Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Фільм «Левіяфан» пра жыцьцё расейскай правінцыі вылучаны на «Оскара»


Фільм «Левіяфан» Андрэя Зьвягінцава вылучаны ад Расеі на атрыманьне прэміі «Оскар» у намінацыі «Найлепшы фільм на замежнай мове». Аб гэтым па выніках пасяджэньня расейскага оскараўскага камітэту, які адбыўся ў нядзелю, паведаміў рэжысэр Павел Чухрай.

Карціна Андрэя Зьвягінцава ўганараваная падчас Канскага кінафэстывалю за найлепшы сцэнар і Мюнхенскага кінафэстывалю як найлепшы замежны фільм. Пры гэтым з-за нецэнзурнай лексікі «Левіяфан» ня быў паказаны на цырымоніі адкрыцьця Міжнароднага кінафэстывалю ў Маскве.

Па той жа прычыне пад пытаньнем аказаўся і пракат «Левіяфана» ў расейскіх кінатэатрах. Міністар культуры Уладзімір Мядзінскі адмаўляўся выдаваць пракатнае пасьведчаньне карціне і заяўляў, што кіно Зьвягінцава «не пацерпіць ад таго, што зь яго выражуць мат». У ліпені «Левіяфан» усё ж атрымаў дазвол на паказ, прадусар карціны Аляксандар Роднянскі паведаміў, што мат у фільме будзе «запіканы».

Зь першага ліпеня ў Расеі ўступіла у сілу забарона на выкарыстаньне ненарматыўнай лексікі ў сродках масавай інфармацыі, пры публічным выкананьні твораў мастацтва на тэлебачаньні, у тэатрах, кіно, на канцэртах і выставах. За некалькі дзён да прыняцьця закону ў шэрагу гарадоў Расеі прайшла Ўсерасейская акцыя ў абарону культуры, удзельнікі якой заклікалі ня ўводзіць абмежаваньні.

XS
SM
MD
LG