Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Беларуская мова ёсьць адным з чыньнікаў супраціву так званаму «рускаму сьвету», — Вінцук Вячорка

  • БелаПАН

Беларуская мова ёсьць спосабам жыцьця той грамадзянскай супольнасьці, якая ня хоча, каб Беларусь апынулася пад бульдозэрам так званага «рускага сьвету», заявіў БелаПАН мовазнавец і грамадзкі дзяяч Вінцук Вячорка, які 27 верасьня выступіў у Магілёве зь лекцыяй «Права на мову».

На лекцыі, арганізаванай Магілёўскім праваабарончым цэнтрам, выступоўца адзначыў, што ў Беларусі моўныя правы беларускамоўных людзей ніяк не абароненыя.

«Яны ня маюць магчымасьці ў звычайным рэжыме аддаць дзяцей у найбліжэйшы дзіцячы садок, школу, гімназію, ліцэй, каб тыя вучыліся па-беларуску. Маладыя людзі, якія закончылі школу па-беларуску, ня могуць прадоўжыць адукацыю па-беларуску, калі яны хочуць стаць інжынэрамі, фінансістамі, юрыстамі, таму што такой вышэйшай адукацыі па-беларуску ў Беларусі няма ў прынцыпе. Звычайны чалавек, які прыйдзе ў натарыяльную кантору з дакумэнтам, напісаным па-беларуску, і захацеўшы яго засьведчыць па-беларуску, рызыкуе натрапіць на недарэчныя адказы натарыяльных юрыстаў, якія яму будуць нешта казаць, што ў нас дзьве дзяржаўныя мовы і таму ў іх там толькі руская мова», — адзначыў мовазнаўца, падкрэсьліўшы, што не чыноўнікі, а менавіта грамадзянін можа выбіраць, на якой зь дзьвюх моў зь ім мусяць размаўляць у разнастайных установах.

Ён распавёў, што ў Магілёве, паводле апошняга перапісу 2009 года, больш за 22 тысячы чалавек пазначылі беларускую мову як тую, якой карыстаюцца штодня. Але працэнт беларускіх дзіцячых садкоў, школ, ВНУ ў горадзе ніяк не адпавядае гэтай лічбе. У Магілёве па-беларуску навучаецца толькі адна вучаніца пятай клясы.

На лекцыі былі разгледжаны асобныя артыкулы законаў, у прыватнасьці закону аб мовах і закону аб дзяржаўнай службе, якія варта выкарыстоўваць для адстойваньня правоў беларускамоўных суграмадзян.

Мовазнаўца мяркуе, што «гаротны стан беларускай мовы склаўся з-за таго, што цяперашнія ўлады ад пачатку будавалі сваю трываласьць на савецкай настальгіі, якая супадае з расейскай імпэрскай настальгіяй». «Набор пэўных знакаў, сымбаляў, гістарычных постацяў ня быў сумяшчальны са знакамі, сымбалямі, постацямі, каштоўнасьцямі нашай нацыянальнай гісторыі. Беларуская мова ў трактоўцы цяперашняй улады — гэта штосьці падлеглае выкараненьню альбо дазволенае ў нейкіх рэзэрвацыях», — адзначае Вячорка.

Але цяпер, на яго думку, зьнешнепалітычная сытуацыя зьмянілася, бо ўзьнікла абсалютна рэальная пагроза — «калі, выкарыстоўваючы моўны аргумэнт, так званую канцэпцыю „русского мира“, дзе гучыць руская мова, уцягваюць пад скіпэтр і дзяржаву новага імпэратара — дзе збройна, дзе паўзучым чынам».

«І супраціўляцца гэтаму мы абавязаны ў немалой ступені вяртаючыся да беларускай мовы, калі мы ня хочам, каб зьнікла Беларусь як незалежная краіна і дзяржава», — сказаў Вячорка.

Разам з тым грамадзкі дзяяч упэўнены, што ў маладога пакаленьня ўжо ўзьнікла мода на беларушчыну. «Я зь вялікім захапленьнем стаўлюся і дапамагаю калі-нікалі такім новым ініцыятывам як „Мова ці кава“. Яны мультымэдыйныя, маюць характар шоў, разьлічаныя на моладзь і робяцца рукамі моладзі. Новае пакаленьне стварае моду на беларушчыну. Выжывем, хоць нялёгка», — адзначыў Вінцук Вячорка.

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG