Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Да Васіля Парфянкова зноў не прапускаюць лісты сяброў


Васіль Парфянкоў

Васіль Парфянкоў

Гэтак мяркуе актывістка Вольга Мікалайчык, якая рэгулярна ліставалася з палітвязьнем Васілём Парфянковым.

Два тыдні таму Вольга Мікалайчык прыяжджала ў калёнію ў Горках, дзе трымаюць Парфянкова. Сустрэцца ёй з Васілём Парфянковым не дазволілі, перадачу для яго не прынялі. З таго часу Вольга накіравала Парфянкову некалькі лістоў і днямі атрымала ад яго ліст, з якога вынікае, што яе лісты і пасланьні іншых сяброў-адзінадумцаў да Парфянкова не даходзяць.

«Не пусьцілі да яго і перадачу не прынялі. Як вярнулася з той паездкі ў калёнію, адправіла Васілю два ці тры лісты: з часопісамі, з газэтамі, з пустымі паштоўкамі, як ён просіць. І вось прыйшоў ад яго ліст, ў якім ён піша, чаму маўчым, чаму яму нічога ня пішам. То бак ніякіх нашых лістоў ён не атрымлівае і нават ня ведае, што да яго прыяжджалі».

Васіль Парфянкоў у калёніі ў Горках некалькі разоў быў пакараны карцэрам, і доўга знаходзіцца не ў атрадзе, як большасьць вязьняў, а ў ПКТ — памяшканьні камэрнага тыпу, прызначаным для парушальнікаў рэжыму. Парфянкоў мусіць вызваліцца сёлета ў сьнежні. Былы палітвязень быў пакараны годам калёніі строгага рэжыму нібыта за парушэньне правілаў прэвэнтыўнага нагляду, які за ім усталявалі пасьля затрыманьняў на акцыях салідарнасьці з удзельнікамі Плошчы 2010.

Васіль Парфянкоў — адзіны з былых палітвязьняў Плошчы, які пасьля вызваленьня ў 2011 годзе зноў аказаўся ў зьняволеньні паводле палітычных, як лічаць праваабаронцы, прычын.

XS
SM
MD
LG