у наступным годзе і потым, і потым. Таму што мы перадусім беларусы, нам трэба памятаць і пра родную мову, і пра свае традыцыі, і пра гісторыю. Хай гэта будзе праз спорт, хай гэта будзе крок за крокам, але паступова можа мы прыйдзем да таго, каб усё часьцей карыстацца беларускай мовай у нашым штодзённым жыцьці».

Спаборніцтвы па веславаньні

Спаборніцтвы па веславаньні

Некалькі дзясяткаў атлетаў і зборных камандаў змагаліся за ўзнагароды турніру, які ці не ўпершыню ў гісторыі беларускага спорту меў такі яскрава акрэсьлены нацыянальны падтэкст. Беларускамоўныя вядоўцы запрашалі ўдзельнікаў на старты, разбаўляючы пратакольныя зьвесткі дасьціпнымі жартамі, у шэрагах заўзятараў было шмат людзей, апранутых у кашулі з элемэнтамі традыцыйнага арнамэнту. Адзін з экіпаваных такім чынам гасьцей — у мінулым баксёр, а цяпер вытворца амуніцыі для школаў адзінаборстваў Алег Радзюк:

«Надзвычай цікава, прыемна і зручна, бо ўсё гэта адбываецца ня недзе ў скляпеньнях, не прыхавана, як мы прызвычаіліся чуць беларускую мову, а на вольнай прасторы, дзе шмат людзей, дзе камфортна сябе пачуваеш. Вельмі добра. Я за тое, каб хоць кожныя выходныя так сустракацца — а так, зрэшты, і павінна быць. Таму вельмі прыемна і вельмі ўсё падабаецца».

Карэспандэнт: «І ўсё ж крыху недарэчна, што агітаваць за мову даводзіцца такім чынам — у іншых краінах мова і без таго ўспрымаецца як сьвятое...»

«Так, але ж усе разумеюць, што мы пад расейскай акупацыяй. І тое, што зараз адбываецца ва Ўкраіне, у нас пачалося 500 гадоў таму, разам з бітвай пад Воршай. Сутнасна ж нічога не зьмянілася! Вайна працягваецца, кожны дзень — гэта змаганьне за мову, за сям’ю, за ўсё астатняе. І якраз спорт мае шанцы нас аб’яднаць, бо моцная нацыя ня толькі духоўна, але менавіта і фізычна. Калі ўсе будуць сядзець за кампутарам і адну за адной паліць цыгарэты, то што ж гэта будзе за нацыя? Усе мы павінны трымаць форму, гэта істотна».

На ўваходзе ў будынак алімпійскага цэнтру, дзе схапіліся удзельнікі турніры ў настольным хакеі, шлі паказальныя выступы гімнастак ды майстроў шахматаў, літаральна кіпеў гандаль майкамі-вышыванкамі, распрацаванымі пры непасрэдным удзеле нашага калегі, супрацоўніка Радыё Свабода Франака Вячоркі. Па яго словах, выручаныя грошы пойдуць на дапамогу дзецям-інвалідам, якія разам з бацькамі таксама былі запрошаныя на імпрэзу:

«Радыё Свабода вырашыла далучыцца да такога выдатнага мерапрыемства. Мы падрыхтавалі майкі-вышыванкі — гэта майкі з прынтом беларускага нацыянальнага арнамэнту. Гэтыя майкі прадаём усім гасьцям фэстывалю, а ўвесь прыбытак, які атрымліваем, аддаём сем’ям з хворымі на параліч дзецьмі. Палічым, колькі ўдалося прадаць маек, і сродкі перададзім дзеткам, Таксама Радыё Свабода ўручыць свае прызы ўдзельнікам спаборніцтваў».

Магчымасьць папрактыкавацца ў беларускай мове атрымалі ня толькі шараговыя наведнікі алімпійскага цэнтру, але і прызнаныя майстры сваёй справы. Зь вітальным словам да прысутных зьвярнуўся срэбны прызэр Алімпійскіх гульняў у Пэкіне дзесяціборац Андрэй Краўчанка, ужо звыкла падтрымала моўную плянку Аляксандра Герасіменя, якая па-беларуску правяла майстар-кляс з маленькімі плыўцамі. Ляўрэатаў фэсту віншавалі неаднаразовы пераможца ўсясьветных і кантынэнтальных першынстваў, штурхальнік ядра Андрэй Міхневіч, прызэр чэмпіянату Эўропы ў скачках у даўжыню Аляксандар Главацкі ды іншыя.

