Лінкі ўнівэрсальнага доступу

У «Спадарожніку» — Куляшоў, Пысін ды Бялыніцкі-Біруля па-расейску


мікрараён "Спадарожнік"

мікрараён "Спадарожнік"

У беларускіх гарадах пачалі надаваць новым вуліцам імёны беларускіх літаратараў і дзеячаў культуры. У бальшыні выпадкаў — гэта аддаленыя ад цэнтру мікрараёны. Гарадзкія цэнтры ж застаюцца апанаванымі назвамі з савецкай мінуўшчыны.

Магілёў не выключэньне. У адным з новых тутэйшых мікрараёнаў зьявіліся вуліцы імя Аляксея Пысіна і Аркадзя Куляшова. Да іх тут была вуліца імя Вітольда Бялыніцкага-Бірулі. Ці ведаюць жыхары гэтых вуліц хто такі Пысін, Куляшоў ды Бялыніцкі Біруля і Ці ганарацца тым што жывуць на вуліцах названых іхнымі імёнамі?

Вуліца Аркадзя Куляшова ў Магілёве ня мае доўгай гісторыі. Імем беларускага літаратара назвалі вуліцу ў новым мікрараёне «Спадарожнік». З аднаго боку ад яе абласная бальніца з другога — панэльныя шматпавярховікі. Да цэнтру горада — з паўгадзіны язды на аўтобусе. Шыльды з назвай вуліцы на расейскай мове.

Даведацца ад жыхароў вуліцы хто такі Аркадзь Куляшоў як высьветлілася няпростая задача. Адказваючы на пытаньне мінакі сумняваліся ў тым, што іхнае меркаваньне праўдзівае і штораз перапытвалі ў журналіста ці такое яно насамрэч.

— Вы ж жывяце на гэтай вуліцы?

— Так

— А хто такі Аркадзь Куляшоў?

Адказваць бярэцца мужчына і тут жа папраўляе журналіста, што Куляшова завуць Аляксей, але зірнуўшы на шыльду дома і ўпэўніўшыся, што памыліўся папраўляецца ён:

— Аркадзь Куляшоў — гэта маршал Савецкага Саюзу па-мойму. Не, не — гэта Якубоўскі быў маршалам, а Куляшоў як мне падаецца беларускі пісьменьнік.

— А ці ёсьць гонар, што жывяце на вуліцы такога славутага беларускага пісьменьніка?

— Дык у нас многа вуліц такіх вось, напрыклад, вуліца Сіманава, а тут во Куляшова.

Наступная суразмоўца маладая мама. На тое ж пытаньне: "Хто такі Куляшоў? Адказвае сумняваючыся:

— Навуковец напэўна. Але, калі шчыра сказаць я нават і ня ведаю. Калі ж задацца такім пытаньнем, то можна ў інтэрнэце пачытаць.

— А тое, што ягоным імем названы ўнівэрсытэт у Магілёве, ці кажа вам гэта пра што?

— Значыцца навуковец! Вось прыйду дахаты і абяцаю дзеля інтарэсу паглядзець у інтэрнэце хто ён такі.

Наступных суразмоўцаў сталага веку жанчыну і яе дачку пытаньне пра Куляшова крыху зьбянтэжыла:

— Пісьменьнік напэўна. І інстытут наш у яго гонар названы.

На просьбу згадаць творы пісьменьніка маладзейшая жанчына адказала:

— Зь беларускіх пісьменьнікаў асабліва нічога не памятую. Даўно ў школе вучыліся.

Жанчыны ганарацца тым, што жывуць на вуліцы названай імем Куляшова:

— Нам больш хацелася жыць на вуліцы Куляшова, — заяўляюць яны, — чым на вуліцы імя Аляксея Пысіна. Інстытут жа Куляшова....

Вуліца імя Аляксея Пысіна непадалёк. Творчасьць паэта зьвязная з Магілёвам. У цэнтры гораду на адным з дамоў — мэмарыяльная шыльда паэту. Пахаваны ён на каталіцкіх могілкаў у Магілёве. Надпіс на ягоным надмагільлі на ўсе могілкі адзіны па-беларуску. Шыльды ж на вуліцы названай у гонар беларускага паэта расейскамоўныя. Гэтая акалічнасьць жыхароў вуліцы не бянтэжыць. Мы на гэта не зьвяртаем ўвагі, падкрэсьліваў амаль кожны да каго зьвяртаўся з пытаньнем. Для жыхароў вуліцы Пысін — пісьменьнік, некаторыя не праміналі адзначыць, што беларускі.

— Пісьменьнік беларускі! Мне вядома ж прыемна, што ў нашай краіне існуюць людзі, якія пражыўшы жыцьцё вартыя таго, каб у іх гонар назваць вуліцу, — выказваецца пра Аляксея Пысіна жыхарка вуліца.

Мэмарыяльная шыльда Аляксею Пысну цэнтры гораду

Мэмарыяльная шыльда Аляксею Пысну цэнтры гораду

Непадалёк ад новай школы пераймаю маладога мужчыну з тым жа пытаньнем пра Аляксея Пысіна — хто ён такі?

— Гэта беларускі паэт. Ведаю, бо пра яго цікавіўся і мне сказалі хто ён. Пра творчасьць паэта суразмоўца прызнаўся, што нічога ня ведае — для яго дастаткова веданьня, хто такі Пысін.

Гадоў пяць яшчэ таму вуліца імя Бялыніцкага-Бірулі была вядомая большасьці магілёўцаў, бо на ёй былі дзьве бальніцы — абласная і дзіцячая. Цяпер вырас мікрараён і тут высяцца шматпавярховікі. На пешаходнай вуліцы Ленінскай (у цэнтры гораду) ёсьць мастацкі музэй імя Бялыніцкага-Бірулі. Вуліца ж амаль на гарадзкой пэрыфэрыі. Шыльды звыкла расейскамоўныя.

Тыя ж пытаньні што і жыхарам вуліц імя Куляшова і Пысіна задаю жыхарам вуліцы Бялыніцкага Бірулі.

Зьвяртаюся да маладой жанчыны. Яна без асабліва роздуму адказвае:

— Не, я ня ведаю хто ён такі. І не цікавілася ніколі.

— Хіба ня ведаеце, што ў Магілёве ёсьць мастацкі музэй Бялыніцкага —Бірулі?

— А, тады ён мастак.

Наступны суразмоўнік мужчына сярэдняга веку ганарыцца, што жыве на вуліцы Бялыніцкага-Бірулі. На пытаньне хто ж ён такі, адказвае:

— Гэта беларускі пісьменьнік наколькі я памятую

— Што ж ён напісаў?

— Вось на гэта адказаць я не магу нічога.

Меркаваньне пра тое, што Бялыніцкі-Біруля — быў беларускім пісьменьнікам падтрымалі амаль ўсе да каго зьвярнуўся на вуліцы названай у яго гонар. Праўда ніводзін з апытаных не згадаў, якія творы напісаў «літаратар Бялыніцкі-Біруля»...

Паказаць камэнтары

XS
SM
MD
LG