Лінкі ўнівэрсальнага доступу

Расейцы баяцца, што Беларусь завозіць канадзкае мяса


Belarus - not so merry pictures prices meat food, 12June2014

Belarus - not so merry pictures prices meat food, 12June2014

Расейскі «Россельхознадзор» незадаволены, што Беларусь адмаўляецца ад сумеснага кантролю на зьнешняй мяжы Мытнага саюзу. А таксама рээкспартам забароненай прадукцыі ў Расею.

Гэтае пытаньне расейскі бок хоча разгледзець на ўзроўні Эўразійскай эканамічнай камісіі, паведаміў кіраўнік «Россельхознадзора» Сяргей Данкверт.

Ён апавёў, што ва Эўразійскую эканамічную камісію накіравана падрабязная інфармацыя пра рээскпарт празь Беларусь забароненай у Расеі прадукцыі.

«Прыкладаў таго, што пад выглядам беларускіх да нас спрабавалі завезьці польскую, гішпанскую і галяндзкую гародніну і садавіну, дастаткова. Гэта пацьвярджаюць і нашы відэаматэрыялы. Гэтыя пастаўкі ня толькі парушаюць забарону, але і могуць выклікаць распаўсюджваньне небясьпечных хвароб расьлін», — сказаў Данкверт.

Паводле Данкверта, шмат пытаньняў да беларускага боку і па вэтэрынарыі, па пастаўках мясной прадукцыі. Аднак беларускі дэпартамэнт вэтэрынарыі і харчовага нагляду «ў сытуацыі, якая склалася», адмовіўся ад сумеснага выбарачнага кантролю ў пунктах пропуску на мяжы Беларусі.

«Мы маем права праводзіць сумесны кантроль. Мяжа ж не прыватызаваная», — сказаў Інтэрфаксу Данкверт.

Гэтая адмова закранае і праверку гатовай прадукцыі, якая ўвозіцца зь Беларусі.

Мы маем права праводзіць сумесны кантроль. Мяжа ж не прыватызаваная

«Яны, відавочна, разумеюць, што такія праверкі пакажуць, што гэтая прадукцыя выраблена з канадзкага мяса, і зусім відавочна, што мы знойдзем у ёй сьляды рактапаміну (стымулятара росту мышачнай тканкі, які ў РФ забаронены)», — заявіў кіраўнік «Россельхознадзора».

Акрамя таго, у «Россельхознадзор» паступаюць звароты ад рыбных кампаній з просьбай зьвярнуць увагу на рэзкі рост імпарту рыбы ў Беларусь. Гаворка ідзе пра аб’ёмы, якія ня ў сілах перапрацаваць беларускія прадпрыемствы.

Паводле Данкверта, «Россельхознадзор» і Мінсельгасхарч Беларусі плянуюць 1 кастрычніка правесьці ў Маскве перамовы па гандлі прадукцыяй жывёлагадоўлі.

Расейскі бок тлумачыць неабходнасьць такіх перамоваў тым, што ў беларускім мясе і малацэ выяўлены шкодныя рэчывы. Гэта можа прывесьці да забароны на пастаўку прадукцыі зь Беларусі ў Расею.

XS
SM
MD
LG