Чэмпіён Эўропы, алімпійскі прызэр Андрэй Краўчанка

Чэмпіён Эўропы, алімпійскі прызэр Андрэй Краўчанка

Пра адметнасьць імпрэзы — Андрэй Краўчанка:

«Я тут, бо, найперш, люблю спорт у цэлым, а спаборніцтвы з удзелам самых розных людзей — гэта надзвычай добра. Па-другое, мне сапраўды неабыякавы лёс беларускай мовы. Таму гэта вельмі добра, што столькі народу бярэ ўдзел у такіх спаборніцтвах. З аднаго боку, гэта разьвівае спорт, робіць яго больш масавым, зь іншага — зьбірае ў адным месцы аднадумцаў. Асабіста я прыйшоў сюды, таму што гэта сьвята, гэта сьветлы дзень. Спорт аб’ядноўвае ўсіх: людзі прымаюць выклік, спаборнічаюць, прычым, ня толькі адзін з адным, а часта нават з сабой. Гэта, з майго гледзішча, вельмі добра».

Карэспандэнт: «Чаму, на ваш погляд, на сьвяце няшмат прафэсійных спартоўцаў?».

«Мабыць, перашкодзілі нейкія справы, у кожнага свае прычыны. Але як пройдзе гэты фэстываль, усе пра яго прачуюць, інтарэс з боку прафэсійных атлетаў будзе нашмат большы. Прынамсі я на гэта спадзяюся».

За прасоўваньне роднай мовы ў спартовыя масы Радыё Свабода заснавала прыз. Так, электроннай кніжкай Amazon Kindle і плэерам IPad Shuffle былі ўганараваныя інваліды-вазочнікі, галоўныя судзьдзі спаборніцтваў у сілавым шматбор’і (ці фіткросе). Пра гэта абвясьціў прысутным добра вядомы наведнікам стадыёну «Трактар» судзьдзя-інфарматар Леанід Бандаровіч:

«Падарункі ад Беларускай службы Радыё Свабода гэтым двум цудоўным людзям, якія былі судзьдзямі ці не ў самым складаным відзе праграмы, будзе ўручаць Францішак Вячорка. Гэта паралімпійскі чэмпіён Аляксандар Трыбуць і чэмпіёнка сьвету ў танцах на вазочках Дар’я Кульш. Менавіта яны абслугоўвалі апошні пункт нашых спаборніцтваў. Гэта вельмі каштоўныя падарункі, сябры, і нам сёньня вельмі прыемна, што ў гэты, ні больш, ні менш, сьвяточны дзень іх атрымалі менавіта гэтыя мужныя людзі. І яшчэ раз адзначу, што 28 верасьня мы адзначылі дзень нараджэньня сьвята, якое, разьлічваю і спадзяюся, будзе доўжыцца і надалей».

Адзін з арганізатараў фэсту Сяргей Шчурко кажа, што задаволены першым досьведам спартова-моўнага спалучэньня і разьлічвае на доўгае і пасьпяховае існаваньне свайго дзецішча:

«Мне гэты фармат спадабаўся — мабыць, яшчэ і таму, што я арганізатар. Я заклікаў уласным прыкладам, узяўшы ўдзел у стрытболе, у забегах, у гіравым спорце, зараз вось у фіткросе. Мне ўсё гэта цікава, таму што я актыўны хлапец. Як і Аляксандра Герасіменя. Гэтае мерапрыемства найперш для тых, хто заўсёды нешта шукае, для тых каму цікава жыць, я б так сказаў. Для тых, хто прыйшоў, паглядзеў і „загарэўся“: давай я паўдзельнічаю, а потым яшчэ і сябра падбіў — давай разам з табой паспаборнічаем. Калі гэта ідзе на карысьць здароўю, то, на мой погляд, усё гэта добра. Праўда, я ва ўсім гэтым пэрсанаж, як кажуць, зацікаўлены, таму можа занадта нахвальваю. Але ж я бачу, што прыйшло шмат народу, бачу, як людзі апладзіруюць, бачу ўсьмешкі на тварах. Значыць, гэта ім цікава, гэта добра, чаму не?».

Ня выключана, што другі па ліку нацыянальны спартовы фэстываль «Moва Cup» праз год будзе наладжаны ў больш спрыяльны час — пры канцы жніўня ці напачатку верасьня, каб забясьпечыць удзельнікам больш камфортныя кліматычныя ўмовы.

XS
SM
MD
LG