Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У Беларусі ўшануюць стагодзьдзе кардынала Сьвёнтка


Казімір Сьвёнтак

Казімір Сьвёнтак

У Беларусі будзе выпушчана паштоўка з выявай кардынала Казімера Свёнтка, які тры гады не дажыў да свайго стогадовага юбілею.

Упершыню ў найноўшай гісторыі Беларусі ў абарачэньне будзе выпушчаная паштоўка з выявай вядомага дзеяча рымска-каталіцкай царквы, кардынала Казіміра Свёнтка (1914-2011).

Як паведамляе Catholic.by, 30 верасня Міністэрства сувязі і інфарматызацыі выпусьціць y абарачэньне паштоўку з арыгінальнай маркай, прысвечаную 100-годдзю з дня нараджэньня кардынала. Паштоўка будзе надрукаваная аб’ёмам 30 тысяч асобнікаў. Яе гашэньне заплянаванае на 21 кастрычніка.

На марцы паказаны біскупскі пастарал. На паштоўцы — выява кардынала Казімера Свёнтка, змешчаная на фоне касцёла Ўнебаўзяцьця Найсьвяцейшай Панны Марыі ў Пінску.

Пад ёй надпіс — «Шукайце таго, што ў вышынях». Мастаком паштоўкі і спецштэмпеля выступіў Уладзімер Васюк. Кардынал Казімір Сьвёнтак нарадзіўся 21 кастрычніка 1914 года ў Эстоніі ў Вальку, ахрышчаны быў у Рызе. Калі яму было 3 гады, яго сям’ю саслалі ў Сыбір. Пасьля заканчэньня Вышэйшай духоўнай сэмінарыі ў Пінску 8 красавіка 1939 года ў тамтэйшай катэдры ён быў высьвечаны на сьвятара і накіраваны на працу ў Пружаны. У выніку перасьледаваньня рэлігіі ён быў арыштаваны і асуджаны на сьмерць. Два месяцы знаходзіўся ў камэры сьмерці. Вайна, якая распачалася ў 1941 г., перашкодзіла выканаць прысуд. Аднак у 1944 годзе малады сьвятар зноў быў арыштаваны і асуджаны на 10 гадоў лягераў, дзе цяжка працаваў спачатку ў Сыбіры, а потым за Палярным кругам у Інце каля Варкуты.

Выйшаўшы на волю ў 1954 годзе, ён зноў апынуўся ў Пінску. Дзякуючы самаадданай і ахвярнай працы ксяндза Казіміра Сьвёнтка адбудавана пінская катэдра.

Папа Ян Павал ІІ у 1991 годзе прызначыў Сьвёнтка яго першым Мітрапалітам новастворанай Менска-Магілёўскай Мітраполіі і Апостальскім Адміністратарам Пінскай дыяцэзіі. Ва ўзросьце 77 гадоў новы Мітрапаліт распачаў сваё біскупскае служэньне. У 1994 годзе Ян Павал ІІ надае яму тытул кардынала — найвышэйшая адзнака, якая можа быць у Касьцёле.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG