Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Сёньня ў Менску адбываецца «Мова Cup» — спартовае сьвята тых, хто сымпатызуе Беларушчыне


28 верасьня ў Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі ў Менску на вуліцы Каліноўскага, 111 стартуе Першы нацыянальны спартыўны фэстываль «Мова Cup». Як сьцьвярджаюць арганізатары, мерапрыемства яшчэ ня мела аналягаў у гісторыі беларускага спорту — перадусім таму, што працоўнай мовай спаборніцтваў вызначана беларуская.

Падчас прэсавай канфэрэнцыі, прымеркаванай да нядзельнай імпрэзы, было заяўлена, што ідэя фэстывалю належыць зорным беларускім атлетам з дабрачыннага праекту «Мары збываюцца». Адна з гераінь «Мова Cup» — славутая плыўчыха, чэмпіёнка сьвету і Эўропы, алімпійская прызэрка Аляксандра Герасiменя — ня першы раз зьбірае на адной пляцоўцы прадстаўнікоў беларускага спорту i звычайных беларусаў. Але, як кажа сама Аляксандра, цяперашні праект адмысловы, таму што мае «моўны» падтэкст.

28 верасьня тэрыторыя спартовага комплексу на сталічнай вуліцы Каліноўскага будзе аддадзена аматарам здаровага ладу жыцьця, якія возьмуць удзел у спаборніцтвах у шасьці дысцыплінах: міні-футболе, стрытболе, лёгкай атлетыцы, плаваньні, бадмінтоне і гіравым спорце. Апрача таго, можна будзе паспрабаваць свае сілы ў такіх «прыкладных» відах, як «шпуляньне» на дальнасьць мабільных тэлефонаў ці ў 30-мэтровым забегу сярод мужчынаў... зь дзяўчынай на плячах. Аляксандра Герасіменя таксама гатовая «павісець» у каго-небудзь на шыі і разьлічвае, што да фэсту людзі паставяцца не як да супэрадказных стартаў, а як да магчымасьці з дапамогай спорту стварыць беларускамоўную пляцоўку.

Радыё Свабода ўдзельнічае ў спаборніцтвах па міні-футболу і ў кросфіце. Вось турнірная раскладка па міні-футболе:

Радыё Свабода таксама заснавала свае ўласныя ўзнагароды для пераможцаў фэстывалю. Найбольш здольныя і самыя беларускамоўныя атрымаюць у падарунак электронную кнігу Amazon Kindle i плэер iPod Shuffle.

Першы нацыянальны спартовы фэстываль «Мова Cup» стартуе 28 верасьня а 10-й раніцы ў менскім Рэспубліканскім цэнтры алімпійскай падрыхтоўкі. Ці паболее дзякуючы яму колькасьць беларускамоўных ці прынамсі тых, хто сымпатызуе беларушчыне, — стане зразумела сёньня.

XS
SM
MD
LG